Выбрать главу

Але аднойчы — давялося.

— З днём народзінаў, сыне...

Доктар працягваў Алесю нейкую кніжку.

І праўда — хлапцу ўжо сямнаццаць гадоў! Вырвіч мімаволі пачуўся такім. старым.

Алесь разгарнуў падарунак.

— «Малая падарожная кніжыца». З друкарні Францішка Скарыны. Пан-бацька, гэта ж і ёсць таксама. шафар?

— Так, Алесь, голас Божы. Знайшоў у Венецыі, у кніжнай крамцы. Нашага палачаніна друк. Хай хоць гэта табе — на памяць. Вельмі прашу — хай гэтая кніга заўсёды з табой будзе. Абяцаеш? Там радзівілаўскія бразготкі ў куфры, выберы сабе пярсцёнак які ці ланцуг, я ў гэтым не кемлю. Аграніць камень магу, змусіць змяніць колер — магу, насалоды ад знізаных пярсцёнкамі пальцаў — зразумець не магу.

— Дзякуй, пан-бацька.

Алесь пагладзіў патрэсканую скуру томіка ін-кварта, старонкі якога пакарабаціліся так, быццам іх гвалтам спынілі ў час уцёкаў з-пад вокладкі. Твар хлапца ў водсвеце агню, які сярдзіта варушыўся ў печцы, здаваўся старэйшым, і таму быў надзвычай падобны да бацькавага. Ну хіба нос трохі менш дзюбаты, а вочы не такія суворыя.

— Ты дастаткова падарыў мне.

Алесь уздыхнуў перарывіста, быццам страшэнна хваляваўся.

— Кажуць, малое дзіця нічога не памятае. А я вось. Памятаю, як нехта носіць мяне на плячах, вакол — бліскучыя трубы. У самую вялікую мне даюць паглядзець. У чарнаце ззяюць кропкі. Нехта кажа — гэта зоры. А я пытаюся, ці нельга іх дастаць. Потым памятаю, як — тану. Халодная вада, смярдзючая, цяжкая, заліваецца ў рот, у вушы. І страшна крычыць нехта побач — не чалавек. Коні. І мне так шкада — не сябе, а гэтых коней...

Потым памятаю — мяне нясе на руках жанчына ў белым каптуры, адпускае, і я бягу да высокага чорнага чалавека, аголенага па пояс. Ён хапае мяне на рукі, прыціскае да сябе. Мне так добра. Спакойна. У мужчыны на плячах кроў. А ён гаворыць — «Называй мяне тата».

Трэба ж... Так і было. Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, таемна бачыўся з малым сынам, насіў яго на астранамічную вежу. Потым Алесь ледзь не патануў у карэце, якая трапіла ў дрыгву, яго выратаваў дзядзька, пан Агалінскі. І вырашыў разам з жонкай — абвесціць, што дзіця загінула, і аддаць сапраўднаму бацьку. Праўда, перад гэтым Лёднік за свой грэх атрымаў ад пана Агалінскага пугай па спіне. Што ж, па законе яго маглі і смерцю пакараць.

— Ты многа мне даў... — паўтарыў Алесь. Чорны Доктар уздыхнуў.

— Толькі шчаслівага кахання я падарыць табе не магу, сыне. Прабач. За яго кожны плаціць сам. Часам занадта дорага. А часам і дарэмна.

Вырвіч адчуў, што трэба ўмяшацца ў сентыментальную размову.

— Аднойчы я рыхтаваўся аддаць жыццё за тое, каб мая каханая была шчаслівая. Не са мною. З іншым, каго выбрала. Горкі мёд гэта, Алесь. Але бедны той, хто яго не прыгубіў.

Малодшы Лёднік, зразумеўшы намёк, панурыўся.

А Вырвіч з сумнай усмешкай успамінаў пачутую ў карчме мясцовую казку. Пра ведзьму, якую адважны славацкі каваль перакаваў на жалезную свінню, а тады абляцеў на ёй цэлы свет. У Пранціша пад бокам, на погляд аўтараў такіх казак, дакладна меліся ажно два ведзьмакі, стары і малады, якія маглі на адлегласці жалезныя прадметы рухаць і пацукамі кіраваць. Вось толькі перанесці ні сябе, ні паплечніка нікуды з замеценай снегам хаты не маглі.

Шорг. Шорг. Стук.

За дзвярыма нехта важдаўся. Мядзедзь? Вупыр? Каралеўскія жаўнеры?

На крыкі адказам было маўчанне і размеранае шорганне.

Калі ў дзверы нарэшце выразна пагрукалі, Пранціш па знаку Бутрыма вызваліў клямку.

Адчыняецца! У госця ўтаропіліся чорныя зрэнкі трох пісталетаў.

Праўда, адразу ж рулі апусціліся. Носіч Юрай, узброены рыдлёўкай, паглядаў з парога ўсё гэтак жа празрыста-адсланёна, толькі расчырванеўся больш, чым звычайна, ды снежныя камякі павіслі на светлых вусах і поўсці кажуха.

— Добры дэн! Агой!

За спінай Юрая бачыліся іншыя постаці ў кажухах і шапках, з фізіяноміямі не самымі прыветнымі. Ну так, адзін носіч за якую гадзіну не раскідаў бы такую гурбу.

А хутка высветлілася і падстава дабрачыннасці. Унізе лютавалі аўстрыйска-венгерскія войскі. Некалькім месцічам спатрэбілася тэрмінова схавацца — а дзе лепей, чым у гарах? Гэтак жа праўдзівы беларус як што, бяжыць у пушчу ці шукае выспу на балоце.

Што ж, хоць Алесь яшчэ слабы — трэба выпраўляцца ў Кракаў, вызваляць хованку для законных уладальнікаў.

На развітанне носіч Юрай пакруціў пальцам перад носам малодшага Лёдніка:

— Бацьку свайго слухай! Дзевак шмат, а бацька — адзін!

Алесь насупіўся. З чаго б такія павучанні?

Шчасце, што гасцям прадалі павозку пад скураным навесам, на палазах, і вярнулі іх коней, удала прыхаваных месцічамі ад вайскоўцаў. Вайна — як саранча, забірае не толькі людзей.