Зразумела, ніхто Чорнага Доктара са слізкім даручэннем аднаго не адпусціў. І Праксэда адмовілася вяртацца дадому.
— Няма чаго хавацца! Наадварот — няхай усе нас пабачаць, што мы — жывыя, апраўданыя і нікога не баімося!
У словах вучонай дзеўкі была свая праўда.
Праксэда рашуча ўзяла Алеся пад руку. І банда Чорнага Доктара адправілася ў свет далейшых прыгодаў па стаптаным менскім снезе, і глядзелі ім услед п’яныя шляхцюкі і цікаўныя мешчукі, а галубы кружлялі ў небе, і, напэўна, адзін сярод іх абураўся ды абураўся гвалтоўным сваім гасцяваннем у судовым доме.
Калі адышліся далей да Свіслачы і ўпэўніліся, што шпегаў побач няма, Лёднік распавёў. Усё-ткі зрабілі яго пасярэднікам паміж магнатамі. Яму належала сустрэцца з таемным пасланцом ад Пане Каханку і перадаць прапановы ад караля. Хаця — тс-с! — які кароль? Які Радзівіл? Вядома, яны ні пры чым, ведаць не ведаюць пра перамовы, свой гонар берагуць.
Патрэбны дом на Францысканскай, аднапавярховая камяніца з зялёным дахам, ахоўвалася не горш, чым каралеўская скарбніца. Прычым шляхта, што мітусілася ў двары, насіла колеры Радзівілаў, а некалькі белых з чырвоным жупаноў сведчыла, што тут прысутнічаюць альбанчыкі. Ого, відаць, і сапраўды Радзівілаўскія сілы гуртуюцца да вяртання правадыра.
Зрэшты, варта было Бутрыму махнуць канвертам, атрыманым ад Тызенгаўза, гасцей ледзь не бегма праводзілі ў дом.
— Пан доктар-магік! Пан Аляксандр! Пан Вырвіч! Хэй-хо! А я страляць з арбалета навучылася!
Пранціш вылупіўся і ледзь не ўшчыкнуў сябе, каб праверыць, ці не спіць. Паненка Рэгіна Агалінская ў блакітнай сукенцы ў дробныя гарохі, без крыналінаў і шлейфаў, ззяла рудымі валасамі, рабацінкамі і ўсё яшчэ шчарбатай усмешкай.
А вось і татухна руды.
— Вітаю вашамосцяў! Ну што, доктар, ніяк не разбягуцца нашыя сцяжынкі?
Пан Гервасій Агалінскі ў неахайна падпяразаным жупане трымаў куфаль, як антычны Вакх.
— А што за прыўкрасная паненка з вамі?
Аляксандр урачыста пакланіўся.
— Дазвольце прадставіць, вашамосць: мая жонка, пані Праксэда з Брастоўскіх.
— Што? Як вы маглі, вашамосць! — ад віску Рэгінкі ажно шкельцы ў шыбах задрыжэлі. — Вы павінны былі чакаць майго паўналецця! Здраднік!
На тое, каб калі не супакоіць панну, дык хаця б змусіць не верашчаць, давялося страціць два рэшаты часу. Калі абражаная паненка нарэшце сышла, Праксэда выпадкова заўважыла на сваёй смарагдавай спадніцы пляму сажы, падобную па форме да велізарнага кажана.
Калі толькі паспела амерыканачка!
Нарэшце дайшло да справы.
І інтрыга тут закручвалася наступная. Ягамосць Караль Радзівіл, паколькі ягоныя іерыхонскія трубы выявіліся слабаватымі, намацаў у перамовах з каралеўскім дваром яшчэ адну магчымасць для гандлю. Зараз Тызенгаўза больш за ўсё непакоіў князь Багінскі. Шпегі дакладвалі, што ён змоўшчык, і збірае новую канфедэрацыю. Але цяпер дзейнічае яшчэ больш нахабна, бо амаль парадніўся з расейскім паслом Штакельбергам. З якім у Панятоўскага зараз былі адносіны нацягнутыя, як струны арфы. І не выключана, што пасол вырашыць гуляць у палітычныя гульні на пару са сваім новым сваяком, вялікім гетманам. Панятоўскі, кароль батлеечны, пасядзіць пакуль на цацачным троне, а вось падскарбія надворнага Тызенгаўза дакладна папхнуць. Таму тэрмінова трэба разбурыць гэты небяспечны саюз, пасварыць Багінскага і Штакельберга. А Пане Каханку выдатна ведаў такі спосаб. Паколькі ягоны здрадлівы альбанчык Агалінскі распавёў яму пра лёс сваёй дачкі.
Так што не паспелі амерыканцы далёка адплысці, у порце Бары іх перахапілі.
І заўтра чакаецца яшчэ адна сенсацыйная справа ў Трыбунале. І хтосьці з банды Чорнага Доктара мусіў выступіць сведкам. Распісаць, як жорстка абыходзіліся Багінскія і Брастоўскія з малой Рэгінкай, як яна ўцякла ў бядотным выглядзе ад апекуна, як адмаўлялася стаць нявестай Штакельберга.
Калі ўсё ўдасца, Пане Каханку атрымае ганаровае запрашэнне да вяртання на добрых умовах і літасціва яго прыме. Князю Багінскаму, каб выкараскацца з сітуацыі і вярнуць секвестраваныя маёнткі без дапамогі расейцаў, давядзецца раскашэліцца і шмат у чым прыцішыць амбіцыі.
Так што кароль атрымае абодвух самых небяспечных магнатаў утаймаванымі.
А бандзе Чорнага Доктара за спрыянне — падтрымка ўсемагутнага падскарбія. Які, дарэчы, даволі рэзка нагадаў доктару Лёдніку, што той па-ранейшаму з’яўляецца чальцом Адукацыйнай камісіі і Неўсыпальнай каралеўскай рады, і цяпер, калі непаразуменні з законам вырашаныя, можа пакінуць свой пост толькі ў выпадку дзяржаўнай здрады. З адпаведнымі наступствамі. Ягамосць падканцлер Іяхім Храптовіч, старшыня камісіі, ужо чакае нядбайнага падначаленага з дакладам.