А што ў тым сне менскаму суддзі трошкі прымроўся грукат лавіны — дык у той момант, мусіць, апантаныя Лёднікі з Жыліберам зноў штось у лабараторыі падарвалі, у імя навукі, натуральна.
І зусім прызнавацца нікому не выпадае, што ў сне тая лавіна неяк ператварылася ў кола рулеткі. Шарык пагрукваў, коцячыся, і трапляў увесь час менавіта на тую лічбу, якую выбраў Пранціш.
Шкада, ён так і не запомніў тую шчаслівую лічбу. А раптам сон прарочы быў?
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Клетка Белакамскага замка
А хіба ёсць розніца, якога колеру быў камень, у цябе шпурнуты?
Вось які-небудзь старажытны афінянін, што марыў прайсці ў магістрат, кожны белы каменьчык з вазы для галасавання сустракаў шчырай радасцю, бо той азначаў чыюсь падтрымку кандыдату. У адрозненне ад каменьчыка чорнага.
Гэты белы камень, які разлёгся пасярод пляскатай, як стол, раўніны, быў самым важкім пацверджаннем чыёйсьці абранасці.
Магутныя сцены, чатыры кутнія вежы, высокія валы і возера, з якога выпаўзалі цёмныя змеі каналаў і абвівалі ўладанне князёў Ржавускіх. Замак Белы Камень.
— Можа, усё-ткі заедзем, як купцы? — нервова перапытаў Пранціш. — Якія з нас малявальшчыкі фрэсак? Раптам змусяць штось рабіць.
Вырвіч выдатна памятаў, як яны з Лёднікам патрапілі ў пастку, калі ў Капанічах выдалі сябе за вандроўных мастакоў, і сённяшні цесць Пранціша змушаў іх маляваць партрэт дачкі і ейнага тадышняга жанішка князя Гагарына.
— Запэўніваю, што вам нічога не пагражае. Я — капітан Белакамскага гарнізона, камандую аховай. Усім вядома, што пасля пажару трэба аднавіць роспісы ў левым крыле, вам не здзівяцца. Як яшчэ я змагу правесці чужых людзей у дальнія пакоі, дзе трымаюць панну?
Пранціш падазрона скасавурыўся на высокага чалавека з запалымі шэрымі вачыма і трохі пляскатым носам. Чырвоны, падбіты футрам кунтуш на плячах ляжаў, як антычная тога вайскаводцы. І аблічча яго, здавалася б, непрыкметнае, чамусь выклікала трывогу і жаданне абысці спадара за паўвярсты. Бо ўсадзіць нож у спіну і ў твары не зменіцца.
— Небяспека за гэтымі спадарамі ходзіць, як навязаная, пан Грос, — засмучана прамовіла жанчына, не юная, але такая гожая, што змушала ўспомніць антычных багінь. — Упэўненымі ні ў чым, вашамосць, быць нельга, калі тычыцца шаноўнага доктара.
Над мястэчкам, што цямнела непадалёк ад замка, ківалі задзёртымі хвастамі белыя лісы — дымы. Лёднік вінавата ўсміхнуўся і прытуліў да сябе жонку, захутаную ў бабровае футра, абшытае лазуркавай тафтой. У колер яе вачэй. Гэтае футра Бутрым набыў каханай у Львове на падораныя Радзівілам «цацкі» ў першы ж дзень спаткання. Парываўся яшчэ закупіць падарункаў — але як жа... Навошта траціцца, даражэнькі? Пані Саламея ўважала спакой, любасць і розум адзіна важнымі ў свеце, а рэчы. Сёння ёсць, заўтра збуцвелі, на той свет не забярэш. А спакою сужонец ёй якраз падарыць і не мог.
А Пранціш між тым гадаў: што былы езуіт робіць у масонаў? Калі львоўскі пан радца Шэнацэр скіраваў іх да надзейнага чалавека, яны з Лёднікам ніяк не чакалі сустрэчы са старым знаёмцам. Пан Зыгмунд Грос быў колькі год таму прыстаўлены да іх езуітамі, калі Бутрыму і Пранцішу даручылі вывезці за мяжу скарб, здабыты ў менскіх сутарэннях. І апошні раз бачылі суровага Гроса, калі таго арыштоўвалі жаўнеры. Пан Зыгмунд тады не выдаў сваіх спадарожнікаў. І калі праз нейкі час Лёдніка таксама арыштавалі, на спатканні ў вязніцы абодва адзін аднаго не здалі. З другога боку, Зыгмунд спакойна, хоць і з належнай скрухай ледзь не забіў свайго настаўніка, старога Шрэдэра, калі палічыў, што так трэба для найлепшага выканання іх місіі. Грос здаваўся Вырвічу дасканалай зброяй, пазбаўленай літасці і спачування, да канца адданай сваёй справе.
Але што гэта сёння была за справа? Ордэн езуітаў вось ужо тры гады як забаранілі па ўсёй Еўропе, сам Папа Рымскі гэта абвесціў. Так што «воіны Ісуса», як яны сябе называлі, прыстасоўваліся, як маглі.
Падобна, Грос прыстроіўся да масонаў.
Хаця масонаў езуіты не зносілі.
Здаецца.
А можа, увогуле гэта адна кантора?
Ат, з гэтымі таемнымі таварыствамі нічаму верыць не варта. Асабліва таму, што выстаўляюць напаказ. Сёння Зыгмунд Грос — брат ложы Трох багіняў і шпегуе ў замку Тэрэзы Радзівіл, дзе займае пасаду капітана аховы. А можа, ён у масонаў для езуітаў шпегуе? А можа, і для тых, і для другіх стараецца?
— Што, калі пана Лёдніка ў замку пазнаюць? — засумняваўся Давыд. Грос скасавурыўся на аптэкара з ледзь прыхаванай непрыяззю.
— Мы пойдзем, калі ўжо сцямнее. Дый не стануць разглядаць тых, каго я прывёў. Хіба што пан Богуш, але яго ў замку быць не павінна.