Выбрать главу

Пранціш сумна ўсміхнуўся: вось і дажыў, што імя ягонага былога слугі абвяшчаюць перад ягоным імем, нашчадка Палямона!

— Галоўнае, не спрачайцеся з ваяводай і не смейцеся, калі пачне казкі баяць. — ціха шапнуў Давыд і з пачцівай усмешкай паспяшаўся да купкі расфуфыраных панечак, як ёсць — аматарак выбітной парфумы. Гаспадыні ў палацы не было — ваявода развёўся з пані Тэрэзай са Ржавускіх, і даволі гучна. Але дамы фраўцымеру прысутнічалі, як жа без кабетаў пры двары. Дый шаноўная сястра ваяводы, пані Тэафіля Мараўская, нярэдка тут гасцявала. Кажуць, магла і братку свайго перамагчы ў Бахусавым спаборніцтве.

— А, вось і мой доктар.

Пане Каханку, самы багаты чалавек у краіне, што амаль памерла, раскінуўся ў фатэлі ў самым заквэцаным белым жупане, які каля жывата нагадваў расфарбаваны глобус. Ля ног пана ляжаў сетэр, ягоны ўлюбёнец, па левую руку пагойдваўся незразумелы тыпус, лысы, бязвусы, худы, як пуга. Як толькі зрэнкі тыпуса, што мітусіліся, быццам шарык рулеткі, спыніліся на доктары, тыпус перамяніўся. Ягоны твар яшчэ больш выцягнуўся, вусны набылі пагардлівую складку, нос нібыта загнуўся ўніз. Двое палацавых лізунчыкаў, што шыліся ля ардыната, выбухнулі ліслівым рогатам. Ваявода перавёў позірк на лысага дзівака, на доктара, і таксама зарагатаў: крыўляка вельмі дакладна пераняў знешнасць Лёдніка.

— Не крыўдуйце на майго блазна, вашымосці, ён нямы, але на штукарствы ўсялякія здатны. Цішэй, цішэй, Пшчольчык, а то гэты пагрозны доктар табе клісцір паставіць. Ён ведаеш, як спрытна ставіць клісціры?

Баўтрамей пачціва перачакаў, пакуль уладар і ягоная світа адсмяюцца, а блазан прымаў ганарыстыя паставы і кідаў перабольшана пагрозныя позіркі.

— Рады служыць вашай княскай мосці.

Вырвіч прамовіў нешта гэткае ж пачцівае.

— Гэта праўда, доктар, што ты маю былую жонку, гадзюку, лекаваў?

Лёднік зноў пакланіўся:

— Я — лекар, вашамосць, я мушу дапамагаць кожнаму, хто мае ў тым патрэбу.

— Ну-ну. — князь пагрозна выкаціў на доктара пукатыя мутна-блакітныя вочы. — Хіба не твой сын абвінавачваў Тэрэзу ў судзе, што яна забіла ягоную маладую жонку? А потым нейкую лухту нёс пра падмену майго стрыечнага брата?

Лёднік не змяніўся ні рысачкай.

— Мой сын — малады, гарачы юнак. Гора адняло ў яго асцярогу. У нас былі падставы меркаваць, што да нападу на нашу сям’ю былі датычныя альбо яемосць пані Тэрэза, альбо пан Міхал Брастоўскі, цесць майго сына, альбо пан Юзаф, староста Менскі. Але доказаў аказалася недастаткова.

— Яшчэ б! — фыркнуў князь. — Уздумалі, шарачкі бязродныя, з князямі вадзіцца. Навука вам наперад. Радуйцеся, што за паклёп да ганебнага слупа не выставілі.

— Выставілі, вашамосць, — меланхалічна абвесціў Лёднік. — Мяне.

— Ты ж нібыта маеш патэнт на шляхецтва? — троху здзівіўся пан Караль.

— Гэта было не па суду. Бутрым узяў на сябе ўсю віну за словы сына, — паспяшаўся патлумачыць Пранціш. — Паколькі абраза была адразу некалькіх уплывовых асоб — старосты менскага з ягоным братам, падскарбія літоўскага, пані Тэрэзы са Ржавускіх, тыя настойвалі на пазбаўленні маёмасці і гонару. А тады каб Баўтрамей адказаў не па артыкуле дваццаць сем трэцяга раздзела Статута, а па артыкуле дваццаць два, як бы не шляхціц абразіў шляхціца — пакаранне ля ганебнага слупа. Але ўрэшце пагадзіліся вырашыць справу прыватным чынам. Маёмасць і шляхецтва застаюцца ў сям’і, доктар Лёднік аддаецца на волю пана Міхала Брастоўскага. Абражаныя асобы засталіся задаволеныя сатысфакцыяй і прынесенымі выбачэннямі.

На Пане Каханку пачутае не зрабіла асаблівага ўражання, ён толькі абыякава пацікавіўся:

— І многа табе ўсыпаў Брастоўскі ля слупа, пане каханку?

— Мне даводзілася цярпець горшае, ваша княская мосць, — спакойна адказаў Лёднік. — Усё прамінае, і гэта прамінула. Сын вучыцца ў Венскім універсітэце, ён таленавіты медык і натураліст. Дзякуй богу.

Пранціша перасмыкнула. Хацелася выкрасліць з памяці тыя жудасныя падзеі. Як хавалі бедную Праксэду на Кальварыйскіх могілках Менска. Як Алесь крычаў на іх з Бутрымам — навошта былі ўсе гэтыя хітрыкі, дамовы з магнатамі? Урэшце самавольна падаўся ў суд. І што з ім было, калі даведаўся, што не толькі ніхто не будзе заводзіць справу, але й ягонаму бацьку давядзецца зведаць публічную ганьбу за паклёп. І як Пранцішу давялося ўласнаручна скруціць недарасця, каб не нарабіў гвалту. І як Бутрым, які яшчэ не ачуняў ад раны, пагадзіўся дзеля сям’і на неадпаведнае шляхціцу пакаранне ў якасці сатысфакцыі і на цікаўных вачах натоўпу ў ашмянскім уладанні пана