Выбрать главу

Валерка з дзесятага класа не хадзіў. Адняло ногі.

Экзамены выпускныя ён здаваў у бальніцы — прыходзілі да яго настаўнікі. Амаль усе прадметы здаў на «выдатна». Паступіў потым завочна ва універсітэт. І добра ішлі справы. А потым нечакана кінуў вучобу — не хацеў назаляць выкладчыкам і адымаць у іх час. Верыў шчыра, што адрываў іх ад работы.

Жыў ён на ўскрайку горада ў цагляным дамку, які будаваў некалі бацька з сынамі. Бацькі не стала, і маці цяпер яму за няньку, за таго чалавека, які прыйдзе заўсёды на дапамогу.

З-за каміноў на даху выплыў ужо месяц і асвяціў сцяну, падваконнік. Яна спахапілася і паглядзела на гадзіннік — дзве стрэлкі зліліся на тройцы. «І сёння мяне будзе мучыць пякучы боль. Я ж верыла, што ўсё мінулася, што ўцякло з майго сэрца... Я чатыры разы пакідала яго, ірвала путы. Гарэла ў пякельным агні, змагалася сама з сабою — а ў выніку чаго дабілася?..»

Ён стаяў побач, дзе б яна ні была, куды б ні ездзіла. Ужо амаль і ненавідзець яго пачала, праклінаць, але калі званіў тэлефон, у трубцы напружана-ўсхваляваны голас пытаўся:

— Наташа, ты?

— Я, што ты хацеў?

Нейкі момант маўчанне, потым ціха-ціха шаптаў:

— Цябе...

— Чакай, хутка буду.

Яна забывалася пра ўсё, ляцела насустрач. За гэта ж пасля і ненавідзела сябе, і ўсё роўна нічога не мянялася. Але між тым боль у душы разрастаўся з новай сілай.

Бацька перад смерцю прызнаўся ёй: «Я ведаю, дачка, пра твае няшчасці. Спачатку ў цябе ішло ўсё выдатна. Ты гарэла жыццём і шчасцем. І часта снілася мне, як ты скачаш на прыгожым белым кані. А потым быў сон, і я ўбачыў, як ты ўпала з яго і забрудзіла сваю беласнежную сукенку. І з таго часу заўважыў, як у тваіх вачах патух агонь святла і жаданняў...»

Яна паклала маўкліва галаву яму на грудзі. Плакала.

Тады ж нечакана ў яе жыццё ўвайшоў Зялёнка. Знаёмства з ім адбылося за рэчкай, дзе ён блукаў штодня. Ён сядзеў на беразе — босы, з закасанымі калашынамі. Перад ім на трыножцы прымацаваны эцюднік. На ім пракідваліся слабыя абрысы будучага малюнка.

І як ішла, ён не звярнуў на яе аніякай увагі, глядзеў пад ногі і пра нешта думаў. Мастаку, мусіць, не пісалася. Рукі сашчэплены на каленях.

Яна падышла да яго, паглядзела на эцюднік.

— Там пуста, — сказаў ён, — дзень сёння пусты. Хочаце, я намалюю ваш партрэт.

— Навошта? — Наташа смяецца і прыкмячае, што ён і не глядзіць на яе. — Я непрыгожая.

— Вы кажаце няпраўду. Я намалюю ваш голас.

— Першы раз чую, што можна намаляваць голас.

— Я і сам не ведаў. А сёння паверыў, што можна. Раней я не чуў голасу.

— Прыдумляеце. Я не спявачка, не акторка, адкуль у мяне можа быць голас, які б вам спадабаўся? Я многіх мастакоў у горадзе ведаю. А вось вас — не...

Ён усміхнуўся, першы раз паглядзеў на яе. Адну нагу звесіў з берага, другую сагнуў у калене і паклаў на яго рукі:

— Меней знаёмых — меней будуць адрываць ад работы.

— А вось я навязалася... прабачце.

— Вы, Наташа, прыйшлі дарэчы, і я вам дзякую.

— Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?

— У мяне такое адчуванне, што я вас ведаю даўно. І чакаў вас тут, на беразе маёй Прыпяці.

Ён пацёр пальцамі вочы, расплюшчыў павекі. Сонца падала яму ў твар, і ён жмурыўся.

Яна зрабіла крок назад, другі... Па Прыпяці неслася «Ракета», гнала да берагоў трохкутнікам хвалю.

— Вы ўцякаеце ад мяне, Наташа?

Голас ў яго прыглушаны, стомлены.

— Я не ўцякаю. Мне пара дадому.

Яна пайшла па беразе, пакідаючы сляды на мокрым жвіры. Толькі калі пачала падымацца на бераг, азірнулася: мастак сядзеў у той жа паставе, схіліўшы галаву.

А месячык ужо свяціў у твар.

У вокнах насупраць ужо даўно пагасла святло — людзі даўно спалі. Толькі свяцілася акно ў адзінокай бабулькі, якая ніколі, здаецца, ноччу і не спала. Наташа не раз думала: а што, калі ўзяць ды пастукаць да яе ў дзверы, зайсці і сказаць: «Бабулька, і мне не спіцца начамі. Давайце расказваць адна адной пра сябе — і радаснае, і сумнае. І час хутка праляціць». Цікава, як бы аднеслася яна да такой прапановы?

Усё ж прыйшоў час, калі яна пакінула падваконне — прычыніла акно, распранулася і нырнула пад халодную коўдру.

...і яшчэ доўга не ішоў да яе сон.

6.

З яго акна бачны цэлы свет.

Праз шыбы ён глядзіць далёка-далёка. Далей за ўсіх і глыбей за ўсіх. Разумеў і адчуваў кожным сваім спакутаваным нервам жыццё зямлі і людзей.

Аднаму яму і было вядома, як тое яму ўдаецца.

У расчыненым насцеж акне — цэлы сусвет.

Ён не скора прывык да сваёй бяды. Амаль год сніліся кашмары. Кідаўся, крычаў, усхопліваўся з ложка, хацеў некуды бегчы. Маці, Галіна Аляксандраўна, перажывала за яго, хвалявалася, начамі сядзела побач...