Прадстаўнікі старосты Юзафа гарлалі пра святыя шляхецкія правы. Сам староста маўчаў, толькі нізка хіліў галаву, ад чаго ягоны горб выпіраў нават праз футра. Пан Антоні Тызенгаўз не прымаў асабіста ўдзелу ў гармідары, сядзеў, скрыўлены, як пусты бот. Пані Тэрэза, дзеля якой уладкавалі ў правым куце мяккі фатэль, абцягнуты залатой парчой, абмахвалася веерам, быццам на бале. Што праўда, у зале надыхалі, як у карчме.
Да засмучэння старосты і Радзівіліхі, вынік па справе наследавання — а сярод маёнткаў значыліся багатыя Цімкавічы, між іншым — усё-ткі адклалі на тыдзень.
Пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі прыняў з рук пісара новую справу. Вырвіч пазнаў тэчку і ўвесь падаўся наперад: удалося ўсё-ткі задзейнічаць былыя сувязі! Не ўсе тут скурвіліся!
— Заява шляхціца Франтасія, сына Антоніева Вырвіча, герба «Гіпацэнтаўр», аб пераглядзе справы забойства панны Праксэды Браставічанкі. Ягамосць пан Вырвіч разглядаў гэтую справу ў якасці менскага гродскага суддзі і сцвярджае, што яго несправядліва абвінавацілі ў неадпаведным судзействе. І ён гатовы тое давесці.
Сказаць, што пасля гэтых слоў пачалася бура — дык і не скажаш. Хутчэй, маленькі Апакаліпсіс. Добра, што на кадэнцыі Трыбунала забаранілі прыходзіць са зброяй. Таму люд паспаліты проста штурхаўся ды гарлаў. Пранціш рашуча працерабіў сабе дарогу да паспалітых суддзяў, зразумела, зноў з дапамогай капаніцкіх гайдукоў — нездарма адбіраў самых дужых. Прывезеныя з Белага Камня парубкі Сцяцко ды Грыцько якраз адпавядалі, таму зараз волат Грыцько з казацкай зухаватасцю расчышчаў свайму пану і выратаваўцу шлях, кідаючы ненавісныя позіркі на расфуфыраную «пані Тэрку», а чарначубы Сцяцко ішоў у ар’ергардзе.
— Гэта тычыцца толькі маёй сям’і! — гарлаў пан Міхал Брастоўскі. — Забараняю!
— Пазбавіць слова! — напіналіся людзі старосты. А з боку пані Тэрэзы нехта рашуча прабіваўся да нахабы ці не з кінжалам у рукаве.
Пан Лапацінскі запатрабаваў цішыні.
Пранціш, гледзячы ў трохі запалыя светлыя вочы законніка, не раўнуючы два ледзяшы, гучна нагадаў абставіны справы. І што выклікала ў яго, як суддзі, сумненні ў вінаватасці доктара Лёдніка.
— А вось і галоўны аргумент.
Да Пранціша ягоныя гайдукі падвялі захутаную ў плашч жанчыну. Тая скінула з галавы каптур, абвяла смелым шэрым позіркам публіку — пані Тэрэза ажно прыўстала з месца, а пан Міхал проста падскочыў, як пячкур на распаленай патэльні.
— Я — Праксэда з Брастоўскіх, вашыя мосці. Сведчу, што доктар Лёднік не забіваў мяне, і ніколі ні ён, ні ягоная жонка, мае дабрадзеі, не спрабавалі гэтага зрабіць і ўчыніць мне прыкрасць.
Ведаеце, што ў гэты момант падумала большасць прысутных?
Не пра тое, што ж насамрэч здарылася з дзяўчынай.
Не пра тое, што несправядліва асудзілі пана Лёдніка і выгналі суддзю Вырвіча.
А пра тое, як здорава будзе распавядаць пра гэтае здарэнне сёння ж увечары, і заўтра, і да канца жыцця — у сямейным коле, за сяброўскім келіхам, у свецкім салоне. Як можна тым расповедам, прыкрашаным фантазійнымі дэталькамі, прыцягнуць да сябе падчас гасцявання ўвагу ўплывовага суседа.
Таму ў зале запанавала адносная ціша — ніхто не хацеў упусціць ні слова, толькі вочы цікаўнікаў ажно свяціліся.
— І дзе ж у такім разе вы знаходзіліся, вашамосць, увесь гэты час?
Праксэда не збянтэжылася ні на імгненне.
— Перапрашаю панства, але пан бацька змушаў мяне супраць маёй волі выйсці замуж за прысутнага тут яснавяльможнага пана Якуба Радзівіла. Не ў змозе знайсці належных для пачцівай жонкі пачуццяў, я наважылася збегчы і прысвяціла сябе догляду за хворымі ў шпіталі ў Гародні. Мая хросная маці, яемосць пані Тэрэза Радзівіл, даведалася пра мае няшчасці і забрала да сябе, — Праксэда павярнулася да хроснай, якая пачырванела так, што відаць нават скрозь бялілы. — А потым яемосць дапамагла мне з’яднацца з пачцівым чалавекам, да якога я маю сардэчную схільнасць. Спадзяюся, яемосць пані Тэрэза пацвердзіць мае словы, бо мае вочы добра бачаць ману і праўду.
Праксэда зірнула на падстаўнога староставага брата і на самога пана старосту — вузкі доўгі твар гарбунка пайшоў чырвонымі плямамі. Утаропілася ў вырачаныя вочы хроснай. Пранціш падумаў — ці не надарыцца з той прыпадак, як у Белакамскім замку?