Бутрым нецярпліва разадраў трэці канверт.
І ледзь не выпусціў з рук, пачытаўшы.
Увішны Давыд такі напаў на след панны пасля Гародні. Тэрэза Радзівіл кіравалася адтуль у свой замак у Белым Камні, што каля Львова. У статусе сталіцы Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, новай Аўстрыйскай правінцыі, Львоў ператварыўся ў своеасаблівы Вавілон. І Ляйбовіч праехаўся разам са знаёмымі купцамі ў тыя краі. На шчасце, адна акалічнасць спрыяла вышукам — доўгі рост панны Брастоўскай. Дзеўку вышынёй з літоўскую вярсту прыкмячалі ў прыдарожных корчмах, хай бы яна была і захутаная ў радно.
Дабраўшыся да гарадка Белы Камень, Давыд падлабуніўся са сваймі адмысловымі сродкамі для прыгажосці — мазямі, прыціраннямі, бяліламі ды чырваніламі — да адной панечкі, прыслугі пані Тэрэзы. Лішняга нават тая балбатлівая панечка пра сваю ўладарыню не прамовіла. Пані Тэрэза магла загадаць язык адрэзаць ды соллю рот засыпаць любой пакаёўцы. Нат шляхцянцы перапала б пасядзець у яме альбо пакаштаваць бізуноў. Сцвярджаюць, што і забойствы здараліся ў сутарэннях Белакамскага замка. Так што пра высокую вучоную дзеўку, якую пані Радзівілава з Літвы прывезла, панечка гаварыць адмовілася. Але сваім спалохам як бы пацвердзіла.
А вось што змусіла Баўтрамея ледзь не ўпусціць ліст і вылаяцца паслядоўна на лаціне, грэцкай, нямецкай, а можа, і на янохскай мовах. Саламея паведамляла, што больш не можа проста сядзець і чакаць. Нацярпелася ўжо, начакалася, не без старанняў сужонца. Удаве акрутнага забойцы і пералюбніка зычлівыя суседзі зладзілі пекла. Вокны б’юць, браму дзёгцем мажуць. Чуткі самыя паскудныя ходзяць — пра тое, што пакуль муж з прыслугай спаў, ягоная жонка тую прыслугу са свету зжывала. У медычнай акадэміі, на аддзяленні павітух, дзе Саламея выкладала, пачаліся непрыемнасці. Рэнічаўна не распісвала, што менавіта ейная начальніца-францужанка і студэнткі пачалі ёй учыняць, але можна было здагадацца — і ў акадэміі жонка доктара-забойцы не самая паважаная персона. Вярнуцца ў Полацак — трапіць у закладніцы да старосты Адама Брастоўскага, які чакае Чорнага Доктара з рогам святога Георгія. Таму Саламея адправіла малую Сафійку разам са слугой Хвелькам у Капанічы, да Пранцішавай сям’і. А сама рушыла з Давыдам у Львоў, дзе ў Ляйбовіча сваяк-аптэкар. Спадзявалася на цуд — што муж і сын атрымаюць гэты ліст. І паведамляла адрас, дзе будзе іх чакаць. Зразумела, расшукваючы Праксэду. Бо толькі жывая паненка Брастоўская можа апраўдаць іх сям’ю перад светам.
— Я не дапускаў, каб у акадэміі крыўдзілі тваю жонку, павер, Барталам’ю. — пацёр лоб з раннімі зморшчынамі Жылібер. — Вярнуся — разбяруся.
— Позна. — Лёднік змяў ліст у кулаку і хадзіў туды-сюды, як драпежны звер, чорны і худы. — Цяпер неадкладна трэба ў Львоў. Спадзяюся, з Саламеяй за гэты час нічога не здарылася кепскага. Іначай.
Іначай ён не даруе сабе — правільна дадумаў за Лёдніка Пранціш.
— У Лемберку ў нас ёсць браты. Ложа «Трох багінь», адгалінаванне нашай варшаўскай. — Жылібер кінуў востры позірк на гасцей. — Падрабязна распавесці не магу. Паколькі ты, Барталам’ю, увайсці ў наша брацтва чамусь баішся. Але ведаю, ёсць чалавек, які дакладна вам дапаможа, бо служыць у замку пані Тэрэзы Радзівіл. Яе дэспатызм даўно непакоіць адукаваных людзей Галіччыны. Людзі яе ўжо ўспрымаюць як нячыстую сілу ці пакаранне нябёснае. Ходзяць упартыя чуткі, што апантаная.
— Барані божа, ад пані Тэркі, казачага кажуха, саламянага капелюха, вярбовых дроваў. — прамармытаў Пранціш любімае прыслоўе капаніцкага машталера, дзецюка родам з Падолля.
— Таму нашы браты пастараліся, каб і ў яе атачэнні з’явіліся тыя, хто паспрабуе скіроўваць княгіню да спраў дабра. Ці хаця б папярэджваць пра яе планы, — у голасе Жылібера не ставала аптымізму. — Я дам табе, Барталам’ю, ліст да месье Шэнацэра, радніка львоўскага, магістра ложы. Ён непасрэдна мне падпарадкоўваецца. Папрашу дапамагчы ва ўсім. Хай адновіцца справядлівасць.
Пад канец прамовы Жылібер падпусціў пафасу, але сутнасць была ясная: да жонкі самага ўплывовага чалавека княства і фаварыткі караля шпегаў не падаслаць не маглі.
Рэшта дня, а, магчыма, і частка ночы для вучоных паноў і месье ў гэтым доме прайшла ў лабараторыі. Вырвіч папрасіўся ў самую дальнюю спачывальню на другім паверсе, падалей ад смуроду, і з цэлымі шыбамі, і да самай раніцы бачыў у сне, як успаўзае на заснежаную гару. А бачыць у сне горы, як вядома, да жыццёвага поспеху.