Невыразны твар Гроса скрывіўся. Былы езуіт даклаў змоўшчыкам, прычым некалькі разоў, і з рознай ступенню пераканаўчасці, што амарат пані Тэрэзы, былы канфідэнт ейнага мужа пан Ігнацый Богуш ёсць галоўным зладзеем Белага Каменя. Зладзіў выгадную справу з новымі, аўстрыйскімі, уладамі: перапраўляе праз уладанні пані Тэрэзы Радзівіл сотнямі маладых украінскіх сялян для папаўнення аўстрыйскай арміі. Гэтак жа прадаў ладную партыю казакаў, што патрапілі ў палон, калі ўзбунтаваліся супраць зруйнавання Новай Запарожскай Сечы — Кацярына Другая перадала іх землі сербскім пасяленцам. Той-сёй з простых ды бунтоўных сербаў, дарэчы, таксама патрапіў у якасці жывога тавару ў лапы Богуша. І ўцекачы з Расіі былі добрай здабычай. Ды кожны, хто не змог заплаціць падаткі пані, меў шанец патрапіць у жаўнерскія боты. А пані Тэрэзе абы даход.
Наколькі Вырвіч зразумеў, зладзюга Богуш спрабуе зрабіць замкавым капітанам свайго чалавека. Вось Грос і ятрыцца.
— З вашымі ўменнямі з аховай вы справіцеся. Панну пераапранем у мужчынскае, і я выведу вас усіх з замка.
Трэба ж, як лёгка. Голас Гроса гучаў упэўнена, нават будзённа.
А як ён сам, пасля ўцёкаў падапечнай пані Тэрэзы, спадзяецца пазбегнуць падазрэнняў?
— Усё ў волі Божай.
Капітан Белакамскага замка няўважна перахрысціўся, быццам перад сняданкам.
Пранціш Вырвіч зноў утаропіўся ў злавесную цытадэлю. Шчыра кажучы, сярод снягоў яна здавалася хутчэй шэрай і бруднай, чым белай. Па-добраму, для эпічнасці трэба было б сузіраць яе з узвышша.
Але ўзвышша не мелася, эпічнасці не ставала, і чумакі, што везлі на санях прыпасы да княскага стала, ледзь не сагналі нахабных разявакаў з дарогі проста ў сумёты. Але, згледзеўшы зблізу чырвоны кунтуш Гроса, ды шаблі за паясамі ў мужчын, нервова затузалі лейцы, каб аб’ехаць паноў як далей, хоць з рызыкай перакуліцца.
— Яна жывая! — мармытаў Алесь, тужліва і мройна гледзячы на замак. — Астатняе не мае значэння!
— Жывая... — ціха пагадзіўся Бутрым. — У адрозненне ад той няшчаснай цяжарнай жанчыны, чыё цела выдавалі за цела Праксэды. Што? — пералавіў недаўменны позірк сына. — Ты ж ні разу не ўпомніў пра тую кабету. А я не забываю і на хвілю. Дзве бязвінныя душы згінулі. І гэта ўжо не выправіць. І нічым не выкупіць. Ну што ж, пайшлі рыхтавацца да авантуры.
Саламея прыкусіла губу. Але разумела — Бутрыма не адгаворыць. Палачане ішлі моўчкі, плячо да пляча, пальцы рук пераплеценыя, і сняжынкі асцярожліва сядалі на чорныя валасы мужчыны, нібыта каб дадаць ім сівізны.
Пачуцці Пранціша проста крычалі аб небяспецы, і нават трохі біліся ў істэрыцы. Страшэнна не хацелася ісці ў замак, хай бы ён быў складзены і з белых гаючых гаручых Алатыр-камянёў, пупоў зямлі.
Але ён быў складзены з простага светлага ўкраінскага пясчаніка, на якім так добра будзе бачна пралітую кроў.
Надпіс над брамай сведчыў, што замак калісьці пабудаваны князем Георгіем Вішнявецкім і ягонай пачцівай жонкай Тэадорай Чапліцоўнай.
Напэўна, іх вяльможныя мосці Вішнявецкі ды Чапліцоўна не падазравалі, што ў гэтых мурах, акрамя літараў на камянях, ніхто іх не ўспомніць.
Абодва Лёднікі і Пранціш, захутаныя ў ваўняныя грубыя плашчы з капюшонамі і нагружаныя клункамі з інструментамі, ішлі за Гросам. Замак пры маладой гаспадыні зачаста скаланалі шумныя балі, калі госці таўкліся, як камары над лужынай, брыньгала музыка, і за кожнай калонай можна было натрапіць на галантную парачку. Але якраз гэты тыдзень пані Тэрэза з нагоды посту ахвяравала самоце. Як вярнулася ад львоўскага біскупа, так і дэкляравала — відаць, атрымаўшы ад духоўнага айца прачуханца. Таму ў шэрых сценах было нязвыкла ціха. Цёмны калідор асвятляўся толькі кволым агеньчыкам у ліхтары, што трымаў давераны слуга капітана, жаўнер, такі каржакаваты і няўклюдны, нібыта ім калісьці выбівалі дзверы варожага замка. Там-сям стаялі рыцарскія даспехі, і Пранцішу мімаволі здавалася, што яны зараз ажывуць, як аўтаматы Норнбергскага замка.
— Сюды, — адрывіста скамандаваў Грос, і кампанія паслухмяна звярнула за ім на бакавую лесвіцу, засланую дываном. Падобна, яны пераходзілі з памяшканняў для прыслугі ў панскія пакоі... Між тым Саламея згадвала, што Праксэду трымаюць у не самых выгодных пакоях.
— Прашу, вашыямосці!
Святло апякло вочы. У вялікім пакоі з разной драўлянай столлю і такімі ж разьблёнымі калонамі ўздоўж сцен, з галовамі дзікоў, ваўкоў ды мядзведзяў, што лупіліся бліскучымі шклянымі позіркамі з усіх кутоў, і сотнямі свечак у пазалочаных кандэлябрах панны Праксэды не назіралася.