Выбрать главу

— Я збіраўся і Алесю зрабіць варыяляцыю. Калі-небудзь... — ціха прагаварыў Бутрым, нібы пачуў думкі Пранціша. — Не мог наважыцца. З табою вось. Змог.

Чорны Доктар пазбягаў глядзець на Вырвіча.

— Я разумею тваё абурэнне.

Трэба ж, амаль што просьба аб прабачэнні ад Лёдніка.

— Тады, у войску, я не вагаўся. Як не вагаюся падчас любых аперацый. Трэба — адпілоўваеш нагу. Трэба — трахеатамію робіш. Гэта ж неабходнасць, а не эксперыменты дзеля цікавасці. Памятаеш, у Францыі я адмовіўся рабіць аперацыі на мозгу?

Пранціш хмыкнуў. Яшчэ б не памятаць. Тады доктара завабіла Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, дзе ў сутарэннях прабівалі галовы жывым людзям, каб у мазгах пакорпацца.

— Але дзе мяжа паміж калечаннем — і прымусовым лячэннем? — Лёднік правёў доўгімі пальцамі па шурпатай шэрай сцяне. — Ведаеш, пасля таго, як пабываў у горадзе Пацучынага Караля. Я задумаўся. Ён жа, фон Рутгер гэты няшчасны, меў рацыю. Мы з ім сапраўды робім адну справу. Я марыў, каб усіх людзей прышчапляць ад страшных хваробаў. Хочуць не хочуць. Яшчэ б мыцца ўсіх прымушаць рэгулярна, насуперак забабонам. Пакоі праветрываць. Здаралася, я ў Вільні са злосці ў дамах пацыентаў шыбы разбіваў — такую задуху ўтваралі, абы холаду не напусціць, дровы зберагчы, што аж млелі з дзецьмі разам. А каб лягчэй дыхалася — пахучыя зёлкі паляць. І штось тлумачыць бескарысна. Так, у фон Рутгера рэчыва для варыяляцыі недасканалае, згубнае. А калі б удасканаліць? Каб памірала не палова пацыентаў, а адзін са ста, ці тысячы? Той адзін, што памрэ, будзе на сумленні доктара, таму што той прышчапіў яму хваробу гвалтам?

— Зразумела. — амаль злосна буркатнуў Пранціш. Бутрым уздыхнуў.

— А калі ўсё рабіць паводле згоды пацыентаў, і палова з іх ці болей пачне адмаўляцца ад прышчэпак. І гэтыя, непрышчэпленыя, памруць. Яны — на чыім сумленні, пан суддзя менскі? Зноў — таго ж доктара? Які не прымусіў, не настаяў на сваім?

Ну зноў філасофію развёў. Вырвіч раздражнёна шукаў разумных слоў. Але Лёднік сам з’ясаваў:

— Няма адзіна правільнага адказу, Вырвіч. Гэта табе наш сябар Саламон Маймон добра патлумачыў бы. Пра непаўнату свядомасці і мяжы спазнання, да якой можна набліжацца вечна, і ніколі не наблізіцца.

За спінай пачуўся стогн, і Лёднік кінуўся да ложка, накрытага аўчынамі.

— Ты як, сынок?

Алесь, аднак, не адказаў, а знайшоў вачыма Пранціша:

— Пан Вырвіч, тут ёсць люстэрка?

Пранціш не стаў сыпаць жарцікамі. Ён разумеў, чаму Аляксандр, пераадольваючы няёмкасць, звярнуўся да яго з такой, здавалася б, дзіўнай і «нямужнай» просьбай. Колькі разоў даводзілася бачыць, што воспа можа зрабіць з абліччам чалавека. Не твар, бывае — а ўзаранае поле. А хлапцу яшчэ жыць. За каханне змагацца.

Люстэрка ў дамку мелася — нейкім дзівам. У жоўтай масянжовай аправе, з доўгай ручкай, упрыгожанай выгравіраванымі кветкамі ўюнка. Можа, пакінула дзяўчына, што прыбягала на рамантычнае спатканне з пастухом — ці кантрабандыстам. За востры край аправы зачапіўся доўгі белы волас, які Вырвіч паспешліва вышмаргнуў.

Алесь паварочваў шкельца то так, то гэтак, нарэшце выдыхнуў з палёгкай. Можа, дзякуючы майстэрству старэйшага Лёдніка, можа, таму, што ўсё-ткі гэта была саслабленая зараза — воспіны ўтварыліся толькі ля левай скроні. Ужо і корачкі прысохлі. Адваляцца — не прыкмеціш.

— Можна смела ехаць за акіян да нявесты, — падбадзёрыў Вырвіч.

Абодва Лёднікі нахмурыліся. Матрыманіяльныя планы малой Агалінскай

Алесь успрымаў ледзь не з жахам, а ягоны бацька — з прыкрасцю. Досыць Агалінскія ды Багінскія з іхняй сям’і паздзекаваліся.

Хаця рудую князёўну, няхай услых і не прызнаваліся, успаміналі з сумам. Як сонейка. Шкадлівае такое, пякучае сонейка, але ж святлей ад яго было! У цяжкую хвілю свісне над вухам, ды ўсміхнецца шчарбата.

Між тым у дзверы пастукалі. Дабраўся носіч Юрай.

Хударлявы славак у аб’ёмістым кажуху, са светлымі шляхецкімі вусамі і чыстымі блакітнымі вачыма ў сетцы дробных зморшчынак на загарэлым абветраным твары няспешна выкладаў на стол у сенцах прыпасы. Носіча раней яны ў хату не пушчалі: і каб не заразіўся, і каб не пабачыў, што на ложку — хворы. Але мог і здагадацца: вось і зараз дастае з вялізнай заплечнай скураной сумкі на драўляных распорках замоўленыя Бутрымам сухія зёлкі ды аптэкарскія рэчывы.

— Як там у вас унізе, спадар Юрай? — весела ўсміхнуўся Вырвіч. — Ці ўсё ціха, ці не замяло паселішча?