За дзіркай было пуста. Цікавасць узяла — а што там, за сцяной? Некалькі ўдараў кіркай — і можна было ўжо прасунуцца ў праёміну.
Перад тым як ступіць туды, у невядомасць, прыслухаўся: было ціха. Толькі даносілася слабае гудзенне машын, што праносіліся па бліжэйшай дарозе.
Адразу ў нос ударыў пах гнілі і сырасці. Святло ліхтарыка выхапіла з цемры шэрыя абрысы наступнай сцяны, ужо каменнай, парослай слізкім шэрым мохам. Са сцяны вываліліся асобныя камяні і звузілі праход — не ўціснуцца. Прыйшлося трошкі папрацаваць, каб прабіць сабе дарогу шырэй.
Ногі ступілі на слізкую каменную падлогу.
Скляпенне было доўгае, метраў з дзесяць. Столь выгнулася дугой. Ушыркі памяшканне было крокаў з пяць-шэсць, не болей. І ніякіх дзвярэй. Ні ўваходу, ні выхаду. Ніякай шчылінкі святла — як пастка.
Што тут было, у гэтым мураваным гроце? Чый ён, каму належаў? Для каго быў зроблены? Напаткала расчараванне — нічога добрага для сябе не адшукаў. Хацелася толькі абмацаць кожны камень, дакрануцца рукой.
Пра сутарэнні Пушкарчук ніколі не чуў. Год назад ён праглядваў у музеі матэрыялы пра горад. Прачытаў, што некалі, пяцьсот гадоў назад, на гары стаяў каралеўскі замак. Яго два ці тры разы перабудоўвалі, але ў час вялікіх паўстанняў і пажараў ён быў знішчаны і ніколі не аднаўляўся...
Малюнкаў ці якіх накідаў гісторыя не пакінула. І таму ніхто не ведаў, як ён выглядаў.
Памяць выхапіла з летапісу некалькі радкоў:
«...таго ж року 1506 зноўку зкупіўшыся татар 30 (л) тысяч уторгнулі ў літоўскую зямлю, бурачы, палячы і пляндруючы, якія, прыцягнуўшы да Клецка каля замка сталі кошам. Загоны распусцілі, а Літва яка будучы ад паганых зубажоны толькі ся ледзьве 10 тысяч сабраўшы, ударылі па кошу. З помачы божай якіх паграмілі із лукамі прыходзячых да коша білі, мардавалі і ўсіх нагалаву разграмілі. А гетманам над Літвою быў князь Міхайла Глінскі».
Праз два гады горад быў захоплены князем, які перайшоў служыць да Вялікага князя Маскоўскага Васіля Іаанавіча. Але потым чамусьці нечакана быў вернуты да Сігізмунда І.
А праз трынаццаць гадоў горад быў спалены татарамі...
Ці не да тых часоў належаць гэтыя скляпенні.'
Пушкарчук раптоўна для сябе адкрыў выснову: тут, у скляпенні, і думалася інакш, чым там, на святле. Да драбніц успаміналася гісторыя — і тады чуўся лязгат коп'яў і дзідаў аб шлемы, свіст вострых стрэлаў.
Вялікі пажар у горадзе прымусіў прызначыць спецыяльны збор. І ўжо на пачатку 1613 года ўмацаванні горада былі адноўлены, пры гэтым горад быў абнесены высокім валам з сямю вежамі і фортамі...
Замак адыгрываў тады вялікую ролю ў жыцці палешукоў. На яго тэрыторыі знаходзіліся цэрквы і касцёлы. Гісторыкі і летапісцы сцвярджалі, што ўмацаванні і падземныя схроны існавалі яшчэ дзесяць — дваццаць стагоддзяў назад...
Замак, ці гарадзішча старажытнага горада, знаходзіўся ў яго цэнтры — на Спаскай, а пазней Замкавай гары. Месца палешукі-дрыгавічы выбралі ўдала — ведалі ў гэтым толк. Над рэчкай, з абодвух бакоў абмежаванай глыбокімі і шырокімі канавамі. Праз іх ворагу нельга было прабрацца. Што ўяўляў тады каралеўскі замак? Першы ўспамін пра яго адносіцца да 1519 года, калі Вялікі князь Сігізмунд аддаў «у заставу замак папу Альбрэхту Марцімавічу Гаштальду... за 1500 коп грошай».
Пушкарчук тады не ўтрымаўся, перапісаў у свой сшытак скупыя паведамленні гісторыка, каб самому ведаць і памятаць даты таго часу. Тады яны зацікавілі не вельмі, а вось цяпер гісторыя набывала нейкую рэальную значнасць.
Першы вядомы інвентар адносіцца да 1552 года. Аб тым часе гаворыць «Калодзеж» — такі летапіс. «У замку... 30 сажняў углыб, і месцэ зруйнавана... а рабіў яго нейкі Міхаіл Гашын, стараста і гараднічы Прыпяцкі... а як збудавалі — стаіць 70 гадоў».
Было вядома яшчэ, што замак быў з трох вежаў з гароднямі і некалькімі дамамі паміж імі, якія выконвалі ролю сцен.
«Вежа варотная старая... Па правы бок той вежы дзве Гародні старых, за імі — 4 новых зрублены ў тры сцяны... За імі — дом цёсаны, ні печаў, ні каміноў, ні лаў... За тым домам — вежа на вуглу замка, у чатыры сцяны, у сем гмахаў... Па другі бок той вежы — дом другі тым жа чынам зроблены, не скончаны... ад таго дома да трэцяе вежы гародзен новых дзесяць... Вежа на вуглу ад паркана. Адна гарадня новая і восем старых. У замку: царква святога Спаса на падрубе, святліца і камора для гараднічага. Яшчэ камора, два свірны і жытнік. Хата чорная і піўніц дзве...» Ведаў Пушкарчук, што была яшчэ царква святога Міколы.