Пані Тэрэза ў раздражненні кульнула келіх віна ледзь не ў кварту. Аддыхалася. Супакоілася.
— Ну, цяпер адкажаш за ўсё. І за маю хросніцу таксама.
— Дазвольце нам з ёй пабачыцца, — раптам ускінуўся Бутрым, падаўшыся наперад і ўтаропіўшыся пранізлівым позіркам у княгіню. На яго плечы зараз жа абрынуліся кулакі прыслугі:
— Не чараваць тут! На яе вяльможную мосць не лупіцца!
Папярэджаныя пра здольнасці Чорнага Доктара. Але пані Тэрэза толькі зарагатала:
— На мяне чарадзейства не дзейнічае. Нават махляр Каліёстра так і не змусіў мяне паверыць, што я хачу аддаць яму дзеля павелічэння камянёў мае каралі. Так што не старайся, доктар.
Баўтрамей тым не менш меў дзёрзкасць працягнуць размову, толькі вочы не паднімаў:
— Вашамосць, ну нашто вам мучыць няшчасную дзяўчыну? Адпусціце яе з намі. Напярэдадні светлага Раства Хрыстова — праявіце літасць. Запэўніваю, Праксэда ніколі не патурбуе вас. Не назавецца сваім імем. Будзе працаваць у шпіталі, займацца справамі міласэрнасці.
— Мая хросніца памерла, — пані Тэрэза адправіла ў рот наколаты на срэбны відэлец грыбочак. Пранціш шчыра пажадаў, каб гэта аказаўся мухамор. — Кожны сам выбірае свой лёс. Выбрала і яна — цябе, доктар. Так пераймалася з-за свайго нешчаслівага пачуцця. Плакалася мне штодзень, дзесяць сукенак маіх слязьмі вымачыла.
Алесь гнеўна зыркнуў на бацьку. Той пачаў, што ў яго з асістэнткай нічога не было, але атрымаў загад маўчаць і есці. Бо так смачна яны, госці някліканыя, але чаканыя, ніколі больш не паядуць.
Вырвіч моўчкі тыцнуў пальцам у талерку з грыбнымі вушкамі, прыслужнік зараз жа наваліў яму цэлы духмяны сумёт. Чым бліжэй небяспека, тым лепей трэба падсілкаваца. Галодны ваяр — слабы ваяр.
Між тым размова за сталом цурчэла, як празрысты ручай над каменным саркафагам, што хавае страшныя таямніцы. Апошнія навіны навукі, мастацтва, свецкага жыцця. Сеансы Месмера, на якіх вылечваюцца з дапамогай жывёльнага магнетызму. Вайна ў амерыканскіх калоніях. У Лондане, кажуць, прыдумалі павозку, якая коціцца па жалезных палосах, ад чаго рухаецца нашмат хутчэй і лягчэй. Доктар быў галантны і ўраўнаважаны, як належыць свецкаму чалавеку. Пранціш падтрымліваў размову згодна этыкету — у яго язык заўсёды падвешаны быў добра. Толькі Алесь, менш спрактыкаваны ў фальшы прыдворнага жыцця, маўчаў, відаць, успамінаючы, як гэтак жа сядзеў за сталом з ашмянскім катам і Пацучыным Каралём. Была і там, і там у спакойнай ветлівай бяседзе невымоўная жудасць.
— Вы, напэўна, чулі пра мяне шмат усялякай лухты, — мімаходзь паведаміла пані, падносячы да вуснаў келіх чырвонага віна. — Быццам бы я камусь галаву адсекла ў сваіх сутарэннях.
— Ну хто ж слухае такую лухту, вашамосць, — ахвотна падхапіў Вырвіч.
— Альбо вось яшчэ чутка... Быццам бы я сваіх ворагаў саджаю ў клетку і трымаю ў сваёй спачывальні, — пані адпіла віна, на яркіх вуснах засталася бліскучая кропля.
Пранціш пачаў быў працягваць галантнае абурэнне ілжывымі плёткамі.
— А між тым гэта чысцюткая праўда, панове! — мройна ўсміхнулася пані Тэрэза. — Пра клетку. Вы наступны, хто там апынецца, пан доктар. Проста гэтай ноччу.
Пранціш заперхаўся, бо кавалак у горле перасеў. Алесь упусціў відэлец. Доктар спакойна пражаваў кавалак шчупака, запіў ліманадам.
— Гэта не самая лепшая ідэя, ваша княская мосць. Немалады мужчына. З усёй непрывабнай фізіялогіяй. У спачывальні высакароднай дамы. Не камільфо.
— Шаноўны пан Лёднік, мне такое задавальненне прыносіць увесьчаснае сузіранне маёй маленькай помсты, што я гатовая сцярпець некаторыя нязручнасці. Я разумею, што раз вы пагрэбавалі маёй кампаніяй у бальнай залі, у больш сціплых умовах вам яна яшчэ больш брыдка... — твар пані на апошніх словах зноў пачаў налівацца чырванню, і задышка з’явілася, нібыта толькі што ўзбегла па лесвіцы. — Але цяпер вы будзеце шчаслівіць мяне сваёй прысутнасцю столькі, колькі я захачу.
У голасе дачкі гетмана чуўся прысвіст, як у раззлаванай змяюкі, а зрэнкі, здавалася, мігцелі, то звужаліся, то пашыраліся. Чорны Доктар пакорліва нахіліў галаву.
— Я зразумеў сваю памылку, вашамосць — неабачліва не адгукнуўся на ваша запрашэнне ў Гародні, не ацаніў высокі гонар, які мне быў аказаны. Але мае спадарожнікі. Яны нічым не абразілі вашумосць. Магчыма, вы міласэрна дазволіце ім з’ехаць? Іх з’яўленне тут — цалкам мая віна і прымус.
Алесь ускінуў галаву відавочна ў жаданні запярэчыць. Але пані нядобра ўсміхнулася:
— У маім замку хопіць пакояў для ўсіх гасцей. А ў бліжэйшыя дні. Магчыма, месяцы. А можа, і гады — хто ведае, наколькі вы акажацеся забаўным хатнім звярком, пан чорны маг? — вы павінны клапаціцца толькі пра свой лёс. А ён будзе залежаць выключна ад майго настрою.