— Ну, вось цяпер мы можам гаварыць з табой бліжэй. Але нядоўга, бо я спяшаюся. І ты таксама там будзеш, Косцік?
— Дзе гэта?
— На судзе. Сёння ж судны дзень. Хіба табе ніхто не казаў пра тое?
— Не, Ярка.
— Тады я і клічу цябе туды. Ты там павінен быць. Ты пра ўсё ведаеш.
— Пра што — ведаю?
— Збірайся. Пайшлі.
Дрэвы, што стаялі нядаўна перад ім, пачалі ажываць.
Яны рабіліся мужчынамі і жанчынамі, у іх былі розныя апранахі, даўнія, паляшуцкія, і здавалася, што Косцік пазнаваў сярод іх і знаёмых.
Ярка паклаў Косціку на плячо руку, як быццам утаймоўваў у ім здзіўленне і недаверку ад такога відовішча; тлумачыў, сцішваючы голас:
— Здзіўлены? А тут нічога дзіўнага і няма. Проста людзі, паміраючы, гінучы ў баях і змаганнях, станавіліся дрэвамі. Сёння яны, мы,— паправіўся былы паўстанец, уздыхнуўшы, гледзячы на пераўтварэнне дрэў у людзей, — зноў на момант станем людзьмі, жывымі людзьмі. Продкі павінны калі-небудзь судзіць сваіх нашчадкаў, спытаць у іх — ці правільна вы жывяце, ці ўсё робіце для таго, каб нашая матухна-зямелька квітнела, як сад, весяліла душу і сэрца, радзіла, як пладавітая жанчына. Нешта не так творыцца на зямлі — душна стала жыць, вятры нейкія незразумелыя нясуць на нашае лісце атруту. Мне боязна дыхнуць на поўныя грудзі — перашкаджае нешта...
Ляснік як быццам адчуў сваё дачыненне да ўсяго таго, што адбывалася на яго вачах. Усё сказанае супадала з яго думкамі.
— Пайшлі, ляснік.
— Куды, Ярка, скажы?
— На Ігналеву палянку. За Княжына — дзе некалі мы збіраліся на веча, як Вятчынка кіраваў ходам нашага паўстання. Там мы рашалі свае планы, намячалі, у якога багацея адабраць скарбы і каму з бедных аддаць. Мы шанавалі чалавечы гонар. Бо любілі сваю зямельку. Мы абаранялі яе ад ворага — свайго і чужога. Хацелі вам пакінуць у спадчыну ўрадлівай і прыгожай. Рэкі — поўныя рыбы, лясы — са звярамі, грыбамі і ягадамі. Сонца і чыстае неба.
— Як ты правільна і прыгожа гаворыш. А якая, цікава, у цябе, Ярка, адукацыя?
Волат засмяяўся:
— Лясная, брат, уперамешку з бізунамі, князя Радзівіла, яго Мосць і ядры яго мацеру... Тады я ўцёк ад яго, не захацеў падчыняцца, патураць яму. Вось сюды, да братоў лясных, і збег аднойчы.
— А як лячыліся вы, калі падступалі хваробы? — Косціку карцела ўсё ведаць, выпытаць, бо жыў ён у адчуванні не то казкі, не то нейкага дзівоснага сну, у якім перапляліся ява і сапраўднасць, фантазія і дзівоснасць.
Ярка пакруціў свой парыжэлы доўгі вус, хітравата паглядзеў на Міхалапа, адказаў з ахвотаю:
— Вось гэты лес і лячыў. Як і карміў. Травы лячылі адс, і кожны ведаў пра тыя зёлкі больш, чым пра самога сябе. А ты чуў пра такую — Дабрадзею? А гэта адна з самых ранніх славянскіх траўніц. Ага, правільна гаворыш, унучка Уладзіміра Манамаха. Гэта мы, людзі, яе так празвалі ласкава — Дабрадзея. А так яна мела імя — Еўпраксія Мсціславаўна.
Ляснік спыніўся, паглядзеў умольна на хлопца, да дзяружкі дакрануўся:
— Раскажы пра яе, вельмі хачу ведаць. Чамусьці не пішуць у нас пра яе, не расказваюць. Бы вораг яна нам. Ты раскажы, а я людзям перадам.
— Я коратка, бо часу бракуе. Еўпраксія, як была маленькая, праявіла вялікі інтарэс да народнай медыцыны — вывучала ўласцівасці зёлак. А потым і сама навучылася рыхтаваць лякарствы з іх. Хаця ж яна была і знакамітага роду, лячыла толькі багатых, але і да простага люду ішла. Да жыцця вяртала. Таму і назвалі Дабрадзеяй, што дабро рабіла для нас. Пытаеш, хто навучыў яе гэтаму цудадзейству? У той час быў на Русі афіцыйны ўрач, грэк Іаан Смер. Дзед Еўпраксіі, Уладзімір Манамах, выпісаў яго з Царграда. Можа, ён і перадаў ёй усё ўменне сваё. А ў той час лячылі толькі народнымі сродкамі. Еўпраксія рана стала жонкай. Мужам яе быў візантыйскі царэвіч Аляксей Комнін. Калі ёй споўнілася пятнаццаць гадкоў, яна з вясельным картэжам адправілася ў Царград. А ў той краіне свае звычаі — ахрысціць на свой лад. Далі ёй новае імя — Зоя. Па натуры яна была чалавек дапытлівы, смелы. Яе цікавіла ўсё на свеце. За кароткі час яна вывучыла мову мужа і настойліва пачала вывучаць навукі. А ў царэвіча, скажу табе, была вялікая-вялікая бібліятэка з замежнымі кнігамі вядомых грэчаскіх медыкаў Галена, Гіпакрата. Дабрадзея любіла падоўгу гутарыць з вучонымі, сваімі сучаснікамі. Вось тады ў Візантыі яна і напісала вучоную кнігу — адзіны ў той час старажытна-беларускі лячэбнік, які захаваўся, як і Біблія, прайшоў праз усе выпрабаванні.
«Вось бы мне дастаць тую кнігу, што пісала Дабрадзея, — падумаў Міхалап, — як бы многа даведаўся б я пра свае лугавыя і лясныя расліны...»