Выбрать главу

— Рукі ўверх!

Жамойда каманду выканаў бездакорна і з маланкавай хуткасцю, выпусціўшы з рук сумку, — ладкаваў на хаду нешта ў ёй. Збялеў, напалохаўся і нічога не разумеў. Але рук не апускаў, мусіць, чакаў нейкай развязкі ці новай каманды.

— Вольна! — загадаў зноў Міхалап, выходзячы са сваёй схованкі. Смяяўся шчыра і гучна, дадаў здзекліва, мацуючы ямчэй на плячы стрэльбу: — А здавацца ў палон ты мастак. Маста-ааак!..

Жамойда стаяў збялелы і адначасна напужаны, прыгнечаны абразай. Ад злосці забіла дыханне, здранцвеў язык, ніяк не мог апусціць рукі — анямелі.

— Ты... ш-шш... — скрыгатнуў зубамі, прашыпеў, — падла ванючае. Ды я шчас цябе адным махам да прадзедаў адпраўлю. — Ён ужо наставіў рулю — прама ў грудзі.

— Не адправіш, — уздыхнуў Косцік, нават і не глядзеў на яго, бы і не заўважаў чорнай адтуліны, з якой мог вылецець смяротны зарад.

Усё ж зірнуў у вочы свайму ненавісніку. Зірнуў зняважліва і пагардліва. «Дудкі, хрэна ты мяне возьмеш! Усе жыццё іклы выстаўляў, а не ведаеш, што рот у цябе бяззубы, гнілы. Пужаць мяне ўздумаў. Хопіць нас ужо...» У галаву лезлі дурныя каламбуры. Адчуваючы свой верх над ім, Косцік адчуваў унутраную асалоду. Помсціў за сябе і за ляснічага. І за Жменьку.

— Ўбяры стрэльбу! — раптоўна крыкнуў са злосцю Міхалап, вызверыўся, надаючы яшчэ больш пагрозлівы выгляд.

Руля апусцілася долу. Закалаціліся рукі — як хто піхнуў у плячо. Жамойда панікла апусціў галаву. Зняў зялёную, выгаралую фуражку, выцер рукавом лоб. Правёў языком па асмяглых губах.

«А баязлівы ты, як тхор, і такі ж смярдзючы...»

Жамойда ўпрэў ад дарогі, ад спякоты, ад нядаўняга сполаху. Ад яго патыхала едкай салёнасцю і прэлымі анучамі. У такую гарачыню — і гімнасцёрка, і боты. Як салдат — зімой і летам адным цветам.

«І як яго такога толькі Вікця церпіць? Няўжо не бачыць, не гідуе, кладучыся з ім у пасцель? А мо і не спяць разам, калі пасля Валіка дзяцей больш не расстараліся... Ды разумее, ведама, яна ўсё, быць такога не можа, каб не разумела і не адчувала. Па вачах не раз бачыў, што пакутуе, што мучаецца з ім. Даўно не радая свайму замужжу, ды што зробіш, кніжку жыцця нанава не перапішаш. Каб усё было добра, то даўно пацеркі выкінула б на сметнік. І за ўвесь век не ўведаць, не здагадацца Жамойдзе, што азначаюць тыя пацеркі...»

А якім франтам хадзіў-скакаў па Спрымачове! З якім зухаватым выглядам цягаў той фінагенцкі партфель! Кавянёй носа дастаць нельга было.

Казімір не згаджаўся з паражэннем хіба толькі позіркам. Паставай жа нагадваў набітага сабаку. Вырачыўся на Міхалапа незадаволена, не прызнаючы сваю капітуляцыю. Толькі цяпер падняў, угледзеўшы, сумку з зямлі. Зашпіліў, засунуўшы скураны язычок у металічную скабачку, павесіў шлейку на плячо. Пасля і стрэльбу.

— Вельмі шкадую, што тады, на стозе, не ўсадзіў у цябе свінец. Не было б марокі мне з табою цяпер і ўсе гады.

— Ты ўмееш толькі ў спіну. Наўздагон. Каб я сказаў Громаву, што ты страляў па мне, што параніў у плячо — цябе тады расстралялі б...

— Я памагаў партызанам.

— Памагаў. Адчуў, што канцы прыйдуць табе і тваім памагатым. Калі выспятка далі немцам пад Масквой. От тады ты разумным стаў і партызан уважыў.

Косцік ужо збіраўся ісці далей, зрабіў колькі крокаў, але павярнуўся, спытаў:

— Дык ты мо і віну сваю выкупіў перад людзьмі, га?

— На мне крыві няма.

— Няма? Вікця бачыла, як ты Ладзікаву жонку на мароз выганяў.

— Што ты прычапіўся да мяне — «выкупіў віну»? Ніякай на мне віны няма. Мне і паперку выдалі, вось яна... — ён дрыжачымі рукамі расшпіліў нагрудную кішэню, выцягнуў замусоленыя вокладкі, адгарнуў іх і ўзяў нейкую патрапаную паперчыну — мусіць, не раз трос перад чыімсьці носам, во як цяпер. — Тут і пячатка стаіць, і падпісана. Разабраліся. Сказалі, каб жыў спакойна, што не вінаваты я...

— На сваю совясць пячатку не паставіш! Няма такой пячаткі! — крыкнуў Косцік, адначасна падумаўшы: «Хто ж, цікава, падпісваў яму такую паперку?» — Людзі, толькі людзі могуць сказаць, вінаваты ты ці не...

— Я людзям і казаў. Папярэдзіў колькі разоў, каб хаваліся, што аблавы будуць.

— Хацеў у людзей спагаду вымаліць.

— Я шкадаваў людзей.

— Жыццё ты сваё шкадаваў. Ты і шкодзіць не хацеў там, дзе цябе ведалі. Не, ты быў хітрай. Цябе Гунтэр на лясныя распрацоўкі адпраўляў? Было і такое. Але ж ты ў той час паліў Зарэчча ў Лельчыцкім раёне — дзяцей у агонь кідаў.

Жамойда зноў спалатнеў — як нябожчык. Нахмурыў калматыя бровы, воўкам глядзеў на Міхалапа. Каб мог, утаптаў бы таго ў зямлю, і слядоў ніхто не знайшоў бы.