Выбрать главу

Доказаў няма, кажа наш сябра. Ёсьць, вядома, адзiн вялiкi доказ злачынства. Злачынства адбылося. Яно ляжыць проста навiдавоку ва ўсiх нас. Тое, што злачынец - наш сябра, таксама ясна. Кожны з нас гэта ведае. Iнспэктар таксама гэта ведае. Але яму трэба яшчэ i даказаць гэта. I таму, што ён ня можа гэтага зрабiць, ён такi злосны. Таму ён так зацята перасьледуе нашага сябру. Прызнаньне - вось чаго хоча iнспэктар. Магчыма, тады ён нават паставiў бы крыж на ўсёй гэтай прыгодзе з прычыны нязначнасьцi. Не, кажа наш сябра, калiсьцi i я так думаў, раней. Цяпер я ведаю, што гэта абсалютнае змаганьне. Ну, можа не абсалютнае, але сур'ёзнае змаганьне.

Iнспэктар - злачынца, якому хапiла мужнасьцi, каб нешта зьдзейсьнiць. Вось жа ён i стаў на бок закону й парадку. Яшчэ больш iмаверна, што iнспэктар перасьледаваў бы мяне, што б я нi ладзiў. Ягоны досьвед зрабiў зь яго кагосьцi, хто мусiць перасьледаваць такога, як я. Мой досьвед зрабiў зь мяне кагосьцi, хто мусiць аднойчы выбiць у гэтага iнспэктара люльку з пашчы.

Натуральна, ён мае люльку. I адмысловы капялюш. I маленькую машыну, якую можна паркаваць дзе-любя. I жонку, якая не губляе цярплiвасьцi й не пужаецца, нават калi ён праз усю ноч не вяртаецца дадому. I iрляндзкага сэтэра, якi заўсёды паскугольвае ад адданасьцi, калi ягоны гаспадар ранiшнiм прыцемкам вяртаецца дадому. Наш сябра ведае кожны крок, якi робiць iнспэктар, i кожнага ягонага начальнiка, i кожнага супрацоўнiка.

Наш сябра, строга кажучы, куды больш пiльна сочыць iнспэктара, чымся iнспэктар яго. Апошнiм часам у нас нават склалася ўражаньне, што ён упiкае iнспэктару нядбайнасьць. Iнспэктар замала пераймаецца iм, так ён кажа. Мусiць, тут ход толькi пра новы вiд змаганьня, кажа ён. Iнспэктар хоча справакаваць мяне. На жаль, наш сябра ня можа адказаць на стрыманасьць iнспэктара тым жа. Ён гутарыць пра iнспэктара тым больш, чым менш той пераймаецца iм. Мiжсобку, гэта значыць, калi нашага сябра няма, мы кажам: iнспэктар перамог.

Спадзяемся, што ён пра гэта ня ведае, кажам мы. Мы баiмся, што наш сябра разбурае свой апошнi шанец. Калi б ён здолеў авалодаць сабой, калi б ён кiнуў урэшце бегаць за iнспэктарам, калi б ён здолеў трохi больш пасьпяхова супрацьстаяць свайму прымусу ўвесь час гаварыць пра сваё стаўленьне да iнспэктара, тады была б яшчэ спадзяванка, што iнспэктар не даведаецца, наколькi ён ужо перамог нашага сябру. Проста калi ён аднойчы даведаецца пра гэта, ён будзе здатны абыходзiцца з нашым сябрам, як захоча. А што тады ён будзе здатны да ўсяго, мы ведаем. Гэтаму ёсьць прыклады.

