Выбрать главу

— Мяняемся.

І з’едліва пасміхнуўся:

— Але пасагу не чакайце. Ні шэлега. Вам і так скарб прываліў — Праксэда вучоная. Адзінае, што скажу, — не шкадуеш ты свайго сына, доктар.

Абвестку пра тое, што бакі дасягнулі згоды, адны віталі, другія сустрэлі расчараваным гудам. А пабіцца? А кагось да ганебнага слупа ці ў вежу паслаць?

І калі ўсё было нібыта вырашана наконт узгаднення неадпаведнага шлюбу, упёрся пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі.

Законнік доўга разважаў пра заняпад нораваў і пра святасць Статутаў. Згадваў плюгаўствы, якія даводзіцца ў гэты жалезны век назіраць: то жонка ад мужа ўцякае, то дачка ад бацькі, то жэняцца неадпаведна ўзросту. Вось раней, у залаты век, пакуль малады чалавек не давядзе сваю годнасць у слаўных бітвах, не заслужыць добрай пасады, і не падумае жаніцца. Тым больш з асобай старэйшай за сябе, без пасагу і заганных для шляхетнай дзяўчыны паводзін. Дзеўка-лекарка! Куды свет коціцца!

Праксэда стаяла, ганарыста выпрастаўшыся і не гледзячы па баках — а гэта не так лёгка, калі ўсе на цябе зіркаюць ды абмяркоўваюць. Алесь рашуча ўзяў яе за руку, што выклікала яшчэ адзін няўхвальны позірк маршалка.

Пранціш разумеў — трэба ўжыць увесь судзейскі досвед. Ягоная гарачая прамова, падмацаваная цытатамі ды спасылкамі, нібыта пачала кранаць сэрцы. Але не ўсе.

— Вы, вашамосць пан Вырвіч, нават як былі суддзёй гродскім, не навучыліся ставіць закон вышэй пачуццяў, — вёў сваё Лапацінскі. — Расказвалі мне, як ваш кумпан, прысутны тут доктар, егіпецкіх змей суддзям паказваў ды мячом князя Глеба махаў. Артыкул Статута — не аракул і не гараскоп, у ім мудрасць пачцівых продкаў...

— Хіба ягамосць Лапацінскі не прызнае Божага прадвызначэння? Неба — суддзя найвышэйшы ад чалавечых законаў! — ятрыўся Пранціш. — Здараецца, для справядлівага прысуду трэба ўлічыць надзвычайныя абставіны!

Маршалак пакрывіў бледныя вусны:

— Я добры хрысціянін, васпан. Вядома, веру ў знакі, што спасылаюцца зверху. Вось толькі ў дадзеным выпадку нешта я не бачу такога знаку.

І тут у шыбу нешта ўдарылася так гучна, што людзі мімаволі азірнуліся. Са звонам пасыпалася шкло, за акном мітусіліся чорныя цені варання... А ў залу заляцеў белы галуб. Ляцеў ён вельмі мэтанакіравана і сеў на плячо панны Праксэды. Не зусім рахмана, а нават абурана палопаў крыламі. Добра, не абгадзіўся са страху, але супакоіўся і пачаў чысціць і ўкладваць пёркі.

Праксэда, хоць не завішчэла і не адхінулася, выглядала такой жа агаломшанай, як большасць прысутных. Значыць, не распавёў ёй мужанёк ліпавы пра свае магічныя здольнасці. А яны вось, наяве. Пранціш выдатна пазнаў гэты пільны цёмны позірк, якім Алесь глядзеў на чарговую паддоследную істоту. Бутрыму не трэба было тлумачыць, адкуль цуд — але ён толькі злёгку нахмурыўся.

— Ну вось вам і знак, пан Лапацінскі! — развёў рукамі Пранціш.

Ого, колькі цікавага распавядуць пра гэтую кадэнцыю Трыбунала, апошнюю ў Менску!

Цяпер Аляксандр Лёднік лічыўся законным сужонцам Праксэды. І найлепшае, што можна было зрабіць, — уцякаць адсюль як падалей, разам з таямніцамі, за якія забіваюць.

Вунь і пан староста Юзаф хуценька звёў свайго падменнага братку. І пані Тэрэза Радзівіл за імі кіруецца.

— Пан Лёднік, вас хоча неадкладна бачыць ягамосць падскарбі Антоні Тызенгаўз!

Каралеўскія гвардзейцы — людзі пачцівыя, асабліва калі пры шабельках, адмаўляць ім не хочацца.

— Я твайго бацьку пачакаю, а ты зводзь хутчэй сваю пані! — скамандаваў Вырвіч Алесю.

Але тут заўпарцілася Праксэда: разам сюды прыйшлі, разам сыдзем. Вядома, як яна свайго куміра кіне? Алесь сумна ўсміхнуўся.

Цікава, ці атрымаецца што ў гэтай пары?

І яшчэ Пранціш зразумеў, што так раздражняла яго ў панне Праксэдзе. Яна вельмі нагадвала ягоную былую нявесту, Раіну Міхалішыўну, прыгонную акцёрку. Разумная, высокая, гнуткая, іранічная. І ёй была адведзеная роля ахвяры. Але не будзе Праксэда прамяніста ўсміхацца, калі яе дратуюць. Увогуле не стане кагосьці счароўваць. Ці зіркне пагардліва, ці сцінецца і будзе маўчаць. Шмат іншых дробных неадпаведнасцяў — занадта высокая, занадта шэравокая — пакідалі адчуванне, быццам пабачыў згубленую дарагую табе рэч, а тады ўгледзеўся — зусім не яна.

Між тым шляхта расцякалася з судовага дома стракатымі ручаінамі — належала выпіць за ўдала вырашаныя справы і пабіцца за няўдала вырашаныя. Званы на Святадухавым саборы дадалі срэбра ў гэты лютаўскі дзень.

Лёднік вярнуўся змрочны, але калі гэта ён сеяў усмешкі?

— Даручэнне. Ганаровае і слізкае. Мяне чакаюць у доме на Францысканскай.