Брастаўскага падстаўляў спіну пад бізуны. Як трэслася ад плачу Саламея. Як выскаляўся ашмянскі кат Ігнарус, якому даверылі важную справу пакарання таго, хто абразіў ягонага пана. Дачакаўся местачковы Харон сваю ахвяру. А што ж — пан Панінскі, няздзейснены маршалак здраднага Варшаўскага сойму, патрабаваў, каб Тадэвуша Рэйтана за тое, што самавольна адабраў у яго маршалкоўства і перашкаджаў падзелу краіны, таксама білі ля ганебнага слупа. Добра, не здзейснілася. А магло. Гнеў і бяссілле. Не дай Гасподзь каму зведаць гэты напой і дапамажы застацца пасля яго на светлым баку быцця.
— Адной з умоў, што пані Тэрэза даруе паклёп, і было, каб Баўтрамей Лёднік адпрацоўваў нанесеную ёй шкоду лекарскім сваім майстэрствам, — змрочна дадаў Пранціш. — Вось Бутрым і наведваў пацыентку, пакуль яна не з’ехала.
Так, прыдумала пані Тэрэза, як вярнуць сабе забаўку. Праўда, Бутрым умеў яе ўтаймоўваць, можа, адзіны з усіх. Ды яшчэ і — неверагодна! — шкадаваў. Маўляў, ніхто не нарадзіўся пачварай. У пані сваё пекла было, з якога яна калекай выйшла.
Блазан смешна перакрывіўся і раптам зрабіўся падобны да акрутнай пані Тэркі, захістаў сцёгнамі, пачаў папраўляць неіснуючую фрызуру.
— А шкада, што гэтую сучку Ржавускую не ўдалося засудзіць ні разу, — злосна выгукнуў пан Караль, скасавурыўшыся на свайго Пшчольчыка. — Як гарох ад жалеза — усё ад яе адлятае. З тваёй нявесткай, доктар, не ведаю, што за цёмная гісторыя была. А вось у мінулым годзе, калі я разводзіўся, паслаў у Белакамскі замак свайго вернага шляхціца Чашэйку, каб забраў мой падарунак, каштоўныя перліны, якія маёй маці належалі. Дык гэтая нягодніца напачатку паспрабавала майго пасланца спакусіць. А калі не ўдалося — аддала яму перліны, забраўшы мой ліст на тое. Чашэйка толькі выехаў з замка — абвесціла, што ён яе абакраў. Небараку схапілі, тлумачэнняў слухаць не сталі. Тут жа асудзілі і адсеклі галаву!
Вочы Пане Каханку наліліся крывёю.
— Мярзотніца! Забіла сумленнага шляхціца! І ўсё адно працэс скончыўся нічым. З’ехала ў Вену. Мне пісалі, зараз пасябравала са старой імператрыцай. За багамолку сябе выдала, несправядліва асуджаную!
Князь так раззлаваўся, што ягоны ўлюбёны сэтэр падняў вузкую доўгую галаву і ўтаропіўся цёмнымі вільготнымі вачыма ў гаспадара.
Тут жа слуга паднёс ваяводу келіх, і белы жупан прыкрасіўся цёмнымі пацёкамі распырсканага напою. Ваявода супакоіўся, выцер вусы рукавом.
— Адзінае што цешыць — само неба заразу карае. Кажуць, неяк яна малілася, і на яе мышы напалі. Ці пацукі. Проста ў капліцы. Усю сукенку згрызлі.
Пранціш разумна прамаўчаў пра сваю раптоўна ўзніклую гіпотэзу наконт містычнага здарэння.
— А памятаеш маю венецыяначку Апалонію, доктар, якую ты ўсё лячыў? — Пане Каханку ажно прыцмокнуў языком ад салодкіх успамінаў. — Калі даведалася, што я яе з сабой не вазьму, аж схуднела, небарака, ад гора. Я ўжо добра ёй дыяментаў сыпануў — бо з красой сваёю з-за мяне рассталася, небарака...
Пранціш падумаў, што Апалоніі пашанцавала, цяпер не трэба наганяць на сябе тлушч. А з грашыма нясвіжскага ардыната і схуднеўшы лёс свой уладкуе.
— Ваша княская мосць, у мяне да вас просьба... — паспешліва загаварыў Лёднік. Князь скрывіўся, прамармытаўшы, што каб да яго без просьбаў хтось прыйшоў, не бывае, як не бывае пірага без мукі.
— У мяне ёсць слуга. Сцяпан Налівайка. Г айдук, адважны і бясстрашны. Калісьці я вывез яго з ягоным братам Рыгорам са Львоўшчыны. Там пані Тэрэза разам са сваім амаратам панам Богушам учынілі бязбожны гандаль — прадавалі сваіх падданых у аўстрыйскую армію. Сцяпана з братам таксама мусілі прадаць. Рыгор загінуў, калі на нашу сям’ю напалі, абодва нас абаранялі. І цяпер пані Тэрэзе данеслі, што ў нас хаваецца ейны прыгонны.
— І што я мушу зрабіць, пане каханку? — незадаволена перабіў ваявода. — Збеглых сялянаў належыць вяртаць гаспадарам. Што мне загадаеце рабіць, калі маіх пейзан пазвозяць розныя дабрадзеі? Ручкай услед махаць?
Лёднік на імгненне апусціў вочы, каб не выказаць гнеў. Слова ўзяў Пранціш:
— Ваша княская мосць, Сцяпан родам менавіта з таго сяла, якое паводле шлюбнай дамовы засталося ва ўладаннях вашамосці, узамен за іншае, саступленае пані Тэрэзе. Гэта была б міласэрная справа, каб вы прызналі Сцяпана Налівайку вашым падданым і тым не далі пані Тэрэзе з ім расправіцца.
Ваявода не выглядаў надта задаволеным — з-за нейкага мужыка дураць галаву.
— Добра, пакідай сабе свайго гайдука, Лёднік. Скажу, каб ліст у суд адпаведны зрабілі. Узамен жа паслужы мне.
— Усім, чым магу, вашамосць.
А планы ў Пане Каханку на Чорнага Доктара выявіліся грандыёзныя. Ваявода не мог забыцца на тую чароўную венецыянскую ноч, калі ў цёмнае неба ўзляталі палаючыя ліхтары, і паветраная гандола падняла Аляксандра Лёдніка да каменнага льва.