Побач ля шчыліны прыстроіўся Грос, далей, так-сяк, адным вокам, Алесь.
Пакаёўкі, іх было ў памяшканні некалькі, нізка прыселі ў рэверансе. З’явілася пані Тэрэза. Вакол яе адразу ўтварыўся вэрхал. Пад рукі ўсадзілі на казетку, нехта дапамагаў зняць парык, хтосьці расшнуроўваў гарсэт, хтось здымаў чаравікі. На стаўбурку выстраілася цэлая рота бутэлечак і слоічкаў з разнастайнай парфумай, Пранціш пазнаў некалькі ўзораў вытворчасці Давыда Ляйбовіча. Час ад часу гетманаўна пакрыквала і раздавала поўхі. Пранціш з няёмкасцю адвярнуўся, Алесь зрабіў тое самае — непрыстойна ж падглядаць за такім, пакрыёмым.
Не мець ім з дактаровічам кар’еры ў палацах. Там грэблівым і сарамлівым, што згідзяцца трымаць начную вазу манарха і свечку над ложам ягоных любошчаў, не месца.
Грос, натуральна, не зварухнуўся. Але зараз жа і Вырвічу з Алесем давялося вярнуцца да пільнага сузірання: грукат, тупат, лязгат. У спачывальню завалаклі Лёдніка. Ён быў ужо ў адной кашулі і нагавіцах, са звязанымі рукамі. Пані Тэрэза не звярнула ніякай увагі на ягонае з’яўленне ў суправаджэнні гайдукоў, усё роўна што прывялі якога дранага мопса.
А вось і клетку прысунулі.
Па-праўдзе, Пранціш да апошняга верыў, што гэта страхотлівая гісторыйка, пужаць легкаверных.
Але клетка была цалкам рэальная, з тоўстых жалезных палос, у рост чалавека, але вузкая — не сядзеш у ёй. Наверсе важкае кальцо з прапушчаным ланцугом, відаць, каб падымаць вязніцу ў паветра.
Дзверы клеткі адчынілі, увапхнулі туды Чорнага Доктара, папярэдне разадраўшы на грудзях і на спіне кашулю, не хацелася думаць, для чаго. Трывожна збліснулі нагрудны срэбны праваслаўны крыж і медальён, у якім Чорны Доктар захоўваў тры цёмныя пасмачкі валасоў — жонкі, дачкі і сына. Бутрым ледзь макаўкай не ўпіраўся ў верх вязніцы. Вырвіч пачаў прыкідваць, што доктар замкі адчыняе лёгка, выберацца. Але на папярочыне клеткі аказаліся адмысловыя бранзалеты, куды і прыкавалі рукі Лёдніка. Ягоныя «Вашамосць, адумайцеся. Я не лепшая прыкраса пакою пекнай дамы» прывабілі ўвагу не болей, чым шоргат снегу за акном.
Пранціш асцярожна выцер халодны пот з ілба. Вось гэтак пратрымаць вязня хоць суткі — не прысесці таму, рукі не падняць — пакута якая. А пані Тэрэза гаварыла пра дні і месяцы. А каб справіць патрэбу, паесці-папіць — павінны ж выпусціць хоць на хвілю. Ці не?
Ды лепш згінуць у няроўнай бойцы, чым пакінуць Бутрыма вось так!
Між тым гайдукі зніклі. Тое не значыла, быццам яны не з’явяцца па першым загадзе. Увогуле, княгіні дастаткова было працягнуць руку, каб хтосьці выскачыў з цёмнага кута і падаў ёй кубак. Зірне ў бок каміна — хтось ужо бяжыць з другога цёмнага кута падкінуць дровы.
Клетка з Лёднікам стаяла так, каб вязня добра асвятляла полымя каміна, і пані, не ўстаючы з ложка, магла бачыць усе падрабязнасці сваёй помсты.
Пакуль што няверная жонка Пане Каханку на новую забаўку па-ранейшаму не зважала. Дзве пакаёўкі расчэсвалі яе цёмныя бліскучыя валасы, каб схаваць пад начны каптур, які пачціва трымала трэцяя дзеўка, падлетак — яе тонкія рукі ў шнарах ад розгі дробна дрыжэлі. Таўсманная карліца гучна чытала з малітоўніка вечаровыя малітвы.
Вось як падобныя Тэрэзе Радзівіл могуць спалучаць цвёрдую ўпэўненасць у тым, што яны ў Бога сярод першых праведнікаў, і звярыную жорсткасць у дачыненні да «звычайных» людцаў?
Між тым малітвы былі дачытаныя, пані перахрысцілася і апусцілася ў пышныя сумёты падушак так, што амаль сядзела — відаць, верыла, як і многія, што спаць лежачы — рызыка адпусціць душу. Прыслуга знікла, стаілася. Вырвіч заўважыў, што княгіня павярнулася, каб зручней сузіраць клетку, у якой, апусціўшы галаву, нерухома стаяў вязень. У прыадплюшчаных вачах фаварыткі караля люстраваўся цёмны агонь. Праз нейкі час дыханне пані зрабілася частым і сіплым, нібыта яна бегла, вочы адкрыліся шырэй.
— Ваша княская мосць, вы самі сябе губіце такімі ўчынкамі, — раптам змрочна прагаварыў Лёднік. — Я адчуваю праявы хваробы ў арганізме вашай мосці. Тая прыемнасць, якую прыносіць вам чужы боль, насамрэч парушае баланс вашай энергіі і выклікана паталогіяй. Гэта я вам як спрактыкаваны доктар кажу. Я сустракаў падобныя выпадкі. Вы адчуваеце, як зараз гарыць ваш твар? Ёсць цяжкасці з дыханнем? Лёгкія сутаргі?
Пані Тэрэза моўчкі прыўзнялася і выцягнула руку. Зараз жа немаведама адкуль выскачыла карліца, выхапіла з каміна доўгую жалезную прыладу і падала пані. Не, не качаргу — нейкі ражон, на адным канцы драўляная ручка, другі канец, нагрэты агнём, свеціцца чырвоным. Княгіня пасунулася да клеткі і тыцнула распаленым прутом у грудзі Лёдніка.