Князь хацеў паўтарыць відовішча.
Хай усе ведаюць, у каго патэнт на ўсё цудоўнае ў гэтым краі! А то вунь худапахолак Панятоўскі зганьбаваўся: вырашыў давесці ў чарговы раз сваё высокае паходжанне. Сабраў людзей у палацы, каб падзівіліся на пячатку святога Тарэла, ягонага міфічнага продка, якая яму нібыта ў спадчыну дасталася. Людцы прыйшлі, аб’елі манарха, абпілі, натанчыліся, напляткарыліся і ўсё пабачанае высмеялі. Ніхто не паверыў у каштоўнасць някідкага круглячка з выявай цялка. Так што давялося Стасю перадаць сваю рэліквію ў касцёл святога Станіслава.
Блазан зараз жа расправіў плечы, надзьмуўся — і стаў нечым падобны да караля. Пане Каханку не зарагатаў, але і не спыніў гэткую абразу манаршае персоны.
Так, Караль Радзівіл ведаў, хто сапраўдны кароль у гэтым краі.
І калі ў Нясвіжы людзі палятуць, як птушкі — ніхто не скажа, што гэта не цуд!
Вядома, ваявода тут жа распавёў, як уласнай персонай на паветраным караблі лётаў над Венецыяй і лавіў галубоў для адмысловага пірага. І выпадкова патрапіўся яму ў нерат паветраны цмок. Худы, бо прыляцеў проста з Кітая, за доўгую дарогу агаладаў. Аднымі жукамі ды вераб’ямі харчаваўся. Пан Караль прывёз злоўленага цмока ў свой венецыянскі палац, і той пачаў несці яйкі. А тыя яйкі — цалкам з самага цудоўнага малахіту. Вунь тыя чарачкі з яго зробленыя, на століку з чырвонага дрэва.
У гэтым месцы красамоўнага расповеду Пранціш ледзь не забыўся на тое, што трэба працягваць ківаць галавой з сур’ёзным і захопленым выглядам.
Лёдніку не зарагатаць удалося прасцей — не да смеху доктару. Дасюль смерць асістэнткі і гора сына лічыў ледзь не сваёй віной. А тут зноў нагадалі.
— Часам пакутуеш не ад таго, што сказаў, але і ад таго, што не паспеў сказаць, — мармытаў доктар сабе пад нос, калі яны ўжо выходзілі з палаца разам з Давыдам, што іх дачакаўся. На шчасце, ваявода, надаваўшы даручэнняў пра паветраную містэрыю, адпусціў Чорнага Доктара і ягонага сябрука з рэплікай «з табой усё адно піць нецікава, не ўмееш, пане каханку».
— Ты гэта да чаго, Бутрым?
Полацкі Фаўст горка ўздыхнуў:
— Гэта я наконт Праксэды. Я ж стараўся з ёй нават не размаўляць апошнія дні, позіркам не сустракацца. Не хацеў Алеся і Саламею раніць, дый ёй, думаў, будзе лягчэй з непатрэбным пачуццём справіцца.
— А сам справіўся? — рэзка папытаўся Пранціш. Бутрым схіліў чорнасівую галаву.
— Цяпер і не ведаю, што адказаць. Кавалак душы ў мяне дакладна вырваны, з крывёй. Прамільгнула яркай знічкай дзяўчына наша.
Між кустоў зноў замільгалі залатымі пер’ямі паўліны. Адзін з іх выпусціў у белы свет абураную агідную руладу.
— Дык Аляксандр зараз у Вене? — перапытаў Давыд. — Што ў яго чуваць?
Чорны Доктар уздыхнуў:
— Атрымаў учора ліст ад яго. Збівае хлапца з тропу пан Агалінскі. Заманьвае ў Амерыку, ваяваць на баку калоніі супраць англічан. Пан Гервасій, уявіце сабе, зараз генерал! І Тадэвуш Касцюшка ў камандзіры цэліць. Баюся, з’едзе Алесь. Добра хоць, выкінуў з галавы, што сваім з’яўленнем на свет прынёс мне адны няшчасці.
— А вы самі, дзядзька Бутрым? — пацікавіўся Давыд. — Не было спакусы кінуць гэтую зямлю з новымі парадкамі? Адсюль жа зараз усе з’язджаюць. Памятаеце Саламона Маймона?
— Вядома. Хлопец са светлай галавой. — кіўнуў Баўтрамей.
— Уцёк усё-ткі! З’ехаў у Еўропу. Дабраўся да Берліна, але там яго палічылі за блюзнера і вытурылі. Жабраваў, пешкі блукаў. Цяпер у Познані. Там добры асяродак вучоных людзей, не зашораных. Саламон імі ўважаецца за вялікага мудраца.
Пранціш успомніў нязграбнага юнака, якога ганяла суровая цешча.
— Што ж, хай яму шчасціць. А мне куды з роднай зямлі з’язджаць? — сумна адказаў Лёднік. — Працы шмат. Колькі школак за апошнія гады змаглі адкрыць, колькі таленавітых дзетак на шлях навукі направілі. У медычнай акадэміі зноў жа справа наладжваецца. Саламея хваліцца — падрыхтавала ўжо дзясятак добрых павітух, якія не будуць цукрам дзіця выманьваць падчас цяжкіх родаў, а возьмуць у рукі абцугі, як умела. Праксэда.
Цень прабегла па худым твары доктара.
— Жылібер батанічны сад ладзіць — не горш, чым у Ліёне будзе. Пастанавіў сабе задачу — апісаць у адным трактаце ўсю флору нашых мясцін. Гербарыі збірае — вучні не паспяваюць зёлкі ірваць. Зуброў узяўся вывучаць. Хоча зрабіць, каб яны ў няволі размнажаліся. Адна зубрыха ходзіць за ім проста па вулках Гародні, а ён корміць яе сенам з уласнага капелюша. Добра хоць, з’явіліся ў Жана і сардэчныя справы. Прыгледзела яго адна панечка. Ветраная, праўда.