Дзе ж раней гэтыя камандзіры былі, пакінуўшы каштоўнага чальца рады на з’ядзенне магнатам?
Паміж ражном і агнём застаецца толькі засмажыцца.
— Вось што, сведчыць у судзе буду я, — заявіў Пранціш. — Я ні ад Брастоўскага, ні ад Багінскага не залежу.
— Дарэчы, заўтра пад’едзе брат пана Міхала, пан Адам, — весела ўсміхнуўся Агалінскі. — Мы з ім знаёмыя добра, ён дапаможа, калі што, свайго братку ўтаймаваць. Сумленны патрыёт! Даведаўся, што Полацак расейцы пазбаўляюць магдэбургскага права, і адмовіўся ад пасады старосты. Невялікі гонар зганьбаваным горадам кіраваць ад імя ганебных уладаў! Нічога, ягамосць Караль вернецца — у шляхты тутэйшай надзея з’явіцца!
— Дык што, пан Гервасій, вырашыў застацца? — зацікавіўся Пранціш. Амерыканец дапіў келіх і са шкадобай зазірнуў у ягоную шкляную пустэчу.
— Ды я б застаўся, але ж Паланэйка і сын там, за акіянам... Каб сужонка яшчэ чаго без мяне не ўтварыла... — з няёмкасцю перхануў Агалінскі. — Увесь гэты час баяўся, каб яна сюды не ірванула. Тады не разблыталіся б. Зноў жа, з ангельцамі вайна. Трэба армію збіраць. Я ў Італіі сустрэў аднаго добрага хлапца, Тадзіка Касцюшку. Ён якраз не пры справах — уявіце сабе, закахаўся ў дачку свайго працадаўцы Сасноўскага так, што паспрабаваў яе звезці. Але закаханых выкрылі — між іншым, не без дапамогі Станіслава Панятоўскага,
Цялка няшчаснага, якому па старым сяброўстве Тадэвуш сардэчныя справы адкрываў. Збілі небараку слугі ды кінулі, як смяццё. А ён у вайсковай справе — геній! Угаварыў яго, паедзе ў Амерыку. Дык яго звабіў — а сам што, у гарохі?
Страшэнны грукат, звон пабітага шкла, спалоханыя выкрыкі прыслугі і адчайны вэрхал курэй, гусей, сабак ды дамавікоў змусілі ўсіх кінуцца на двор. Паненка Рэгінка, захутаная ў белае заечае футрачка, трымала ў руках арбалет, з якога толькі што трапна пацэліла. Г аспадары гэтага дома паддаліся агульнай модзе і прыбудавалі невялічкае крыло для вырошчвання ўсялякай экзотыкі. І зараз дзякучы арандатарам гэтая экзотыка махала зялёным голлем на беларускім марозе і развітвалася з аранжарэйным кароткім шчасцем.
У вачах амерыканачкі блішчэлі непралітыя слёзы, а вусны былі злосна падціснутыя.
— Ого, які паляўнічы расце! — грымнуў пан Агалінскі, падцягваючы пас. — На мядзведзяў са мной хутка пойдзеш, вавёрачка!
— Алесь, знікаў бы ты адсюль з сужонкай, — ціха шапнуў Пранцысь на вуха хлапцу. — А то яшчэ атрымаеш стралой паміж вачэй ад няздзейсненай нявесты.
— Ты толькі руку прамей трымай, калі мецішся, вавёрачка, вось так. — чуўся за спінай аптымістычны голас Амерыканца, і зараз жа зноў пачуўся гук пабітага шкла.
Не лёс расці ў Менску лімонам, панове.
І зноў кружлялі над пляцам Волі белыя і чорныя, вароны і галубы. І зноў гарлала п’яная шляхта, і незразумела было, хто на чыім баку, таму што тыя, каму не паспелі заплаціць, жадалі падтрымаць пераможцу, а для гэтага трэба было загадзя вылічыць сыход справы. Два блізнюкі, Адам і Міхал, мераліся ненавіснымі позіркамі, а прыдворныя аднаго і другога задзіраліся і прызначалі двубоі.
Князь Багінскі, вядома ж, не прыехаў — як ён мог пакінуць свой цудоўны тэатр і арфу з удасканаленай педаллю! Яго інтарэсы прадстаўляў пан Міхал. І даволі няўдала. Бо законнік Лапацінскі нават слухаць не захацеў, як гэта пры жывым бацьку можна супраць ягонай волі прызначыць дзіцяці іншага бацьку. Здрада сармацкім ідэалам!
Расейскія афіцэры перашэптваліся, і, несумненна, вельмі хутка пасол Штакельберг даведаецца пра фіяска з заручынамі.
Пан Агалінскі ззяў. Рэгінка кранула паноў суддзяў расповедамі пра свае няшчасці. Пан Антоній Тызенгаўз сядзеў з фізіяноміяй задаволенай, як кот, што задраў тлустую птушку.
Толькі Баўтрамей Лёднік быў сумны. Дый Пранціш, нягледзячы на красамоўны выступ у якасці сведкі, не адчуваў аніякай радасці.
Да таго ж на выхадзе з судовага дома падбег Давыд і прашаптаў, што меў размову з катам Ігнарусам. Нейкую дзіўную ды плыткую, усю на філасофскіх алюзіях. Усё пра той жа Харонаў човен, з якога па сваёй волі не сыходзяць.
На пляцы, дзе стаялі ганебныя слупы, груганнём збіраўся народ. Кагосьці зараз будуць лупцаваць.
Тэрмінова ў Капанічы!
Праксэда спакавала рэчы і сядзела на куфры, сціснуўшы тонкія рукі. Алесь нервова хадзіў па здымным пакоі, паглядаючы на сваю чароўную даму пяшчотна і сумна.
А тая так і не змагла схаваць непатрэбнага позірку, якім сустрэла доктара.
Гэтак калісьці і на Вырвіча глядзелі. Светла-зялёныя вочы ягонай нявесты Раіны Міхалішыўны. З бязмежнай адданасцю і гэткай жа бязмежнай безнадзейнасцю.