Пранцішу пры поглядзе на знаёмы дом з анфіладай хапіла сораму пачырванець: успомніў картачны доўг у Кракаве. Далібог, адсудзіў бы кляты Лудус уладанні цесця даўжніка. Каб не Лёднік з яго більярднымі ўменнямі.
Апранула Дамініка Вырвічава з Гараўскіх венецыянскую сукенку карункавую, мужам праз усе цяжкасці вандроўкі прывезеную. А ў падоле, усеяным бліскучымі кветачкамі — дзірка прагрызена. Як ёсць пацук пастараўся. Мусіць, з жаўнераў Пацучынага Караля, якіх Алесь шыхтаваў.
Пасмяялася разумная жоначка, дэкляравала выправіць убор такім чынам, што яшчэ прыгажэй зробіцца.
Пані Вырвічава Лёдніку пры аперацыях асістэнткай была, ці ж ёй пацучынага следу баяцца?
Сафійка Лёднічанка чарнавокая вывела за ручку Яначку Вырвічавага блакітнавокага. Важная такая, гожая, у белай сукеначцы, з цёмнымі коскамі, каронай укладзенымі. Малы кавалер вачэй не адрывае, раток адкрыўшы, загады слухае.
І таўсманы слуга Лёднікаў Хвэлька тут жа быў, прыехаў сюды з Полацка з панначкай. Бутрым строга зыркнуў: зноў у Хвэлькі нос чырвоны, а піць жа яму нельга, пасадзіў быў пячонку ў колішняга гаспадара-п’янтоса. Але ў Капанічах налівак-настоек, рабінаўкі-калінаўкі-анісаўкі цэлае возера Свіцязь.
І хоць ніколі не даглядаў пан Гараўскі грады, але гэтак жа, як ягоныя падданыя сяляне, паклікаў мароз куццю есці. Каб не памарозіў свавольнік гароды. І сена выпіралася пад ільняным абрусам — як у продкаў вялося. Мала што ты пан, які любіць турэцкую зброю і шаўковыя халаты, найперш ты — нашчадак сармацкага племя, беларус і ліцвін, які мусіць шанаваць Дзедавіцу.
Самая доўгая сцяблінка выцягнулася ў Аляксандра Лёдніка. Але хлопец толькі нахмурыўся: няўжо і тут пабачыў намёк, што прайшоў па жыццёвай дарозе менш, чым ягоная пульхра даміна? Якая, дарэчы, нават тут, за сталом, цярпліва сядзела ў павязцы на вачах — зразумела, там былі дзіркі. Але ў тое, што панна не аслепла, мусілі быць пасвечаныя толькі надзейныя людзі. Таму Сафійка ўвесь час спачувальна гладзіла панну Праксэду па руцэ і раіла ўжыць адвар чабору, якім добра прамываць вочы.
А Яначка, пакуль не адправілі спаць, трохі псаваў урачысты настрой тым, што ўзяў за святочны стол ляльку, прывезеную бацькам з тае ж Венецыі, насатага злючага Арлекіна, і ўвесь час кратаў яго за нос, хітра паглядваў на доктара Баўтрамея Лёдніка і пахіхікваў.
...У персідскім кабінеце Гараўскага, завешаным дыванамі, паўсюль стаялі металічныя вазы з доўгімі горламі — быццам бліскучыя чаплі паселі. Невялікая вайсковая рада патанала ў вохкім дыме — гаспадар урачыста курыў кальян, толькі чалмы на палыселай макаўцы не хапала.
— Вядома, трэба падавацца ў Трыбунал! — пан Гараўскі нечакана падтрымаў Праксэду.
А як яшчэ шляхціцу гонар вярнуць, калі суд вынес ганебны вырак?
Толькі праз Трыбунал, які ў Залатым веку Вялікага Княства прыдумалі, каб кожны мог абскардзіць несправядлівасць.
Тым больш такая вось удача — праз месяц апірышча справядлівасці з Гародні, якую пан падскарбій Антоній Тызенгаўз упарта ператвараў у каралеўскую сталіцу, прыедзе ў Менск. Можа, апошні раз — кажуць, пазбавяць горад на Свіслачы прывілеі прымаць Трыбунальскі суд. І маршалкам там пан Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, стражнік вялікі літоўскі, суровы законнік. З Чартарыйскімі, да партыі якіх належаў гарбаты Юзаф, маршалак цяпер у варажнечы, страшэнна не любіць усе пасяганні на Статут, спрадвечны закон Вялікага Княства. Плюгаўствам лічыць увядзенне новых мундзіраў, новых падаткаў, новых пасадаў, пазбаўленне вольнасцяў...
Так, самае годнае, хоць і самае цяжкое — менавіта там, дзе быў вынесены прысуд, на вачах таго ж люду, апраўдацца. І Гараўскіх справа тычыцца наўпрост — бо і пан Пранціш Вырвіч несправядліва быў пазбаўлены судовага звання.
Адзіная, але амаль непераадольная перашкода — Праксэду павінны аддаць ейнаму бацьку, пану Міхалу Брастоўскаму.
З аднаго боку, той угневаецца на пані Тэрэзу Ржавускую і пана Юзафа, былых хаўруснікаў, якія яго падманулі ды ажанілі свайго калеку з іншай дзеўкай, а яго змусілі разбірацца з фальшывым забойствам дачкі. І гэта на руку.
З другога боку, ён страшэнна ўгневаны на дачку, якая сваімі ўцёкамі пазбавіла татку-банкрута добрага ўзнагароджання за гэты доўгачаканы шлюб.
Так што Праксэду чакаў сумны лёс — ці аддацца пад бацькаву цяжкую руку, ці хавацца ўсё жыццё. Якія там універсітэты.
— Права бацькі на дзяўчыну можа аспрэчыць толькі законны сужэнец. Так, калі яна выйшла замуж без згоды бацькі, той можа звярнуцца ў суд, каб пакаралі таго, хто звёз дачку. Але і ў такім выпадку шлюб не разарвуць. Толькі пасагу пазбавяць, — задумліва прамовіў Пранціш, перабіраючы ў памяці судзейскую сваю практыку. — Пазалетась разбіралі справу шляхціца Намыслоўскага, які скардзіўся, што дачка ўцякла і пайшла пад вянец з адным латругам. Але дзеўка заявіла ў судзе, што збегла, бо бацька хацеў выдаць яе замуж супраць ейнай волі за нейкага старога. А гэта парушэнне Статуту. Ды яшчэ яе цётухна засведчыла, што была на вянчанні, маладажонаў блаславіла. І тых цалкам апраўдалі. Нават абавязалі бацьку выплаціць даччын пасаг.