Ён падкаціў да вешалкі, схапіў скрутак вяроўкі і выкінуў у фортку. Выкінуў — і ўздыхнуў. Як выкінуў з душы, са свайго сэрца чорную вужаку...
Назаўтра, калі сонца зноў паднялося з-за хаты і асвяціла яблыню пад акном, пад'ехаў да акна і чакаў Чыра. Як пісем некалі ад Зойкі. Ён паверыў, што з яго прылётам павінна шмат чаго змяніцца. Жыццё набудзе новы, больш значны сэнс. Ён вылечыцца ад сваіх хвароб і пачне радавацца жыццю.
Чыр прыляцеў. Адразу паскакаў на край падваконніка — ад пакоя, дзе сядзеў учора.
— Чыр-чыр!
— Здароў, Чыр, здароў! Я верыў, што ты прыляціш. Быць таго не магло, каб ты падмануў мяне. І я не губляў дарэмна час. Паслухай, што я прысвяціў табе.
Валер нейкі момант глядзеў на госця, потым ціха папытаўся:
— Не спадабалася, га?
— Чыр-чыр, чыр-чырык, — заспяваў задаволена верабей.
— Дзякую, брат, ты сапраўдны друг! Але я табе прызнаюся: чагосьці ў вершы не хапае. Абяцаю напрацаваць яшчэ над ім, гэта ж так, першыя накіды...
Валер зноў падаўся на кухню, адрэзаў скібу хлеба. Дзіўна, верабейка не ўцякаў ад яго, не баяўся рук чалавека. Нецярпліва глядзеў на крошкі, на пальцы... Апошнія крошкі Валер пакінуў на далоні, руку паклаў побач з Чырам. Верабей ускочыў на далонь і асцярожна скляваў іх.
— Сілкуйся, Чыр, сілкуйся. І не забывайся пра мяне.
— Чыр-чыр...
Валер гаварыў і гаварыў, стараўся стварыць са сваіх слоў даверлівую мелодыю ўзаемаадносін, каб Чыр прывык да яго дабрыні. Хлопец нечакана палюбіў гэтага шэрага анёла, ён ткаў і ткаў слоўныя карункі, узгадняў думкі з Чырам, раіўся, пытаўся. І настаў дзень, калі прыйшло поўнае яднанне — верабей заляцеў у пакой і сеў хлопцу на калена.
Арлоў не чакаў ад яго такой смеласці. І таму баяўся паварушыцца, каб неасцярожным рухам не спудзіць свайго сябра. Але Чыр зразумеў яго збянтэжанасць, пераскочыў з калена на плячо — да самага вуха, задаволена абвясціў:
— Чыр-чыр, чыр-чык-чырык!
— Пра што ты сказаў? Такіх слоў я яшчэ не чуў...
Але Чыр не тлумачыў. Пакінуў плячо, палётаў па хаце — пырхнуў у адзін пакой, у другі — як быццам правяраў, ці няма каго больш у хаце, ці не слухае хто іх размову. Прачырыкаў нешта ў кожным пакоі, зноў вярнуўся да Валера, на плячы ўладкаваўся, пачаў дзюбку чысціць, марафет наводзіць.
Маці ўсю хату абшукала, так і не трапіла вяроўчыны — хацела нацягнуць яе паміж яблынямі. У паштаркі Анюты пазычыла. А праз колькі дзён знайшла вяроўчыну ў агародзе пад плотам. Здзівілася, у сына папыталася:
— Хто гэта, сынок, яе ў агарод выкінуў?
Сын засмяяўся гучна, у вачах агонь шчаслівы, валасы гарчаком, закрычаў радасна:
— Не ведаю, мама! Не ведаю!.. Мо дамавік які ў нашай хаце пасяліўся!
Стукнулі веснікі — спяшаліся на абед з работы браты.
— Ой, я ж і забылася — Валодзьку і Кольку карміць трэба! — спахапілася маці і заспяшалася на кухню.
На падваконнік ускочыў Чыр, і Валер міргануў яму:
— Усё выдатна, Чыр Чырыч, усё выдатна! Пайду і я паабедаю, добра?
— Чыр-чыр!..
7.
Дзень ужо ўбіраўся ў сілу.
Пушкарчук па мокрых прыступках спусціўся ў падвал разбуранага дома. З сабой прыхапіў ліхтарык. Ведаў, што там цемнавата — пазаўчора так і не дабраўся да таго месца, як мерыўся. Злаваў, што нават і сярнічак не прыхапіў з сабою — не курыў.
Ён не хацеў, каб хто быў сведкам яго пошукаў. Таму нейкі час, перад тым як спусціцца ў сутарэнне, аглядваўся.
З-пад апошняй прыступкі ён дастаў малаток і кірку — імі зручней было выбіваць тую цэглу, якую намеціў.
Дом будавалі задоўга да рэвалюцыі. Праёміна была закладзена цэглай знакамітага завода братоў Карповічаў. На тыльным баку цагліны і ініцыялы стаялі «брК». У народным музеі, які ён марыў адкрыць, былі розныя маркі, а вось такой не было. І ён радаваўся, як малое, што набудзе новую рэч.
Нейкі будаўнік кладку рабіў сумленна, — нельга было і падступіцца: ні ломам, ні кіркай не ўгрызешся. Таму першыя цагліны проста выбіў, вытрушчыў, каб можна было асцярожна падступіцца да наступных. Яны паддаліся лёгка — нават і драпінкі на іх не было. Цаглін назбіралася з дзесятак.