Пранціш размаўляў з носічам на беларускай мове — той амаль усё разумеў, як і Вырвіч лаканічныя славацкія фразы.
Вельмі лаканічныя.
Каб Юрай жыў у антычнасці, неадменна быў бы са спартанцаў.
— Глядалі дэзерціра.
Ага, значыць, шукаюць дэзерціраў.
— Хто?
— Ваяцы.
Юрай беражліва разгортваў анучу, у якой бялеў сыр — «ашцепкі», з авечага малака. Смакоцце.
— Ваяцы? Жаўнеры, значыць. Чые? Што робяць? Схапілі каго?
Блакітныя вочы носіча гляделі ўсё гэтак жа адсланёна. У тых вачах былі
неба, горы, лес, смерць на кожнай крутой сцежцы, снег, камяні. Што ім — да людскіх звадаў?
— Кралёўскія. Задржаніе. Два завесілі.
Каб яму за словы і па цэхіну плацілі, не разбагацеў бы. Карціна вымалёўвалася страшная. Каралеўскія жаўнеры арыштоўваюць усіх, а двух небарак павесілі.
Пранціш трывожна зыркнуў на збялелага Бутрыма. Трэба было яшчэ далей ад’ехацца. Гэтыя землі зусім нядаўна належалі Польшчы — Венгрыя за нявыплату крэдытаў на вайну яшчэ тры стагоддзі таму аддала іх палякам. Але як Польшу падзялілі, дык і Татры славацкія адышлі Венгрыі, то бок — сталіся часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. А там зараз самая вайна, навабранцаў трэба, гарматнае мяса. А вярбоўшчыкі ніколі не саромяцца. Вунь колькі год таму ў Вялікім Княстве Літоўскім быў працэс супраць полацкага шляхцюка Жабы, які расейскіх уцекачоў прадаваў у прускае войска.
— Сюды дабяруцца?
Носіч няспешна закінуў апусцелую сумку за плечы, надзеў вастраверхую лямцавую шапку. З-пад вората кажуха паказваўся вышыты яркімі кветкамі каўнер кашулі. Значыць, ёсць каму вышываць і чакаць гэтага дзівака з-пад аблокаў.
— Могуць.
Перахрысціўся, прыслухаўся.
— Не пайдзе ваяцы. Лавіна.
— Што яшчэ за лавіна?
Носіч шматзначна тыцнуў пальцам уверх, дзе над хацінкай навісалі вершаліны гор, кінуў сваё «З Богам!» і пайшоў роўнай упэўненай хадой туды, дзе, як на далані, маленькія акуратныя дамкі. Аж хочацца паперастаўляць іх, далікатна беручы пальцамі за чырвоныя чарапічныя дахі. Хіба можна паверыць, што там зараз кагосьці забіваюць, а хтось крычыць-заходзіцца плачам?
— Што значыць «лавіна», Бутрым? — трывожна перапытаў Пранціш.
— Лепш бы нам ніколі таго не даведацца, Вырвіч.
Лёднік акуратна раскладаў па збаночках зёлкі, але тонкія фанабэрыстыя вусны ягоныя былі трывожна падціснуты.
Потым абодва выйшлі на двор. Доўга ўглядаліся ў неба, такое сіняе, быццам хтось валошкамі яго забрукаваў. Белыя вершаліны гор зіхацелі над хвоямі, як дзівосныя палацы. Ціха. Ад цішыні здаецца, што марознае паветра пазвоньвае. Пахне дымам, што выцягнуўся над дахам іхняга прытулку — быццам вялізная белая лісіца спрабавала залезці праз трубу, ды засела, толькі доўгі хвост угары матляецца.
— Дом вытрывае, калі што, — прасіпеў сабе пад нос Лёднік. — Не першы раз, думаю. Дый не сталі б будаваць у небяспечным месцы.
Пранціш яшчэ раз агледзеў такое спакойнае наваколле. Гэтак непрыемна шчыміла пад лыжачкай перад тым, як іх атрад пад Слонімам нечакана атакаваў раз’езд казакаў. Лёднік перахрысціўся:
— Пайшлі. Маліцца будзем.
Вырвіч пастараўся выкінуць невядомую небяспеку з галавы. Тым больш Алесь ачуньваў, можна было за кубкам гарачай яблычна-хваёвай гарбаты абмеркаваць планы.
Бутрым штосьці падлічваў, крэмзаючы ў кішэнным каляндарыку.
— Мы едзем праз Кракаў. У Ягелонскім універсітэце мяне павінна чакаць пасланне. А калі пашанцуе, і выберамся адсюль хаця б праз тыдзень — дык і з Жанам перастрэнемся.
Вырвіч нахмурыўся: што за навіны? Аказваецца, у Чорнага Доктара была дамоўленасць з сябрам і паплечнікам па гарадзенскай медычнай акадэміі Жанам Жыліберам — паспеў з ім спісацца да ад’езду ў Італію — каб падтрымліваць сувязь з Саламеяй. Француз збіраўся з канца кастрычніка да Калядаў быць у Кракаўскім універсітэце — там медычная кафедра, толькі зусім нядошлая, з адным прафесарам. Яго вялікасць Станіслаў Панятоўскі выказаў жаданне, каб і ў знакамітым Ягелонскім універсітэце медычнае навучанне падняць, так што Жыліберу загадана адправіцца на кансультацыю.
— Трэба пастарацца сустрэцца. Жан — чалавек суровы, але сумленны, справядлівасць любіць, — разважаў Баўтрамей, нервова ходзячы па пакоі.
— Яна жывая, праўда? — голас Алеся гучаў ціха і хрыпла.
— Гасподзь абароніць яе, сынок.
Абодвум не трэба было называць імя той, пра каго перажывалі. Лёднік паціснуў плячо сына і здушыў уздых. Вось жа далася вучоная панна ў знакі ім усім. Пранціш аніяк не мог даўмецца, чаму абодва да той штыкеціны прысохлі? Ну, Лёдніка, застаецца спадзявацца, адметныя разумовыя здольнасці панны цікавяць. А Алесю — нашто старэйшая ды вышэйшая?