Вось табе маеш...
— Ну як жа, сын расейскага пасла Штакельберга заручаецца з пляменніцай ягамосці вялікага гетмана Багінскага!
Паплечнік вусатага пачціва ўлез у размову:
— У касцёле францысканцаў цырымонія будзе, вашамосць.
Ліфляндзец Штакельберг, якога ненавідзяць усе мясцовыя патрыёты, цьху, нат на прозвішчы язык спатыкаецца, і гетман Багінскі, былы барскі канфедэрат? Вось гэта палітычны куншцюк...
— І чаму ў Ашмянах?
— А таму, што ягамосць староста Ашмянскі пан Брастоўскі — швагер ягамосці Багінскага.
Музыка панізіў голас, паказваючы, што адкрывае таямніцу:
— Гэта ж ягамосць пан Брастоўскі і зладзіў заручыны... Пляменніца — падапечная гетмана, непаўналетняя. Штакелю таму з нашымі магнатамі парадніцца даўно хочацца, а то яго за чужынца трымаюць. Адзін пан гаварыў: Багінскаму паабяцалі аддаць маёнткі, што пасля сяквестру не вярнуліся, калі пляменніцу ўдачарыць і са Штакелем-малодшым ажэніць. Брастоўскі на гетмана праз жонку сваю, сястру ягоную, ціснуў... Бо за спрыянне шлюбу атрымае крэдыт ад расейскага пасла, які даўно прасіў. Тры мільёны злотых, мой пане!
Голас музыкі ажно затрымцеў — бо і ўявіць такую суму было непадсільна.
— Ён жа ў даўгах увесь, наш пан падскарбій, — гучным шэптам удакладніў шчуплы скрыпач. — Гулец, якіх свет не бачыў. У Вільні, кажуць, на такога мазурыка ў гульнёвым доме напароўся, што й карэту з коньмі прайграў, і частку маёнткаў. Цяпер староства Ашмянскае прадае пану Коцелу. Пані падскарбіева гадоў пяць асобна жыве.
Шляхцюк у серабрыстай чузе гучна захроп, аж паўлінавыя пёры на шапцы скрыпача, што ляжала між талерак, затрапяталі, бы ад ветру.
— А як маюцца дзеткі самога пана падскарбія Брастоўскага?
Вырвіч пастараўся задаць пытанне абыякава, кінуўшы пагрозлівы пагляд на Алеся, які адразу страпянуўся.
Мандаліншчык запэўніў, што яемосць Барбара падскарбічанка ў добрым здароўі.
А хіба няма другой дачкі?
Мандаліншчык зноў панізіў голас:
— Была, чуў, яшчэ дачка... Яе пан Міхал з Германіі прывёз, сказаў — ажаніўся там. Толькі ніхто не ведае, з кім шлюб пан Брастоўскі браў, а мо пад плотам яго справілі. Шалапут пан Міхал заўсёды быў неверагодны, бацькоў засмучаў. Не чуваць нічога пра тую дзяўчыну, а яна, мусіць, вялікая ўжо. Ці памерла, ці замуж выдалі.
— Не, ніхто з нашых не казаў, што на ейным вяселлі граў, — задумліва засведчыў скрыпач. — Мусіць, у кляштар аддалі нябогу.
І спачувальна перахрысціўся.
Пранціш сустрэўся позіркам з Алесем: той ледзь стрымліваў хваляванне. Значыць, не дайшлі сюды чуткі пра забойства на Плябанскіх Млынах...
Музыкі хуценька дапілі сваё піва, пахапалі інструменты і адправіліся граць далей: карчмар ужо злосна махаў ім, відаць, багаты кліент запатрабаваў песень.
Ну што ж, значыць, заўтра — у Ашмяны!
І лепш не думаць, што зараз адбываецца з Баўтрамеем Лёднікам... І ці жывы ён яшчэ.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Ашмянскія нявеста, аптэкар і кат
У «Кнізе пра звяроў ды пачвараў», напісанай сярэднявечным мніхам, згадваецца пра племя з вострава ў Чырвоным моры, што гаворыць на ўсіх мовах свету. Калі трапляе на востраў госць, тубыльцы пачынаюць пералічваць яму ўсю ягоную радню да дванаццатага калена. А як глузды ў небаракі пад цяжарам генеалогіі паедуць, тут яго на кавалачкі раздзяруць і сырым з’ядуць. Без солі. Затое з радаводам.
Шляхта, што з’ехалася ў Ашмяны, гатовая была адзін аднаго, не падсмажваючы, з’есці, бо радаводамі мерыліся ўсе. Хто паперадзе каго мусіць на імшы стаяць, у дзверы прайсці, да княжацкіх мосцяў бліжэй пасунуцца...
Людцы ля францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на які яшчэ Аляксандр Ягелончык фундуш запісваў, выцягвалі шыі то ў адзін бок, то ў другі, не раўнуючы гусіны статак у чаканні кармёжкі.
— Едуць, едуць!
Твары павярнуліся ў адзін бок. Зашаргаталі аксамітныя дылеі з сабаліным футрам і простыя сукманы, ускалыхнуліся фальбоны і пёры на шапках, затупалі ўсхвалявана па бруку чырвоныя боты з бліскучымі падкоўкамі і стаптаныя кабці... Задудзеў, забразгаў прывітальна аркестр, быццам лісліва загаўкалі, падвываючы, мядзяныя сабачкі...
— Не прыехаў вялікі гетман... Прадстаўніка прыслаў... Вунь, у кармазінавым жупане... І пасла, пасла няма...
Шэпат быў расчараваны. Чым болей нобіляў — тым болей выкаціцца бочак віна дзеля свята.
— Жаніха і нявесту вязуць! Віват!
Да касцёла набліжаўся дзіўны экіпаж, нібыта з’ехаў са старонак кнігі пра фею Мелюзіну. Шэсць белых коней з лазуркавымі плюмажамі ступалі нага ў нагу, дзвюма правымі, дзвюма левымі адначасова, як мядзведзі толькі са звяроў ходзяць ды спецыяльна навучаныя коні. Велізарная пазалочаная карэта з дахам-купалам, аздобленая бела-ружова-лазуркавымі эмалевымі накладкамі ў выглядзе дзівосных раслін, адкрытая з абодвух бакоў. Тыя, хто ехаў на высокіх, абцягнутых белым аксамітам лаўках, былі відочныя натоўпу, як каштоўныя камяні, выкладзеныя для прынады пакупнікоў у вітрыне злотнікаўскай крамы. Двое з натоўпу, ладны светлачубы шляхцюк з блакітнымі вачыма і даўгалыгі сур’ёзны юнак з бледным тварам і цёмным паглядам аказаліся прыціснутымі да Святога Баўтрамея, што нёс варту злева ад касцельнай брамы. Драўляныя вочы святога задуменна і трохі збянтэжана паглядалі ў беларускае неба, ледзь прыкрытае парванымі карункамі аблокаў.