Пранціш хмыкнуў, хаця было зусім не весела. Бутрым па-ранейшаму — асуджаны злачынца.
Жылібер трывожна пакруціў галавою.
— Умудраешся ж ты ворагаў нажываць. Мне мае браты па ложы паведамлялі: ажно трое ўплывовых асобаў гатовыя табе горла перарэзаць, толькі аб’явішся ў іхніх уладаннях.
— А што Панятоўскі? — улез з пытаннем Пранціш. Жылібер нахмурыўся:
— Кароль сказаў толькі — «Ад такіх, як доктар Лёднік, стамляешся, быццам ад хады па балоце». Прыдворныя ільсціва пасмяяліся досціпу манарха. А што ён хацеў сказаць — ніхто не дапяў. Разумей, як хочаш. А я ўвогуле не разумею гэтага чалавека. Ягоную дзяржаву распалавінілі, вось — вось трон адбяруць. А ён то ў меланхолію ўпадае, замкнецца і чытае Шэкспіра ды Шэрыдана, то ў гульбу кідаецца — фаварыткі, феерверкі, балет. Тэрэза Радзівіл з пані Сапегай з Любамірскіх ды аднавокай Ізабэлай Флемінг наперабой за ўвагу манарха змагаюцца, з ягонага ложка іх хоць вытрасай, як клапоў. Баляванне падчас чумы. І ніякай спробы супраціву!
Жан заправіў за вуха цёмную пасму, што выбілася з хваста — француз парыкоў і пудры не прызнаваў, ламаў сябе толькі дзеля з’яўлення пры двары.
— Ад мадам Саламеі Лёднік тры лісты — адзін яна мне асабіста перадала, два прыслала ўжо ў Кракаў. І твой ліст ёй пераслаў адсюль.
Бутрым ускінуўся, нават не хаваючы хвалявання.
— Зараз прынясу яе пасланні.
Батанік выйшаў у іншы пакой, там нешта загрукала. Вярнуўся з невялікім куфэркам з залацістай драўніны.
— Давай так, прачытай гэтыя цыдулкі, я распавяду, што ведаю, зладзім кансіліум. Сядайце на банкеткі, кнігі можаце прыбраць з іх на падлогу.
Чорны Доктар, перш чым распакаваць першы канверт, запячатаны зялёным воскам, прыклаў яго да твару. Лёгкая мройнасць слізнула па суворых рысах.
Пранціш змушаны быў прызнаць, што пачуцці да Саламеі, не гледзячы ні на што, у доктара не пажоўклі.
А навіны былі — сарока не настракоча. Адзінае, што супакойвала — пра знікненне нявесты малога Штакельберга ні шоргату, ні віску. Падобна, Штакельбергі і не ведаюць пра гарбуз ад амерыканачкі.
Саламея высветліла, куды хадзіла Праксэда апошнія свае дні. На Бернардынскую, дзе новы палац Радзівілаў. Якраз тады там спынялася пані Тэрэза Радзівіл са Ржавускіх, ейная хросная маці.
Смурод патроху саступаў месца сцюдзёнаму вятрыску, які прасочваўся скрозь пабітыя шыбы.
— Пра ўдзел жонкі нясвіжскага ардыната ў знікненні маёй асістэнткі можна было б меркаваць, калі б Праксэду не аб’явілі мёртвай, — адарваўшыся ад ліста, прамовіў Бутрым.
— Ну так, Ржавускай жа трэба выдаць яе за брата старосты менскага, Якуба, каб таго прызналі дзеяздольным, — пагадзіўся Пранціш.
— Камарады, — нахмурыўся Жылібер, — малодшы брат Юзафа Радзівіла нядаўна абвянчаўся. Нявеста — са Ржавускіх, зусім юная, наколькі я ведаю. Нейкая пабочная лінія роду. Я чуў, як пан Антоній з каралём сердавалі, што кароне цяпер давядзецца вярнуць маладажону частку спадчынных земляў, дзе пан Антоній развярнуў нарыхтоўку лесу.
Па ўсім відаць, пані Тэрэза адшукала замену наравістай хросніцы.
— Хацеў бы я зірнуць на тое вяселле. — прабуркатаў былы суддзя менскі. — Той Якуб, кажуць, слоў не разумее, страшны, як рапуха.
— Вянчання не бачыў, яго ў Нясвіжы, у палацавай капліцы, зладзілі. Але ніякіх асаблівых чутак пра калецтва жаніха не было, — паціснуў плячыма Жылібер. — Людзі любяць перабольшваць чужыя недахопы.
Ну так, таго ж Юзафа Радзівіла, гарбатага старосту, ледзь не ў юрады запісвала менская шляхта. А потым пад цвёрдай рукой пана толькі пакрэхтвала: вочы не зацярусіш гарбуну, кемны. Мусіць, і брата ягонага абылгалі, лічачы неразумным вар’ятам.
Але ў другім лісце Саламеі прыводзіліся нечаканыя факты.
Да вышукаў далучыўся Давыд Ляйбовіч, які, падобна, ачуняў ад раны, а прыгодаў яму не хапіла. У абодвух вызнавальнікаў мелася дастаткова гаваркіх пацыентаў, каб сабраць звесткі. Па ўсім выходзіла, што панна Праксэда сваю апошнюю ноч у Гародні начавала ў доме хроснай. Нават праявіла сваё лекарскае майстэрства — ахмістрыні скулу на шчацэ лячыла. І з’ехала разам з Радзівіліхай. Чаму быў сведкам конюх, у жонкі якога Саламея неяк прымала роды. З’ехала паненка па сваёй волі. Можа, пані пашкадавала падапечную, якая не хацела выходзіць замуж за вар’ята, але не магла і заставацца ў чужой сям’і, дзе сэрца рвалася ад забароненага пачуцця? Вось і схавала дзеўку ў якім кляштары. А можа, проста не захацела дзяліцца з Міхалам Брастоўскім?