— І да чаго ты гэта гаворыш? — сярдзіта нахмурыўся Лёднік. — У панны Праксэды мужа няма, і мы яго з-пад стала зараз не дастанем.
— Навошта з-пад стала. Можна і за сталом пашукаць, — вельмі сур’ёзна прамовіў Алесь. Пранціш аж заперхаўся.
— Ты ж гэта не напраўду, хлопец? — агучыў агульнае пытанне пан Гараўскі.
Здавалася, пальмы на ўсходніх карцінах пакоя ўзмахнулі ў гэткім жа здзіўленні разлапістымі лістамі, падобнымі да папараці.
— Вядома, я не прашу панну разглядаць мяне як мужа, — не збянтэжыўся й на валасіну Алесь. — Але нейкі час in nomine лічыцца ім я магу, каб прадстаўляць інтарэсы панны.
— Нешта мне гэта нагадвае, — прамармытала Дамініка, кінуўшы скоса погляд на мужанька. Пранціш толькі хмыкнуў: ну так, калісьці ён гэтаксама абвесціў сябе жаніхом панны Дамінікі Г араўскай, каб выратаваць яе з палону. Думаў — фіктыўны шлюб, паненка пры першай жа нагодзе запатрабуе разводу. А вось што выйшла.
— Усё адно — пан Аляксандр не дасягнуў шлюбнага ўзросту, з боку панны Праксэды ніхто дамову не засведчыць. За самавольны шлюб таксама адказнасць ёсць, — уздыхнуў Пранціш.
— Мне амаль васямнаццаць, — упарціўся дактаровіч. — Калі мой бацька паручыцца — абвянчаюць. У нас у акадэміі адзін студэнт ажаніўся яшчэ ў чатырнаццаць гадоў — каб маёнтак не страціць. Бацька быў як бы ягоным прадстаўніком. Не ў. інтымным сэнсе, вядома. — збянтэжыўся юнак, заўважыўшы, як перасмыкнуліся Бутрым і Саламея.
— Гэта. гэта перасягае ўсе межы! Выбачайце, але я дастаткова нашкодзіла вашай сям’і. Давайце прыпынім гэты. трагіфарс.
Праксэда ўскочыла, забыўшыся, што сядзела без павязкі, і шырокім крокам — да дзвярэй...
А дактаровіч — наперарэз.
— Калі вы назавецеся маёй жонкай, усе брудныя плёткі пра нашу сям’ю і прыпыняцца. Пры дапамозе сведкаў дакажам, што з боку пана Міхала Брастоўскага адбыўся гвалт над вашай воляй. Можна спаслацца на блаславенне вашай хроснай маці, пані Тэрэзы Радзівіл, якая дапамагла вам пазбегнуць шлюбу з хворым і адпусціла з намі. Калі што — і да пана Адама Брастоўскага, вашага дзядзькі, звернемся. Ну, наважвайцеся! Для мяне гэта ні разу не ахвяра. Хутчэй — для вас.
Вырвіч пацёр лоб.
— А што, можа выгарэць. Пані Тэрэза не адмовіцца пад прысягай, што абяцала скасаваць заручыны з Якубам Радзівілам і звезла Праксэду, і пры сведках блаславіла ехаць з намі з Белакамскага замка. І пан Адам падцерці нос брату заўсёды рады. Заступіцца за пляменніцу.
Гараўскі задумліва пыхнуў кальянам.
— І статус паненкі ў вашай бандзе акрэсліцца. А то хто яна вам? Чаму за яе заступаецеся? Любы спытае. Кепска, што розніца ва ўзросце. Праўда, у наш сапсаваны час не здзівяцца, хіба трохі пасмяюцца — ажаніўся са старой. Але ёсць рознасць у паходжанні. Вы, панства Лёднікі, выбачайце, шляхціцы па патэнце. А Брастоўскія — род старажытны, магнаты. За неадпаведнасць жаніха нявесце яго могуць і пасадзіць.
— Я ніколі не лічыла сябе вышэйшай па паходжанні, — ваяўніча запярэчыла Праксэда. — Кроў ва ўсіх аднолькава чырвоная, блакітнай нават у рыб няма. Мая маці была простай дзяўчынай з Кёнігсберга. Дачкой школьнага настаўніка. Прыгажосці, казалі, неверагоднай, таму прыезджы арыстакрат і ашалеў ад кахання. На жаль, яна рана памерла. А пан Міхал пра маё існаванне і не ўспамінаў. Хлапчукі на нашай вуліцы мяне дражнілі бастардкай.
— Але з вашай маці пан Міхал вянчаўся? — удакладніў Вырвіч, бо далікатнічаць не выпадала.
— Так. У кірсе. Абрад праводзіў мой дзед, пастар. Паколькі пан Міхал каталік, не ведаю, наколькі мае вагу той шлюб. Я і з сястрой сваёй Барбарай нават ні разу не бачылася. І з бацькам. нячаста. Я ж так, вяхотка, якую дасталі для бруднай працы.
— Яшчэ перашкода — Лёднікі праваслаўныя, а паненка — каталічка.
— Уніятка. Такая была ўмова майго дзеда.
Пан Гараўскі выпусціў яшчэ адно колца вохкага кальяннага дыму.
— А ў святую праваслаўную веру не адмовілася б перайсці?
— Бог адзін, вашамосць.