Неба над Траецкім прадмесцем зрабілася шэрым, як брудная ануча. Відаць, вечарам паваліць снег. Прыслуга загружала куфры ў карэту.
Стралялі крокаў за дзвесце, з руінаў замка на тым беразе ракі. Стралкі ўмелыя, і зброя ў іх была самая лепшая, дарагая, прыстрэленая. Падобна, наразныя карабіны, замежная навінка.
А банда Чорнага Доктара на заснежаным двары — як чарніцы ў парцалянавай місе.
Пранціш, быццам у страшным сне, бачыў, як павольна Бутрым падае, як адпаўзае за карэту, і за ім цягнецца крывавы след. Кулі ўспорвалі белыя апранахі зямлі. Аднаго каня паранілі, ён пачаў уздымацца на дыбкі, разам з напарнікам туды-сюды са страшным іржаннем валакаў карэту. Пранціш кінуўся да доктара, каб адцягнуць у бяспечнае месца. Апякло плячо. Навалачы! Вырвіч кінуўся за дрывотню і бездапаможна агледзеў наваколле. Адзін гайдук ляжаў ніцма, галавой на ганку, і ягоныя вочы ўжо ашклянелі. Гэта ж Грыцько, якога пані Тэрка ледзь не прадала ў рэкруты! Нядоўгай была ягоная воля.
Двое другіх гайдукоў прыхаваліся за рагом дома і пулялі ў белы свет, непрыцэльна, так, ад злосці і безнадзейнасці. Чарнявы Сцяцко дык увогуле выў, як дзікі звер, і каб бачыў перад сабой забойцу свайго брата — мусіць, зубамі парваў бы.
Бутрым, здаецца, спрабуе адпаўзці. Пранціш кінуўся да яго і ўсё-ткі адцягнуў за дровы. Чорны Доктар заціскаў рукою рану ў левым баку.
— Алесю. дапамажы. Праксэда.
Пранціш агледзеўся: яму здавалася, што маладыя ў больш бяспечным месцы, чым Бутрым.
Дактаровіч моўчкі стаяў на каленях і прыціскаў да сябе захутаную ў серабрыстае футра жонку, кранаючыся вуснамі русявых валасоў. Яна ляжала ў яго абдоймах вельмі ціха, схаваўшы твар на грудзях. Адна яе рука звесілася. І Вырвіч з жахам усвядоміў, што вельмі неяк нязручна павернутая гэтая тонкая даланя.
Стрэлы між тым сціхлі. Цёмныя руіны замка здзекліва паглядалі чорнымі прагаламі на месцах вокнаў.
І больш не засталося нічога светлага пад гэтым шэрым небам, акрамя мёртвага снегу.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Залатыя паўліны ваяводы
Паміж падстрыжаных у форме шароў і сэрцаў кустоў праносілася сюдытуды нешта бліскучае. Быццам звар’яцелая камета не магла зразумець, дзе тут неба.
— Прабацька Абрам, ніяк не прывыкну. — сплюнуў чарнявы фацэт у наймодным французскім строі — смешны каптан з кароткімі крысамі спераду і даўжэзнымі ззаду, белыя штаны, чырвоныя вузкія боты — амаль сабе беларускі бусел. — То малпа на капялюш абрынецца, то мядзведзь дзверы ў флігель адчыніць. Вось — паўлінаў пазалацілі!
— Добра, што не прыслугу, — меланхалічна азваўся дзюбаносы высокі змрочны тыпус у чорным простым каптане. — Нядаўна ледзь адратаваў такога. херувімчыка. У Гарадзенскім тэатры ўздумалі ў спектаклі жывых дзетак пазалочанымі на сцэну пускаць. У выніку — гіпатэрмія, атручванне арганізму. Добра, паспелі мне прывезці няшчаснае дзіця. А другое дзіця, дзяўчынка, памерла — ніхто ўвагі не звяртаў за кулісамі, як яна мучылася.
— Спадзяюся, нашаму князю такое не прыйдзе ў галаву, — перасмыкнуў плячыма фацэт. — Пакуль што ў нас усяго толькі Гібралтар.
Спадарожнікі фацэта, згаданы змрочны тыпус і ладны блакітнавокі шляхцюк, — утаропіліся ў яго з непаразуменнем.
— Ну, баталія марская рыхтуецца на Нясвіжскіх каналах, — цярпліва патлумачыў фацэт. — Ягамосць за мэту ўзяў — давесці кожнаму, асабліва каралю, што ён тут самы багаты і магутны, вось і выдумляе розныя фінфы.
— А ты, Давыдзе, як у Нясвіж трапіў? — русачубы блакітнавокі шляхцюк упэўнена крочыў па сцежцы, пасыпанай белым, як цукар, пяском.
— Ну, з Брастоўскімі давялося развітацца, добра, не прыбілі, — уздыхнуў Давыд. — А мая парфума — адметная на ўсё княства і каралеўства! Я магу намяшаць для пана ваяводы хоць пах эдэмскай слівы, хоць слязу русалкі. Ягамосць дужа мае сродкі любіць. Было каму рэкамендаваць, дзякуй пану Рысю.
Між тым параўняліся з афіцэрамі залатой харугвы, ваяводскай гвардыі. Дужыя шляхцюкі ў белых жупанах з залатымі гузікамі праводзілі гасцей падазронымі позіркамі.
— Ты не ведаеш, Давыд, што ад нас ягамосці трэба? — парушыў маўчанне малады шляхціц.
— Ніхто таго ведаць не можа, шаноўны пан Вырвіч, — запэўніў Давыд. — Бо з раніцы ў галаву нясвіжскаму ардынату прыходзіць адно, у абед — іншае, а вечарам ён ужо гарлае: «Трубы і літаўры!» і патрабуе трэцяга.
Між тым дайшлі да ўвахода ў палац, і герб на фасадзе на ўсе бакі свету трубіў пра веліч уладара.
— Ягамосці пан Баўтрамей Лёднік, чалец Адукацыйнай камісіі, і пан Пранціш Вырвіч з Капаніч, да ягонай яснавяльможнай мосці!