— І я не баюся, я ўсё адно павінна апраўдаць пана Лёдніка!
У высокай дзяўчыны ў серабрыстым футры, якая сядзела ў карэце, твар таксама быў закрыты маскай. Чарнавокі хлопец, які не адводзіў ад яе вачэй, нахмурыўся:
— І праўда, пачакаць бы. Кадэнцыя трыбунальская яшчэ толькі пачалася.
— Кажуць, пан Міхал Брастоўскі вельмі халодна прывітаўся з пані Тэрэзай Радзівіл! — насмешна паведаміў Давыд. — Іхнія людзі ўжо прыглядаюцца, каб пабіцца між сабою. Каб не расейскія жаўнеры — счапіліся б.
Лёдніка перасмыкнула пры адным імені ягонай колішняй пацыенткі. Давыд азірнуўся на пляц:
— А вунь бачыце каралеўскіх гвардзейцаў?
Ля судовага дома, двухпавярховай камяніцы, пра нядаўні пажар у якой нагадвалі толькі навюткія дзверы і рамы вокнаў, чырванелі мундзіры малойцаў у прыкрашаных пер’ямі шлемах.
— Пан падскарбій Антоні Тызенгаўз асабіста заявіўся. Маёнткі, на якія Якуб Радзівіл прэтэндуе, зараз жа у сяквестры, імі карона карыстаецца. Таму зараз кавалак з пашчы льва. дакладней, шмат сена з пысы Цялка будуць вырываць.
Побач, на Верхнім і Ніжнім Рынку, надрываліся гандляры, прапаноўваючы свежыя булкі, гарачы мёд і пражаныя гарэхі. Цэлая армія жабракоў асцярожна сноўдгала вакол разгарачанай шляхты, бы вакол дзікай сабачай зграі, заводзячы вечныя свае лемантацыі пра міласэрнасць. Верагоднасць атрымаць срэбны шастак і выспятак саф’янавым ботам была аднолькавая. Лірнікі гарлалі адразу ў некалькіх месцах пляца, таму спевы пра сіротку Дароту, малойца Байду, беднага Лазара і абарону Крычава зліваліся ў адну вісклівую літанію, ад якой вараннё над замчышчам віхурыла, нібыта гуляла ў нябёснага яшчара.
Вырвіч падумаў, што стаяць яны на самым дзяцінцы. Месцы, з якога пачынаўся горад. Якія ахвяры тут былі прынесеныя, калі дзікія продкі менчукоў убівалі першыя калы ў гэтую зямлю? І колькі тых ахвяраў яшчэ будзе? Вунь і лобнае месца відаць, накрытае саванам лютаўскага снегу. Тры ганебныя слупы з абвіслымі ланцугамі. Плаха, счарнелая ад крыві — вось жа лёс выпаў нейкаму дубу. Барані нас, святы Франтасій, на той пракляты лапік гарадзішча патрапіць.
Давыд подбегам вярнуўся з чарговага шпацыру.
— Едзе старостаў брат!
Сапраўды, паказалася цэлая кавалькада. Наперадзе герольды ў кароткіх плашчах у жоўтыя і чорныя квадраты — колеры радзівілаўскага герба «Трубы». За імі — гайдукі ў высокіх шапках і пунсовых жупанах, венгрыкі ў мундзірах з залатымі галунамі. Перад дзверцамі карэты паставілі адмысловую лесвічку, абцягнутую чырвонай тканінай. Дапамаглі яснавяльможнаму госцю паставіць на першую прыступку нагу. Падхапілі з усіх бакоў — пад рукі, пад бакі. Нязграбны даўгалыгі князь Якуб урэшце апынуўся на зямлі, нервова, як спалоханая птушка, агледзеўся. І праўда, звыродны, нат здалёк відаць. Запалыя вочы, востры нос, танкагубы доўгі рот, так і бачыцца нітка сліны. Князя ўзяла пад руку нізенькая пані — мусіць, жонка са Ржавускіх, і ён пайшоў няроўнай, нейкай падскокваючай хадой, увесь час вінавата азіраючыся. Небарака.
— Гэта не ён!
Усхваляваная Праксэда прыклала тонкую даланю да вуснаў, нібыта баялася ўласных слоў.
— Гэта не пан Якуб. Я не магу памыляцца. Зусім іншы чалавек.
Пранціш агаломшана глядзеў услед важным гасцям, што ўваходзілі ў судовы дом. Пабітыя шкельцы збіраліся ў цікавы і злавесны вітраж.
Дык вось чаго не павінны былі пабачыць Праксэдавы вочы! Добра, што выдавалі Праксэду за сляпую.
— Ну, зараз мы згуляем у іхнія гульні па-свойму! — злосна выскаліўся Пранціш.
Нібыта ў адказ на ягоныя словы ўспырхнула ў неба зграйка галубоў, што мітусіліся пад нагамі Аляксандра Лёдніка, хоць той і не думаў кідаць ім зерне.
У вялікай зале, якая памятала апошнюю справу суддзі Вырвіча, з дапамогай капаніцкіх гайдукоў удалося адбіць сабе куток. Іх кампанія ўвагі не прываблівала — былі тут і ў нямецкіх строях, як Лёднік і Давыд, і кабеты, не толькі Праксэда. Былі і ў масках, і пад вэлюмамі, і ў каптурах, што захіналі твар. Вунь як у таго мужыка, напрыклад. У лямцавай шапцы, нацягнутай да падбароддзя, толькі дзіркі для вачэй. Дык гэта ж ашмянскі кат! Сядзіць непадалёк ад пана Міхала Брастоўскага. Не занадта блізка, вядома. Увогуле каля спадара Ігнаруса, нягледзячы на цісканіну, утварылася пустое кола. Што вучонага ката, напэўна, забаўляла. Яшчэ якую ахвяру для ашмянскіх сутарэнняў накмячаюць?
Справа радзівілаўскіх маёнткаў разглядалася першай. Падстаўны Якуб нават змог некалькі разоў трапна адказаць «так» і «не». Тызенгаўзаў прадстаўнік усяляк закідваў сумнівы ў законнасці прэтэнзій старостава брата. Так, калісь спрэчныя землі належалі Марціну Радзівілу, і той адпісаў іх другому сыну ў выпадку, калі ажэніцца з паненкай, абавязкова ў сваяцтве з іх родам. Але Марцін прызнаны нядзеяздольным. І смачны кавалак уладанняў законна адышоў апекуну Марціна, Міхалу Казіміру Рыбаньку, тады — ягонаму сыну, потым — казне.