П’юць піва мястэчкі,
П’юць піва і вёскі,
І паньства статэчна,
І люд вельмі просты,
П’е піва і худы,
П’е піва і тлусты,
І дзед сіваброды,
І хлопак бязвусы.
Музыкі былі не зусім сабе карчомныя — у аднаго, вышэйшага, чарнавусага, у чырвонай світцы і сінім сукмане, мандаліна, у другога, маладзейшага і шчуплага, у блазенскім зялёным каптане з жоўтымі клінамі — скрыпка, а на шапцы цэлы пук паўлінавых пёраў. Гралі-спявалі шалапуты «з каленцамі», мудрагеліста, відавочна звыкшы ўпрыгожваць слых уладальнікаў маёнткаў. Той, што з мандалінай, яшчэ ўмудраўся нагой кіраваць механічным барабанам з талеркамі, каб шляхетны слухач, нат адужаны Бахусам, не заснуў канчаткова і пад вясёлы грукат хоць шэлег ламаны адшкадаваў менестрэлям.
Зусім не падобна, што панства тутэйшае збіраецца на паховіны.
Цяпер паважаны пан Вырвіч не мусіў глытаць галодную сліну, калі заходзіў у карчму, як калісьці давялося ім з Лёднікам, калі той яшчэ быў бяспраўным слугою збеглага шкаляра. Дыяментавы гуз на сабалінай шапцы найлепшы пропуск. Карчмар хуценька вызваліў месца, сагнаўшы нейкіх чумакоў, і чаканне замоўленых клёцак з душамі прыкрашала кампанія двух келіхаў піва.
Келіхі былі масянжовыя і гнутыя. Справа шляхецкая — з чаго п’ецца, тым і б’ецца.
Непадалёк мажны шляхцюк у багатай серабрыста-чырвонай чузе, якая, мяркуючы па працёртых рукавах, ведала лепшыя часы, бубнеў пры пачцівай увазе слухачоў пра ўласнае Эльдарада, калі давялося пажыць у Нясвіжы яшчэ пры ягамосці вялікім гетмане Радзівіле Рыбаньку:
— А от у дзень імянінаў карусель у гонар яснавяльможнага князя была. Усе ў сукнях машкарных, у строі ружовым градэтуравым, з галунамі срэбнымі, а плашчыкі гарнастаямі падшытыя, а на галовах каскеты высокія з пер’ем белым. Падзяліліся ягамосці на чатыры банды кавалераў, адну вёў сын ягамосці Януш, што ў хуткім часе памёр, другую — іншы сын, яснавяльможны Караль, а трэцюю пан Карніцкі, паручнік пяцігорскі, а чацвёртую — пан Нарніцкі, харунжы гусарскі... І ў кожнай бандзе было на калясках столькі ж німфаў, i кавалеры ix везлі.
Расповед нагадваў гранне катрынкі альбо зачытванне дыярыюша.
— І пастаўлена было статуй з дрэва, падобна да арлекінаў паўбіраных. Першая трымала ў адной руцэ кружок, а ў другой кій скураны, саломай напханы. Сама на шрубе, дык трэба было, ударыўшы дзідай у гэты кружок, праскочыць. Калі хто ўдарыць добра, дык нічога, калі ж нядобра, дык павернецца тая статуя i кіем у лоб дасць. Другая статуя на грудзёх мела круг жалезны, куды куляй глінянай трэба было ўдарыць. Калі трапіў у сярэдзінку, дык ракета ўгору вылятала, калі ж хібіў, дык рыцара драбязой абсыпала. Трэцяя статуя мела на раменні скрынку, у якую, калі трапіў, дык з яе птаства вылятала.
Расчулены ўспамінамі, апавядальнік не заўважаў, што яго настальгічнае мармытанне даўно страціла апошніх слухачоў, акрым келіха, які ўсё гэтак жа захоплена адкрываў круглы рот.
Нарэшце духмяныя клёцкі, над якімі танчыла пяшчотная пара, дабраліся да свайго наканавання, і былы суддзя з недавучаным студыёзусам запрацавалі лыжкамі.
Між тым песенька сціхла, а музыкі, парассоваўшы па кішэнях атрыманыя манеты, уладзіліся за сталом. Хто болей плётак-чутак ведае, чым вандроўны музыка? Пранціш скасавурыўся: той, што з чорнымі вусамі, прыціснуўшы мандаліну каленам да ножкі стала, абгрызаў свіную галёнку.
Вырвіч адправіў па заплямленай сталешніцы да талеркі музыкі срэбны шастак. Тлусты профіль Жыгімонта Аўгуста Трэцяга круціўся разам з манетай. Музыка спрытна цопнуў шчодры панскі падарунак, вусны расплыліся ва ўсмешцы з належнай, але не занадтай порцыяй ліслівасці. Пранціш кіўнуў, каб мандаліншчык прысунуўся бліжэй.
— Добра граеце з таварышам. А ці не ў Вільню кіруецеся?
Музыка ахвотна засакатаў (куточак правага вока яго быў трохі апушчаны з-за шнару, падобна, ад бізуна):
— Што вы, літасцівы пане, якая Вільня! Мы, як і ўвесь люд паспаліты, у Ашмяны, на заручыны!