Бутрым сярдзіта адкінуў чорныя пасмы з вачэй.
— Пане Каханку гарлае за келіхам пра сваю вернасць шляхецкім ідэалам і непадкупнасць, а сам шукае, як выгадней дамовіцца з Панятоўскім і вярнуцца. А колькі людзей, якія біліся між сабою пад сцягамі названых асобаў, загінулі. Ну, і каму з іх нам належыць прадацца, га?
— Кожны шляхціц прысягае якому-небудзь уладару. Нельга іначай, — зазлаваў Пранціш, які якраз знайшоў ладунку, напалову напоўненую порахам. — Іначай будзе крышанка, а не дзяржава.
— А што, так не крышанка? — у прарэсе кашулі прамоўцы чырванеў апёк і пабліскваў крыж. Усхадзіўся, філосаф у падранай кашулі. Не раўнуючы, старагрэцкі кінік Кратэт Афінскі, які хадзіў у лахманах, спаў на зямлі і нават гліняны кубак выкінуў, калі пабачыў, што хлопчык п’е з ручая, чэрпаючы даланёй.
— Перад Госпадам усе роўныя! А Божы запавет і інтарэсы радзімы вышэй за загад любога ўладара!
Блюзнерскую лемантацыю сына полацкага гарбара перарваў грукат у калідоры. Дзверы збройні спалохана расчыніліся.
— Збірайцеся...
Грос кіўнуў свайму жаўнеру, і той абрушыў на падлогу прынесены сумёт рэчаў: футры, шапкі, дылеі... Усё, між іншым, дыхтоўнае, з княскага гардэробу, няйначай.
— А для вас, паненка, хросная маці падрыхтавала асобны падарунак у дарогу. Яна смуткуе, што абышлася з вамі залішне жорстка, і хоча, каб вы выправіліся з яе замка ў годным радавітай паненкі выглядзе. Таму зараз прайдзіце з прыслугай, вас апрануць, зробяць фрызуру.
У дзверы зазірнула чарнявая пакаёўка вагой пудоў у дзесяць, прысела з цяжкасцю ў рэверансе.
— Прашу, вашамосць.
Праксэда бліснула шэрымі вачыма, узнялася (Пранціш адразу адчуў сябе непамысна: халера, ну не павінны панны быць вышэй за яго, харобрага шляхціца!)
— Мне дастаткова было б футра і ботаў.
— Яе княская мосць настойвае, — не зварухнуўся Грос. — Гэта літаральна ў суседні пакой зайсці.
— Мы правядзём паненку, — заявіў Бутрым.
— А ў мяне неадкладная сур’ёзная размова да вас і да вашага сябра.
Зброя ў падстаўках і куфрах стаілася ў чаканні новага крывавага ўраджаю.
— У такім выпадку паненку праводжу я, — рука Алеся Лёдніка ляжала на дзяржальне шаблі. — Калі што — пад дзвярыма пастаю. Я ж, разумееце, рыцар, Ланцэлот. Ланцэлоту адпаведна пад дзвярыма дамы чакаць.
Ого, як хлапца пераламала — то па-кніжнаму толькі гаварыў, а тут хвацка засвоіў чорныя жарцікі на тле ўласнай горычы... Праксэда зноў зірнула на яго, нібы не пазнавала.
Грос нічым не выявіў незадавальнення, калі Алесь, які паспеў ускінуць на сябе абшытае зялёным сукном футра і насунуць шляхецкую шапку, рушыў за сваёй дамай — а ён зраўняўся ўжо з ёю ростам, трэба ж.
Езуіт шчыльна прычыніў дзверы, панізіў голас да шэпту.
— Пані Тэрэза прысягнула ратункам сваёй душы, што вас выпусціць з замка жывымі, і клятвы парушыць не можа. Так што зараз дачакаецеся панначку, і — да брамы. Вам нават карэта падрыхтаваная. Пераедзеце праз мост. Ну а далей.
— А далей — пастка, так? — горка прамовіў Бутрым.
— Абавязкова пастка! Як жа іх княскім мосцям без пасткі! — бледныя вусны Гроса нават трохі расцягнуліся ва ўсмешцы. — Вас загадана не выпускаць з карэты і везці ў Падгарэцкі замак. Гэта таксама ўладанне Ржавускіх, і зусім непадалёк.
— І. што нам параіце рабіць, вашамосць? — падазрона папытаўся менскі суддзя.
— А нічога! — усміхнуўся езуіт. — Калі мы ўсё правільна пралічылі, вас вызваляць.
— Хто? — Пранціш не збіраўся гуляць у сляпога ката.
— Сам ягамосць Ігнацы Богуш. Які пераканаўся, што ягонае месца ля княгіні зараз зоймеце вы, шаноўны Лёднік, — выскаліўся Грос. Бутрым ледзь не заперхаўся.
— Што-о?
— Ну а чаму не? — светлыя запалыя вочы езуіта-масона былі нязвыкла вясёлымі. — Пану Богушу ўсё даклалі пра падзеі гэтай ночы. Як вы, пан Лёднік, княгіню вылечылі, як разам з ёю на ложку валяліся, як яна вас абдымала, цалавала, слязьмі вымочвала і вы ўсіх сведкаў з пакоя выгналі. Хто ведае, чым вы там у ложку сам-насам займаліся?
Бутрым, здаецца, ледзь зубы не скрышыў ад абурэння. А Грос працягваў здзекавацца, распавядаючы квяцістую версію падзей, прыдуманую для Богуша: