Выбрать главу

— Што вы робіце? Спыніцеся! Пяць стагоддзяў мы з Яркам стаялі спакойна і без трывогі, а апошнім часам стала не ўтрываць. Гукаю яго, гукаю праз Княжына, цікаўлюся, як стаіць ён на зямлі палескай, а ён адказвае нявесела — корні не дастаюць да вады, а з неба атрута сыплецца. Людзі гінуць у другі раз. Без стрэлаў паміраюць, падаюць на зямлю гнілыя дрэвы. Рыба ў азёрах і рэках гіне, бо вы зліваеце туды атрутны бруд. Эх, людзі, людзі!..

Міхалапа як бы што страсянула. Апошнія словы балюча адгукнуліся ў сэрцы. Яны быццам тычыліся толькі яго аднаго.

Вятчынка абвёў зноў позіркам шчыльны натоўп людзей, пільна прыглядаўся да кожнага — як выбіраў каго з агромністай грамады. Спыніў погляд на Жамойдзе.

— Вось ты, чалавек ці не чалавек, Жамойда. Вораг лесу і сваёй радзіме. Скажы, навошта ты забіваў нявінных ласёў і баброў? Чаму дазваляў злым людзям спілоўваць самыя лепшыя дрэвы, а грошы за тое складваў у гільзу з-пад снарада? Чаму ў цябе злое сэрца? Чаму жонку мучыш сваёй скнарнасцю?

Маўчыць Жамойда, галаву ў зямлю ўнурыўшы. Ды і што ён мог сказаць у сваё апраўданне? Недаўменне брала Косціка — адкуль пра тое ведае Вятчынка? Няўжо і Любі-трава наведвалася да дуба? Яго, Косціка, шукала?

— А Сяргей Міхалап? Ты на той машыне працуеш, што крата замяніла. Колькі ты зямлі сапсаваў, колькі каналаў праклаў, што з зямлі ўсе сокі ўцяклі. Ты падарваў маё здароўе і маіх сяброў. Стаяць бы нам яшчэ незлічоную колькасць сонцаваротаў. А так не ведаю, ці вытрымаем хоць з дзесяць.

«Божа, і Сяргейка мой папаў у тую кампанію, ды яшчэ побач з Жамойдам! Судзіць Вятчынка як злоснага ўрадзіцеля. — Косцік быў вельмі здзіўлены ад такой навіны — сын жа перайшоў працаваць у лясніцтва, значыць, грахі за ім засталіся. — Я ж казаў табе, сынок, што няправільно ты рабіў, ой, няправільно. Як жа цяпер табе віну выкупіць?»

— А што вы без нас, людзі?! Вам жа без нас не пражыць. Мы ж вам чыстае паветра даем. Перапрацоўваем яго, каб вольна дыхалася вашым лёгкім. А так у нашых лісцях адно чорнае гаўно, поры і жылкі забітыя поскуддзю. Мы не можам вам даваць кісларод. Чаму вы губіце нас, людзі?!

Вятчынка выклікаў вінаватых. І Дзягцяра, які свінафермай забрудзіў рэчку і патруціў рыбу, і вадзіцеля калгаса, які выліў мачавіну на поле і патруціў жывёлу... Яфім Сямёнавіч стаяў перад народам, бажыўся, што кантужаны, што нічога кепскага не хацеў рабіць зямлі. Падняў начальнікаў — абласных і раённых.

Дзесьці за Княжынам пракаціўся буркатлівы гром. Зіханула неба зыркай маланкай — зашыпела, як пасварылася на людзей. Вятчынка паглядзеў на неба, паклікаў яго ў сведкі і памочнікі. І ўсе паглядзелі туды ж, следам за ім.

Упалі на зямлю першыя кроплі дажджу — буйныя і цёплыя. Яны пырснулі на твары людзей, і таму можна было падумаць, што людзі плачуць — па шчоках цяклі слёзы. А калі хто і сапраўды плакаў, то і тое адпавядала ісціне — словы кранулі кожнага.

— Пасля гэтага дзверы на небе расчыніліся. І голас сказаў: падыміся сюды, і я пакажу табе, чаму належыць быць пасля ўсяго. Я падняўся. Прастол стаяў на небе, і на прастоле быў Сядзячы. Пасярод прастола і круга яго чатыры жывёліны. Вочы ў іх і спераду, і ззаду. І першая жывёліна была падобна льву, другая — цялушцы, і трэцяя мела твар, як чалавек. І чацвёртая была падобна арлу ў палёце. І кожная з чатырох жывёлін мела па шасці крыл круга, і кожнае з вачамі — і ні днём ні ноччу не маюць яны спакою. Гэта радкі з Апакаліпсіса. То не пропаведзь, і я не свяшчэннік. Я падказаць хачу, што ў тых словах закладзена, як вам разумець іх...

А воблакі сунуліся ўсё ніжэй і ніжэй, маланкі жыхалі ўжо над самымі галовамі. Здавалася, вось-вось зачэпяць людзей сваімі пякельнымі пугамі. І зноў ніхто не зварухнуўся, толькі дрыжыкі працялі кожнага.

Вікця калацілася, бы стаяла на зімовым холадзе без адзення. Міхалапу холаду не чулася, было горача, і таму тулілася да яго жанчына, грэлася, маўчала, сціснуўшы патрэсканыя ад смагі вусны.

— Невукаў сярод вас няма. І многія кінуліся ў навуку. Некаторыя не дзеля навукі пайшлі ў яе, а каб загарадзіцца ёю ад голасу продкаў. Тут, на гэтай лаве Падсудных, сядзяць людзі з НДІ — насілу мы разабраліся з Яркам, што гэта навукова-даследчы інстытут. Мы вас бачылі не раз у Княжына. Ды не за навуковым заняткам, а са стрэльбай у руках. Вы любіце прыроду не таму, што ў вас ляжыць сэрца да яе, а таму, што выгаду разам з Жамойдам цягнулі з лесу. Што вы карыснага зрабілі? Кніжкі пішаце? А на кнігі зноў жа папера патрэбна. Колькі вы дрэў пасадзілі? Аніводнага.