Хаця вунь, паненка Ізабэла Флемінг з Чартарыйскіх, дык увогуле воспай у пятнаццаць гадоў перахварэла. Твар у ямінах, адно вока выцекла. На шкляное замянілі, ды яшчэ і кульгавая. А шустрая, як матавіла! І першай прыгажуняй пры каралеўскім двары лічыцца. Мужу маладому з Панятоўскім здраджвае, да былога расейскага пасла Рапніна ў ложак залезла і тым усіх Чартарыйскіх ад няміласці, а то і высылкі ў Сібір уратавала. Аднавокая Афрадыта!
Раптам увушшу пачало закладаць. Нібыта паветра згусцілася. І падлога пад нагамі — не загайдалася, затрымцела, бы нацягнутая струна.
Увогуле, здаецца, усё затрымцела.
Пранціш пракаўтнуў сліну, каб адклала вушы, і запытальна глянуў на Чорнага Доктара: ці ён што заўважыў?
Заўважыў. Хуценька збегаў да дзвярэй, праверыў, ці добра зачыненыя, вярнуўся, укленчыў ля ложка сына, вусны заварушылся ў словах малітвы. Алесь прыўзняўся:
— Тата, што адбываецца?
І тут трымценне перарасло ў шум. Цяпер Вырвіч мог уявіць пакуты цеста, якое раскатваюць на тонкі блінец. Гэтак жа накрыла нечым цяжкім і бязлітасным людзей у дамку на схіле чужой гары. Пранціш мог параўнаць тое, што адбывалася, хіба са штормам, у які яны трапілі шмат гадоў таму на шхуне «Святая Брыгіта» па дарозе ў Ангельшчыну. Казюркі ў віры.
Напачатку асобныя цяжкія ўдары па даху, быццам волаты забаўляліся, шпурляючы каменне. Затым — трэск за акном. Потым увогуле нельга было нічога разабраць, бо стала цёмна, а ўвесь іхні прытулак скалануўся.
Шум паступова сціхаў, вось і зусім знік. І ад цішы зазвінела ўвушшу.
— Гэта і была лавіна? — аблізнуў перасохлыя вусны Вырвіч, які сам не заўважыў, як апынуўся на падлозе.
— Яна. — хрыпла адказаў доктар. — Цяпер трэба праверыць, наколькі ўсё кепска.
Таму што ў хаце па-ранейшаму і ўласны палец не разгледзіш. Акно нібыта знікла. Толькі тонкі чырвоны пасак — шчыліна ў дзверцы печкі, не дае ўявіць сябе ў пекле. А можа, якраз наадварот.
Снег. Іх пахавала пад снегам! Пранціш ледзь здушыў паніку. Урэшце, ён у падземным возеры пад Туравам пабываў у жалезным зміі, падводным караблі. Толькі адна здрадлівая думка — не ўдасца пабачыць Дамініку ў венецыянскай карункавай сукенцы, што ляжыць непадалёк у куфры.
— Мы памром. Гэта ўсё з-за мяне. — здушана прамовіў Алесь.
— Не кажы глупства, сын, ты ў сваёй хваробе не вінаваты.
Бутрым, мяркуючы па гуках, мацаў шыбу.
— Пан-бацька, ты мусіш уведаць, перад тым, як мы загінем. Той пярсцёнак з надпісам «Ад Лёдніка». Гэта не падробка. Гэта я падарыў панне Брастоўскай.
Голас малодшага Лёдніка ў цемры гучаў зусім глуха.
— Цішком падкінуў у дзень яе анёла, як быў на вакацыях. А яна падумала, гэта ад цябе. Таму берагла ды на цябе паглядала. Я не прызнаваўся. І Брастоўскаму не прызнаўся. Я ўзненавідзеў цябе. Хацеў, каб цябе пакаралі. А цяпер мы памром — і на мне гэтая віна.
Вось табе на! А Вырвіч, шчыра кажучы, увесь час меркаваў, што доктар зрабіў прэзент улюбёнай асістэнтцы. Падумаеш — срэбнае ўпрыгожванне, «mea pulchra domina». Ва ўсіх свае слабасці.
— Ціха, ціха, сыне. — голас доктар трохі дрыжэў. — Я даўно здагадаўся. Але на краі, у цемры можна шмат нагаварыць, пра што будзеш пасля шкадаваць, калі выберамся.
Няўжо выберуцца? Хаця цемра за акном, здаецца, не была беспрасветнай. Так, абрысы прадметаў можна распазнаць. Пранціш схамянуўся, адагнаў нявартую шляхціца разгубленасць, і далучыўся да Бутрыма, які абследаваў дом. Дзверы не адчыняліся, як ні пхалі ўдвох.
— Заваліла. — прабуркатаў Чорны Доктар.
Найбольш цешыла, што агонь у печцы не згас, і дым не пайшоў у хату.
Парадавала іншае акенца, у сенцах, якое знаходзілася на процілеглым баку дома. Праз снег прабівалася святло, асабліва ўверсе, нібыта пад канец лавіны нацярушылася залатых сняжынак. Пакуль Лёднік думаў ды вылічваў, Пранціш з усяе шляхецкай моцы тузануў раму. У дом насыпаўся сумёт, але паказалася неба! Няхай шызаватае, у аблоках, быццам у брудных павязках — Вырвіч нічога больш прыўкраснага ў жыцці не бачыў!
Бутрым з палёгкай патлумачыў, што лавіна відавочна прайшла бокам. Праз акенца паўзверх снегу можна было разгледзець цёмныя камлі соснаў, суровых вояў, якія ў чарговы раз выстаялі, вытрывалі сцюдзёнае нашэсце.
Але вылезці аніяк не выпадала: акенца было не больш, чым у дзве далані, дый засыпанае амаль даверху. Застаецца чакаць. І далечваць Алеся. Які так і пнуўся ўстаць на ногі. І нават, гледзячы ў падлогу, папрасіў бацьку навучыць адмысловай гімнастыцы, якая спрыяе аздараўленню. У вочы Бутрыму ён цяпер намагаўся не глядзець.