А яшчэ ў кішэнях Пранціша прыемна булькатала біклажка, напоўненая самай лепшай баравічкай, настойкай ядлоўцавай.
У Кракаве тая біклажка была ўжо абуральна пустой. А напоўніць не выпадала: Лёднік гнаў сваю банду, мінаючы ўсе карчомкі, да камяніцы ля самых Лазенак, дзе кватараваў вучоны прафесар Жан Жылібер. Надта баяўся размінуцца. Дый дзень зрабіўся кароткі, як заечы хвост.
Вырвіч пакорліва цярпеў Бутрымавы загады, бо цудоўна памятаў сваё няслаўе, спазнанае ў Кракаве, калі прайграў сябра ў карты. Таму намагаўся не прыліпаць тужлівым поглядам да карчомак, якіх тут было ледзь не ў кожным доме. Не хапала яшчэ нарвацца на Міхаську Міцкевіча, ён жа кляты граф Лудус. З паскудніка станецца забойцаў падаслаць ці яшчэ якую гадасць утварыць.
У небе разліваўся атрамант. Сняжынкі, машката забыцця, драпежна кружлялі, прымерваючыся, чый след сцерці, зацярушыць. Быццам бы не ўсе сляды і без іх старанняў сцяруцца і зацярушацца рана ці позна. Да двухпавярховай камяніцы, што тулілася падазрона наводдаль людных вуліц і пляцаў, і кволай сцяжынкі па снезе не праклалі. Толькі таполі па-жабрацку цягнулі да вокнаў худое голле. Але ці там жыве прафесар Жылібер, можна было не пытацца. Яшчэ здаля падарожныя пабачылі слуп чорнага дыму, які не бывае ад звычайных дроваў, і пачулі жаласны звон пабітага шкла.
Дзіва, але ніхто ў наваколлі не праяўляў цікавасці да шуму-дыму, толькі самотны сабака нервова і тонка брахаў, нібыта не злуючыся, а жалячыся: «Ну колькі можна, панове?» Нейкі мужык у шапцы-аблавушцы як ішоў сабе замеценай вулкай, так і ішоў, нат не азірнуўся на злавесны будынак, у якім амаль не заставалася цэлых вокнаў. Пабітыя былі застаўленыя знутры дошкамі, ад чаго дом нагадваў шляхцюка, што прайграў у карты сваю багатую вопратку, прадмет за прадметам, тут жа няўважна замяняючы іх чужымі лахманамі.
Дым струменіў з акна на першым паверсе, нібы зняволены стыхійны дух імкнуўся вызваліцца.
Высокі хударлявы прыслужнік з абліччам ваяра моўчкі правёў гасцей. У зале бязладзіца: абадраныя тканыя залацістыя шпалеры, рэшткі дыхтоўнай мэблі і адзенне, развешанае проста на цвіках, убітых у сцяну. І кнігі, што грувасціліся папяровымі гарамі.
— Вечар добры, Жан. Доследамі з салетрай забаўляешся?
Лёднік прывітаўся без асаблівых цырымоній, якія рэспубліканец Жылібер не любіў.
Француз, усё такі ж рухавы і ўпарты, ніжэй за Лёдніка на галаву, спакойна кіўнуў, нібы доктар толькі ўчора вечарам з ім каву піў. Рукавы кашулі, калісьці белай, а цяпер у пісягах сажы, падкасаныя, і самі рукі ў сажы.
— Мінераламі заняўся. У зямлі тут багаццяў незлічона, а як іх выкарыстоўваць — ніхто не падазрае.
Алесь выпадкова закрануў нагой адзін з кніжных стосаў і ўтварыў шаргатлівую лавіну. Томік у пацёртай вокладцы даверліва расхінуў жоўтыя старонкі, падобна вялізнаму матылю. Дзівосныя кветкі перапляталіся на паперы. Літары, вострыя, як дахі гатычных храмаў, утваралі незразумелыя кароткія словы: «гра», «гро», «тра», «тро». Нагадвала таемную замову, уцямную толькі пасвечаным.
Алесь зірнуў на вокладку: «Буквар».
— У Еўі, пад Вільняй, друкавана, праваслаўнымі нашымі братчыкамі, — ацаніў знаходку сына Баўтрамей Лёднік. — Да гэтай кніжыцы ў свеце нават слова «буквар» не існавала. Я па такой чытаць вучыўся. Адкуль яна ў цябе, Жан?
— Ад агню ўратаваў, разам з іншымі цікавосткамі, — Жылібер агледзеў парушаныя шэрагі сваёй бібліятэкі, як вайскаводца ацалелых жаўнераў. — Ледзь пераканаў пільных калегаў, што гэта не блюзнерскія выданні.
Што ж, у любую эпоху заўсёды знойдзецца той, хто друкуе кнігі, той, хто іх паліць, і той, хто іх ратуе.
Дзівосныя кветкі на старонках старога буквара квітнелі ад паважлівых позіркаў чытачоў.
— І як цябе яшчэ не выселілі пасля такой кананады? — Бутрым прыстроіў капялюх на адзін з цвікоў, убітых у сцяну з рэшткамі шпалераў.
— Удалося для доследаў выгодны дом зняць, — прабурчэў Жан, выціраючы спаласнутыя ў мядзянай місе рукі простым ільняным рушніком. — Былыя жыхары памерлі ад воспы, цяперашнія ўладальнікі рады, што хоць хтось пагадзіўся жыць. Якраз добра ты прыехаў, Барталам’ю. Трэба пракансультавацца.
Сябры-паплечнікі нарэшце абняліся, і Жылібер дазволіў сабе выказаць радасць з нагоды прыезду калегі, на што ўжо страціў надзею.
— Пра цябе, Бартлам’ю, чуткі ходзяць проста неверагодныя, — гэта ўжо гутарылі за сціплай вячэрай — сыр, хлеб, салёныя гуркі, гарбата ў кубках ад розных сервізаў. — Большасць лічыць, што цябе павесілі за акрутнае забойства. Той-сёй сцвярджае, што ты збег за акіян, атруціўшы ахову. Ад адной мадам пры двары асабіста чуў версію, што ты — бессмяротны чорны маг, які харчуецца крывёй самых лепшых прыгажунь. Таму паўстаў з магілы і цяпер цэлішся на чарговую ахвяру. Мадам з усяе моцы намякала, што гэтая ахвяра — яна.