Выбрать главу

Што ж, прынамсі, цяпер за такі пераход смяротнае пакаранне адмянілі. Да таго ж, не агледзешся — паны ў далучанай да імперыі дзяржаве адзін перад адным веру памяняюць, як калісьці папераходзілі ў касцёл, абы пры ўладзе застацца.

Саламея падышла да разгубленага старэйшага Лёдніка, сустрэлася з ім вачыма. Нейкі час сужонцы нібыта вялі маўклівую размову.

— Хай станецца, — важка прамовіў Бутрым. — Бласлаўляю.

Праксэду нібыта выцялі па спіне. Яна рэзка павярнулася і зірнула на док­тара, нібыта сапраўды раптоўна аслепла. Яе вусны дрыжэлі.

— Вашамосць, я і пакрыўдзіцца магу, — з горкім гумарам, які нядаўна засвоіў, прамовіў Алесь патэнцыйнай нявесце ў спіну. — Вы так трасецеся ад адной думкі назвацца, хай умоўна, маёй жонкай, быццам я пацук альбо рапуха.

Праксэда сутаргава ўцягнула паветра, сціснула тонкія рукі і ганарыста задрала падбароддзе.

— Пацукі і рапухі — істоты мілыя і вельмі разумныя, ці ж вам не ведаць, вашамосць. А псаваць вам жыццё.

— Ну, гэта што лічыць за псоту, — усміхнуўся Аляксандр-дактаровіч. — Дурны хлапчыска Ланцэлот, я ўсё разумею. Але давайце як-небудзь пераадолейце сябе. Даю слова, нат не дакрануся да вас... Па ўніверсітэтах можам разам паехаць, не трэба будзе пераапранацца ў мужчынскае. А як толькі стане магчыма, шлюб скасуем.

Праксэда бездапаможна азірнулася на старэйшага Лёдніка, той ледзь заўважна кіўнуў галавою. Вучоная паненка моўчкі насунула на вочы павязку, на гэты раз — з шаўковай стракатай хусткі, якіх у доме Гараўскіх было, як сушанай плоткі ў зацятага рыбара. Нібыта лягчэй гаварыць, не бачачы.

— Я не ведаю людзей, лепшых за вас, панства Лёднікі. Я шкадую, што вы падабралі мяне аднойчы на вуліцах Гародні, і тым займелі столькі няшчасцяў. Адзінае, чым магу аддзячыць, — даверыць вам свой лёс. Мой дзедпастар вучыў: супраць усяго можна выстаяць, акрамя дабрыні.

— Тое ж кажа Жан Жак Русо, вашамосць, — ціха прамовіў Алесь. — Не трэба так пераймацца. Мы пройдзем праз усе выпрабаванні разам. Вы акажаце мне гонар назвацца маёй нявестай?

Праксэда сцягнула павязку, угледзелася ў аблічча юнака — зноў нібыта пазнавала штосьці знаёмае.

— Ну, пярсцёнак вы мне ўжо дарылі.

І прыжмурылася хітравата:

— А вось каб канспекты лекцый з акадэміі. Можаце нявесце такі прэзент зрабіць?

— Хіба за першы курс. За другі ў канвенце пакінуў, — трохі збянтэжыўся дактаровіч. — Але пераказаць магу! Асабліва па прыродазнаўчых навуках. У нас чытаў пан Пачобут-Адляніцкі, у яго надзвычай цікавая тэорыя.

Вось, здаецца, і ўся рамантычная частка заручын.

А што, бачылі мы пышнейшыя, ды куды дурнейшыя.

А калядныя зоркі ззялі над разарваным краем гэтак жа зырка, як будуць свяціць, калі гэты край з’яднаецца. І будзе зноў прададзены і забраны, і зноў вызваліцца і паўстане.

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Апошні трыбунал у Менску

Стапталі снег ля Свіслачы аж да чорнай зямлі. Не цмокі. Паны-браты, жупаны-кунтушы. Цямнеюць абгрызеныя часам сцены менскага замка, пазяхае, прыкрываючыся суконным рукавом аблокаў, прывід князя Глеба, у ранішнім паветры водар гарэліцы, табакі і прадчуванне добрай бойкі. Як жа не пабіцца падчас Трыбуналу!

Дый для злосці падстава ёсць. Расейскіх жаўнераў нагналі — сінія мундзіры паўсюль, як чарніцы ягадным летам. Ганьба якая. Але й прывычная ганьба: колькі ўжо важных соймаў прайшло пад прыглядам імператарскай арміі. Каб нязгодным языкі падкараціць.

Вось і зараз — пагаворваюць, сам староста менскі, пан Юзаф Радзівіл, гарбунок няшчасны, папрасіў даслаць войскі. Справа гучная чакаецца: мільённыя ўладанні на кон пастаўленыя.

— Чакаюць прыезду прэтэндэнта, пана Якуба Радзівіла, старостава брата, — ціха прагаварыў Давыд, які час ад часу адбягаўся ад карэты з гербам паноў Гараўскіх, каб паслухаць плёткі. Высокі тыпус ля карэты, у нямецкім строі і насунутым нізка на лоб капелюшы, ды яшчэ ў чорнай шаўковай паўмасцы, пакрывіў фанабэрыстыя вусны.

— Не падабаецца мне гэтая ідэя, спадарства. Пакуль нас не пазналі, давайце сыдзем з гэтага віварыя.

Пранціш, які не бачыў патрэбы хаваць аблічча, ганарыста ўпёр руку ў бок — дылея, кунтуш, жупан парчовы, паяс персіянскі літы, шапка сабаліная з вялікім гузам, Гіпацэнтаўр у залачаных похвах — усё як на парадных сармацкіх парсунах.

— Яшчэ чаго! Нядаўна я прыходзіў сюды, у судовы дом, і займаў найважнейшае крэсла, і ўсе гэтыя паны-браты ручкі-ножкі мне імкнуліся цалаваць, абы на прысуд паўплываць. А зараз вунь, лыбяцца, адварочваюцца. Нізавошта не адмоўлюся ад магчымасці ім усім насы ўцерці! Усё адно ні пані Тэрэза, ні пан Міхал не наважацца штосьці беззаконнае проста тут учыніць.