Выбрать главу

Зырка бліснула маланка. Асляпіла людзей, і яны падумалі, што настала ноч. Потым затрашчаў над галовамі пярун і мільёнамі гарматных выбухаў страсянуў неба. Але зноў ніхто не зварухнуўся, не адхіснуўся ад грому і маланкі.

«Дык вось што чытаў Вятчынка з Бібліі. Яны, продкі, разумелі мову звяроў — з імі паразумеліся даўно. А чаму ж мы не разумеем іх, чаму адракліся? Ці яны нас? Я свайго Паласаціка сэрцам адчуваю, а сказаць яму нічога не магу — не ўмею. Вочы ў яго разумныя, здагадацца можна толькі пра яго боль і мучэнні. Вочы — жывыя люстэркі душы. Можа, ён па вачах і мяне разумее Вятчынка ж казаў, што і на крылах у птушак і звяроў ёсць вочы. Правільна, яны ўсё бачаць і чуюць: калі дождж, калі перамена надвор'я...

Упобачкі стаялі Хіял, Макравец, Чыкан з жонкаю. Трошкі далей — Стась Мілёнак, Ладзік, Громаў тут аказаўся... Усіх сабралі прашчуры.

Дождж узмацняўся. Прутчэў вецер. Але людзі не адчувалі таго, як і Вятчынка — ён стаяў на ўзвышку і выдаўжыў рукі.

— Кожны з вас можа быць Богам, — гаварыў ён зноў і перакрываў грамавыя раскаты. — Але той, у каго добрае сэрца і шчырая душа, хто жалкуе ўсяго жывога на зямлі — і птушку, і звера, і паветра. Вось добрыя людзі некалі — даўно-даўно — і напісалі той зварот-аткравеніе да вас, якія жывуць цяпер і пасля вас, верачы, што іх зразумеюць і праз тысячы гадоў-стагоддзяў. А каб не загубіўся заклік-напамін, і вялася размова з вамі ад імя Бога. Бо ведалі продкі, маіх продкаў прашчуры моц рэлігіі. І ў той вялікай казцы-былі ёсць вялікі намёк — з добрымі пажаданнямі. Продкі вашы — той Бог. І вось ён судзіць вас.

— Вінаваты! Карай! — пачуліся галасы.

Так гаварыў з людзьмі Продак-Бог-Суддзя Вятчынка, кіраўнік народнага паўстання на Палессі супраць прыгнёту князя Радзівіла, прадаўжальнік спраў Дабрадзеі, сын беларускай зямлі, сябар ваўка і птушкі.

У яго мокры твар, валасы абляпілі гожы і валявы твар, і ён рукой закідвае іх назад.

Над галовамі людзей звілістым жоўта-чырвоным агнём успыхнула маланка, прыгнула людзей да зямлі. Раскалола надвае стары пахілы дуб — ці не Радзівіл з паганай душой стаяў маўкліва побач?

— О Божа, што гэта? — нехта ўпаў на зямлю, абхапіў галаву рукамі.

Маланкі паласавалі неба, сляпілі вочы. Нічога не было бачна вакол. Чуваць толькі стогны, крыкі, якія зліваліся ў адзіны жудасны гул. ён мацнеў, разлягаўся па Княжыце...

І тут падалося, што пад нагамі расступілася зямля. Як быццам зямля не вытрымала такога цяжару і ўтварылася вялікая трэшчына — глыбокая, без дна...

Закрычала побач Любі-трава. Міхалап матлянуў рукой, каб ухапіць яе, выратаваць. Не паспеў. Некуды знікла. Над ім трывожна лётала і крычала нейкая белая птушка з доўгімі крыламі, аж захліпвалася...

Адбылося нешта незразумелае, неверагоднае. Маланкі і гром зліліся ў адно цэлае. Людскі крык адчаю і магутны вецер стварылі адзіную жудасную мелодыю, і ад яе халадзела сэрца, памірала душа.

Не стала відаць Вятчынкі, Яркі. На іх тварах перад гэтым не было ні страху, ні жахлівасці. Ім, мусіць, ужо нічога не страшна на зямлі. І цяпер Сядзячы — Вецер, Маланка і Гром — тварыў свой прысуд.

Міхалап нічога не бачыў перад сабою. Чуў толькі людскія крыкі. Нават Вікцю чуў. Клікаў яе, што было сілы, аж парваў горла, але яна не адгуквалася, не падавала голасу. Ці не чула, ці не хацела абзывацца. Ён, як усе, бег некуды наперад, не бачачы дарогі, далей ад бяздоннага рова.

— Людзі, што з намі? Чаму зямля пахаваць нас хоча? Няўжо так угнявілі сваіх прашчураў?

— Угнявілі. Яшчэ і як. Помста гоніцца за намі.

— Зямля робіцца бясплоднай і не можа карміць нас. А хіба прадоўжыцца род чалавечы, калі жанчына перастане нараджаць дзяцей?

— Няўжо гэта — канец?

— Не, то пачатак. Пачатак прасвятлення розуму.

— Дзе мы? Чаму брыдзем па вадзе? Тут жа пясок быў...

Жахалі маланкі. Дождж ужо ліў так, бы прарвалася неба. Вада прыбывала ўвачавідкі — па самыя ўжо грудзі была. Людзі брылі па вадзе і не ведалі, дзе іх вёска, хаты...

Косцік адчуў, як у яго моцна забалела галава. Потым боль перакінуўся на патыліцу, на пазванок. Скруціў яго ў абаранак, не адпускаў. Забівала дыханне.

Ён спрабаваў закрычаць — і не змог. У горле перасохла, адзервянеў язык. Жыхнула маланка — канцом, здавалася, дастала яго галавы, апякла ўспышкай, і тады ж яму стала раптоўна лёгка-лёгка.

Ён уздыхнуў радасна на поўныя грудзі і расплюшчыў вочы. Убачыў над сабою магутныя дубы, нечы знаёмы да болю твар, заплаканыя вочы — і праваліўся зноў у бяздонне. Але не надоўга, на момант. Як нырнуў у раку і вынырнуў.