Калi iнспэктар дазнаецца, што адолеў каго-небудзь з тых, каго ён перасьледуе, тады толькi бачна, чаго ён дамагаецца. Потым ён абыходзiцца са сваёй ахвярай зусiм як котка з мышай. Ён ня хоча пазбавiць сваю ахвяру сонечнага сьвятла, ён таксама ня хоча зусiм прыкончыць яе. Нiшто не цiкавiць яго болей, чымся рухi ягонай ахвяры. Калi затым партнэр проста ляжыць, паралiжаваны цi мёртвы, ва ўсялякiм разе, болей ня здольны варухнуцца, гэта псуе iнспэктару настрой гэтаксама моцна, як нерухомасьць мышы - котцы. Сапраўды, столькi ж было зроблена дзеля мышы. Яе толькi жартам пакусвалi, перакiдвалi з лапы на лапу, уцягнуўшы кiпцюры... I што робiць гэтая паскудная iстота? Ляжыць покатам, не гуляе больш, бастуе, сыходзiць, пакiдае цябе сам-насам са сьветам, пазбаўленым усякае чароўнасьцi.

Разглядаць дачыненьнi памiж iнспэктарам i нашым сябрам як дачыненьнi памiж коткай i мышай больш чымся законна. Хiба мыш ня ёсьць своеасаблiвым злачынцам, для перасьледу якога выкарыстоўваюць котку? I не зважаючы на гэта, нiхто з нас не бярэ выключна бок коткi. Мыш грае нам на нэрвах, а котка грацыёзна рухаецца. Але ж гэта далёка ня ўсё! Варта паглядзець, як мыш нерухома ляжыць памiж застыглымi ў чаканьнi лапамi!

Пэўны час справа была зусiм дрэнь. Наш сябра ўжо не варушыўся. Ён гаварыў толькi тады, калi яго прасiлi прамовiць, нарэшце, хоць адзiн сказ. Цi такiм чынам ён хацеў конча стрэсьцi зь сябе iнспэктара? Цi ён хацеў, каб iнспэктар уклякнуў перад iм i папрасiў, каб ён перастаў разбураць чары i сабатаваць жыцьцё? Фаза поўнай нерухомасьцi была, мабыць, апагеем змаганьня. Такое пакутлiвае для гледачоў, для нас, сяброў, здранцьвеньне было парушанае iнспэктарам. Ён, мусiць, згледзеў недзе новы рух. Маладую мыш, так бы мовiць. Сымпатычнага маладога злачынцу.

Наш сябра, адразу як iнспэктар перастаў зважаць на яго, пачаў ганяцца за iм, быццам бы ён цяпер быў iнспэктарам, а iнспэктар - злачынцам. Маўляў, iнспэктар перайшоў на танцавальны крок з таго часу, як палюе гэтага маладзёна. Маўляў, гэта выглядае так, быццам ён захапляецца тым, каго перасьледуе. У яго, нашага сябры, таксама спачатку было такое ўражаньне, быццам iнспэктар перасьледуе яго, бо захапляецца iм. Таго, што iм не захапляюцца, а перасьледуюць, наш сябра дайшоў значна пазьней. Маўляў, толькi праз быцьцё-перасьледаваным у iм абудзiлася сумленьне. Раней ён лiчыў сябе маладым, сымпатычным ды таленавiтым. Толькi зь цягам часу ён заўважыў, што яго перасьледуюць як злачынцу.

Мiж тым наш сябра кiнуў перасьледаваць iнспэктара. Цяпер ён сядзiць дома й летуценiць аб тым часе, калi iнспэктар яшчэ паляваў яго. Вось то быў час! Ягоныя словы гучаць цяпер так, быццам гэта было больш танцам, чымся перасьледам. Танцам, што падобны да бою на рынгу, ды ўсё ж застаецца танцам. Наш сябра цяпер лiчыць сябе пераможаным. Iнспэктар страцiў усякую цiкавасьць да яго. Для чалавека, для якога быцьцё-перасьледаваным сталася зьместам жыцьця, гэта, вiдавочна, самае горшае.

Наш сябра гадзiнамi распавядае пра бесхарактарнасьць ды непаўнавартаснасьць iнспэктара; але калi нехта з нас хоць кiўком галавы пагодзiцца з гэтым, ён абураецца ды пачынае баранiць iнспэктара ад нас. Наш сябра зрабiўся цяпер зусiм невыносным. Мы ў думках зычым нашаму сябру хуткага ды шчасьлiвага канца.

1978