І ўся гэтая брыда гаварылася так спакойненька, пад смакаванне бляманжу — мігдалавага студня, пастукванне срэбных лыжачак, пад няшчырыя, але цалкам свецкія ўсмешкі.
Пані кінула на стол сурвэтку і ўзнялася. Птушачкі на яе парыку, здавалася, заклапочана шчабятнулі. Цяпер было відно, што гетманаўна даволі куртатая, доктару Лёдніку, мусіць, па грудзі. На што паквапіўся Панятоўскі? На шалёны тэмперамент, відаць — млявы Цялок усё жыццё вёўся на гарачых уладных кабетаў.
— Пан Зыгмунд, даражэнькі, вы зразумелі маю волю.
Кляты здраднік ускочыў з-за стала, за якім так і прасядзеў маўклівым слупам, раскланяўся.
— Усё будзе зроблена, вашамосць.
Лёдніка зараз жа павялі ўслед за пані. Пранціша і Алеся ўзяўся суправаджаць сам Грос. Яны пад аховай трох гайдукоў ішлі па доўгіх цёмных калідорах, і Пранціш пакутліва вычэкваў момант, калі можна будзе расправіцца са зладзеем і збегчы. Гэх, зброі ніякай. А можа, Алесь як-небудзь пакліча пацукоў гэтага замка, ды зладзіць яшчэ адно паганае чырванавокае войска? Мусяць жа тут быць пацукі.
Але Грос зноў штурхнуў гасцей на бакавую лесвіцу, што хавалася за кало-
най.
— Хочаце выбрацца? Маўчыце і ідзіце за мной.
Гайдукі абмяняліся з капітанам знакамі і засталіся ў калідоры. Здаецца, Грос не збіраецца весці палоннікаў у казематы? Тыцнуў Алесю запалены алейны ліхтар з жалезнымі дзверкамі, якія маглі закрываць агонь з любога боку, што зручна падчас вайны альбо шпегавання.
— Гэта што, здзяйсняецца нейкі перамудраны план, у які нас не пасвяцілі? — гнеўным шэптам азваўся Вырвіч, калі яны пачалі ўздымацца па закручанай ракавінай лесвіцы, якая вяла невядома куды.
— План быў. Але з вашым шаноўным доктарам ніякія планы не спрацоўваюць, — гэткім жа гнеўным шэптам адказаў пан Зыгмунд, прыпыніўшыся. — Я ніяк не мог прадугледзець, што ён настолькі зачапіў княгіню, што тая захоча пасадзіць яго ў клетку. Апошні раз пані скарыстала яе год таму, на пасланцы ад мужа, які ўздумаў абвінавачваць яе ў распусце. Небараку дасталі праз месяц. Калі ўжо і гаварыць не мог. Вось жа. Гэтай ноччу вас павінны былі ўсіх разам з паннай Праксэдай вызваліць, так, што ўсе сведчанні паказвалі б на ўдзел пана Богуша.
Езуіт-масон ад злосці сплюнуў, нібыта атрутай, і рушыў наперад, не перастаючы ціха буркатаць:
— Мы столькі рыхтаваліся! Ад тае пары, калі шпегі даклалі: жанчына пасялілася ў доме габрэйскага аптэкара ў Львове і распытвае пра замак Белы Камень. Я пераканаў пані Тэрэзу, што тая жанчына з ейным памагатым юдэем — бясшкодныя выведнікі. Трэба дачакацца, пакуль да іх з’явіцца нехта сапраўды небяспечны, і тады я схаплю ўсіх. Амаль змог давесці, што пан Ігнацы па-ранейшаму слугуе Пане Каханку, вядзе падвойную гульню. Сёння кляты Богуш быў бы канчаткова выкрыты як здрайца, і гетманаўна апынулася б зусім пад нашым уплывам. Падпісала б нарэшце пэўныя прывілеі. Каб не ваш доктар.
Між тым лесвіца скончылася невялікай пляцоўкай — падобна, яны знаходзіліся ў адной з кутніх вежаў, калісьці суровай, як стары вой, а зараз прыкрашанай пад гламурныя патрэбы часу. Пан Зыгмунт не адчыніў вузкія дзверы, а абмацаў раму карціны з выявай дзічыны, што ўпрыгожвала левую сцяну. Карціна паслухмяна ссунулася ўбок разам з намаляванымі забітымі зайцам і качкамі. За ёй пачынаўся калідор. Цёмны, як будучыня гасцей Белага Камня, і зусім вузкі, два чалавекі ледзь разыдуцца.
— Цяпер — ні слова. Што б ні пабачылі, не пачулі. Без майго загаду не рабіць нічога. Іначай — усім канец хуткі і бясслаўны. Паны прысягаюць?
Пранціш і Алесь кіўнулі. Што ж заставалася?
Праз колькі хвіль пракрадання на дыбачках па шляхах для дамавікоў ды пацукоў пабачылі святло. Грос жэстам загадаў Алесю прычыніць накрыўкі ліхтара.
Святло ішло з вузенькай гарызантальнай шчыліны даўжынёй у локаць, якраз на вышыні вачэй. Грос асцярожненька дастаў з пазоў жалязяку, якой была прыкрытая шчыліна, і яна зрабілася шырынёй у палец. З таго боку навісалі нейкія зубчыкі, відаць, частка архітэктурнага дэкору. Пранціш хуценька прыстроіўся вокам да дзіркі. Гарыць агонь у каміне з зялёнага рэдкага мармуру, бялее цюлевы балдахін над ложкам, мітусіцца пакаёўка са срэбным збанам у руках. Гэта ж спачывальня пані Тэрэзы са Ржавускіх! Нічогенькі сакрэт! Значыць, усё, што адбывалася ў пакоях уладароў Белага Каменя, стагоддзямі нехта назіраў проста са сцяны. Пранціш падумаў, што цяпер ён ужо не так зайздросціць магнатам ды каралям. Бо напэўна ж сцены ўсіх палацаў свету нагадваюць сыры з дзіркамі альбо паточаныя шашалем бярвенні. Вырвіч ведаў, што першая шлюбная ноч ва ўладароў павінна па звычаі адбывацца пры сведках — каб пацвердзілі кансумацыю. Але гэтак — усё жыццё?