— Ды што ета такое, Кастусь, ачніся! Чаму ты ў раку зайшоў у такую халадэчу — не лета ж...
Чый голас — не зразумець, але чуў яго не раз, хаця і рэдка. Не можа быць: то ж Любі-трава! Вярнулася? Не кінула яго ў бядзе. То ён яе ратаваў, а то яна яго.
Вікця трымала яго галаву і прыціскала да грудзей. Твар мокры, косы наліплі на твар, яго і не бачна.
— Дзе Ярка, Вятчынка?
Косцік вяртаўся ў свядомасць. Зразумеў, што Вялікі Суд — такі яскравы і натуральны — скончыўся. Ці толькі пачынаўся? Ён помніў кожнае слова Вятчынкі і Яркі.
Ён жа быў пад Яркавым дубам, чаго занесла ў раку?
— Што з табой, Кастусь? Пра якога Ярку ты пытаешся? Я б'юся з табой колькі гадзін, але ты мяне не чуеш, не слухаешся. Вунь сінякоў столькі наставіў, Казік не біў мяне так, як ты.
Ён толькі цяпер пазнаў яе. Пазнаў і абняў за шыю.
— Даўно так са мною, Вікця. Ад вайны. Ты не ведала. Як ты тут апынулася?
— Не ведаю. Мяне нехта клікаў. Мусіць, ты. Так, ты.
Ён шаптаў ёй на вуха ўсё, што хацеў сказаць за доўгія гады пакут развітання з ёю. Яна чула яго, укленчыла побач у вадзе, блыталася ў водарасцях, але цягнула яго — мокрага і важкага — на бераг. Ратавала яго ўжо гадзін з пяць...
— Ты ж мог захліпнуцца.
— Я даўно захліпнуўся жыццём.
Кроілі маланкі чорнае неба на вялікія лусты. Ляскалі пагрозліва перуны, шыпелі, бы Рыгор Швед у кузні студзіў у цабэрку з вадой раскалёны метал.
— Божачка, што робіцца? У познюю восень маланкі і перуны. Свет перавярнуўся, — глядзела ў неба жанчына і не адпускала ад сябе лесніка.
Узяла яго падпашкі і пацягнула на бераг. Памагла ўстаць. Падтрымлівала яго і кіравалася да леснічоўкі. У ёй яна была не адзін раз, ды не заставала яго. Як уцякаў ад яе ўсё роўна. Калацілася ад холаду — зуб на зуб не пападаў.
Ён не мог ісці — падаў, знясілеў зусім, і яна панесла на сабе.
Не разбіралі, не бачылі дарогі, спатыкаліся, падалі і зноў падымаліся.
Бліскавіца памагала трымацца правільнага кірунку.
Вікця ўцягнула яго ў леснічоўку, зняла з яго мокрае адзенне, паклала ў ложак. Накрыла старэнькім кажушком. Ён пачаў трызніць, клікаць яе, прасіў за нешта прабачэння...
Жанчына тым часам выкручвала мокрае адзенне і вешала на жэрдку — сушыцца. Затапіла грубку — у ёй ляжалі сухія бярозавыя круглякі са смалякамі.
Падумала — і распранулася. Выкруціла і павесіла сушыцца і сваю апратку.
Тады жанчына рашылася — асмелілася, легла побач з Косцікам. Прытулілася да яго, абняла. Яна аддавала яму сваё апошняе цяпло — адагравала. З усіх сіл старалася ўдыхнуць у яго жыццё і сваё нявыказанае за гады каханне.
Калі ўспыхвалі бліскавіцы, яна нейкі момант бачыла змешчаны твар Косціка, а потым слепла і ўсё знікала, танула ў цемры. Яна чула толькі яго стомленае і парывістае дыханне...
Жанчына ніколі не адчувала сябе такой шчаслівай, як у гэтую перуновую асеннюю ноч.
...яшчэ доўга Паласацік сядзеў каля дзвярэй леснічоўкі. чуйна ўслухоўваўся ў цішыню, якая была за дзвярыма.
Калі ж пераканаўся, што Дабрадзею не пагражала аніякая бяда, — чмыхнуў развітальна на парог і павалюхаў па мокрай зямлі да свайго жытла. Каб потым ужо кінуцца ў доўгі, да вясны, сон — і так ён загуляўся гэтай восенню.
Нейкі час пасля яго маланка высвечвала сляды.
Яны пакрысе размываліся — і знаку не засталося ад іх.