Цяпер паспець бы пакінуць замак з белага, шэрага і крывавага камення.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Як панну Праксэду асляпіць хацелі, а тады заручылі
У паўзмроку дзесь крапала вада.
А можа, цікаў гадзіннік.
Або драпаў кіпцем камяні дамавік у чаканні сваёй яешні.
Лампада ды свечка... Вось і ўсе светачы гэтага пакоя.
Не, не вязніцы. Наадварот, збройні — вунь пабліскваюць цьмяна шабелькі ў падстаўках... А тры шабелькі, няхай не самыя дарагія, так, аўгустоўкі, без аздоб на вузкіх сталёвых абліччах, знайшлі новых гаспадароў. Дакладней, чатыры шабелькі... Бо панна Праксэда таксама выхапіла сабе звонкую рэпліку вайны. Вунь, сядзіць на лаўцы ў белым каптуры, худая, бледная, шэрыя вочы рашуча пабліскваюць, а да калена прыхінуты клінок. Што ж, са зброяй у руках, нават калі не асабліва ўмееш карыстацца, надзейней.
Сюды гасцей з няпэўным статусам завёў Грос. Загадаў чакаць. Замак — не карчма, не ўвойдзеш і не выйдзеш папросту. А тым больш — ноччу. Нехта мусіць адамкнуць цяжкую жалезную браму, адну, другую. Апусціць пад’ёмны мост.
— Разумна, доктар. Недаацаніў я цябе, — скрозь зубы прасіпеў на развітанне езуіт. — Расцвеліць вар’ятку. Справакаваць прыступ падучкі. Прафесійна зроблена.
— Не мяркуйце па сабе, пан Зыгмунд, я хацеў толькі дапамагчы хворай, — угневана ўскінуўся Лёднік. Але езуіт, ясная рэч, застаўся пры сваім меркаванні.
Пранціш напружана прыслухоўваўся да крокаў на калідоры... Могуць да раніцы пратрымаць. А тады — ці выпусцяць? На ўсялякі выпадак аббег пакой, пільна прыглядаючыся да ўсіх шчылінаў. Ці не збліснуць дзе за сцяной цікаўныя вочы?
— Я так вінаватая. Пані Тэрэза была са мной у Гародні дужа ласкавая. Абяцала, што ні да чаго не змусіць. Возьме ў Вену.
Праксэда захлыналася віной, гледзячы на доктара, які хутаўся ў Пранцішаву світку, рукавы былі яму ледзь не па локаць.
— Дарэчы... — Вырвіч так і не змусіў сябе прысесці, а ўсё выдыгваў па пакоі, углядаючыся ва ўсе падазроныя вышчарбіны і цені. — Чаму хросная абвесціла вас мёртвай? Вы ведаеце, што Бутрыма абвінавацілі ў вашым забойстве? Што мы яго са студні ў вязніцы ледзь паспелі дастаць?
Пранціш нават з нейкай злараднасцю чакаў, што дзеўка, з-за якой яны столькі нацярпеліся — няхай і не па ейнай віне — усходзіцца ад жаху. Але ейная рахманасць адрасавалася, відаць, аднаму Бутрыму. Паненка толькі прыкусіла губу, і голас трохі сеў:
— На ўсе пытанні адказ адзін, вашамосць — не ведаю. І нешта мне падказвае, што, калі мы даведаемся разгадку сваіх няшчасцяў, нашы жыцці будуць каштаваць яшчэ меней.
Так спакойна і трохі з горкім сарказмам мог бы адказаць сам Баўтрамей. Які, учуўшы пытанне і адказ, азірнуўся на асістэнтку і ледзь заўважна кіўнуў. Падобна, вучоная паненка прачытала ў кіўку тое, што было ёй важна, — не злуецца, дараваў, — і ўздыхнула з палёгкай. Бач, якое ўзаемаразуменне. А як Алесь збоку паглядае, не заўважаюць абое. Бедны хлопец.
— Вам трэба апрацаваць апёк, пан Лёднік.
Панна Праксэда ледзь не бегма скіравалася да лампады, што асвятляла сумны твар Богамаці, перахрысцілася:
— Думаю, тут можна здабыць драўлянага алею. Так, наліта дастаткова. І якасці някепскай.
Лёднік шчыльней захутаўся ў Пранцішаву світку, намагаючыся прыкрыць сляды княскага ўтаймавання. Сустрэўся позіркам з асістэнткай, якая ўжо стаяла перад ім, беражліва трымаючы ў далані здабыты алей. Зірнуў на сына.
— Праксэда, не варта мітусіцца. Гэта дробязь...
Вучоная панна вінавата апусціла вочы. Тонкая рука пачала дробна дрыжэць. Лёднік з няёмкасцю працягнуў сваю даланю:
— Добра, пералі сюды, я апрацую...
Пакуль Чорны Доктар мазаў апёк, асістэнтка адвярнулася, раз-раз, з дапамогай шаблі адкрамсала шматок ніжняй спадніцы:
— Вось, пан доктар, для кампрэсу. Вымачыце ў алеі і прыкладзіце.
Нерашуча дадала:
— Памагчы?
Бутрым незадаволена сціснуў вусны, кінуў яшчэ раз позірк на сына, які застыў дзюбатым птахам у куце.
— Дзякую, спраўлюся сам. А як з тваім здароўем? Выглядаеш зняможанай. Галадала?
— Не так, каб зваліцца, пан Баўтрамей.
— На свежае паветра цябе, відавочна, не выпускалі. Ёсць траўмы? Унутраныя, паверхневыя?
Гэта так па-вучонаму гучыць пытанне «ці не білі?»
— Не хвалюйцеся. Вы перажылі па маёй віне непараўнальна больш. Па волі Божай, са мной усё добра.
І зноў села на лаўку, сціснула рукі, апусціла вочы. Каб час ад часу, стараючыся рабіць гэта непрыкметна, кідаць позіркі на свайго прафесара.
— Гэта не я падарыў табе пярсцёнак на дзень народзінаў, Праксэда, — рашуча выціснуў Бутрым. Відаць, вырашыў з’ясаваць сітуацыю ды абарваць рамантычныя марэнні панны, якая, дай волю, травой слалася б, расой пад ногі сыпалася свайму вызваліцелю. Паненка толькі больш унурылася.