Выбрать главу

— Не, Рыгоравіч, мне думаецца, што гэтая справа цікавая. У рэспубліцы такога няма, а ў нас будзе. І затрат амаль ніякіх не трэба — святло, рамонт, тэлефон ды нейкія дробязі.

Старшыня выканкома на момант задумаўся, пацёр падбароддзе — а што, можа, намеснік і мае рацыю? Няхай будзе добрая навінка ў горадзе. Каб тыя пісакі бачылі не толькі кепскае, а і...

— Ну добра, абмяркуем гэтае пытанне пазней. Падумаем, мо і сапраўды трэба прыслужацца да прапановы. Далей што?

— З будаўніцтвам школы не ўсё выходзіць. Падрадчык і субпадрадчык не могуць ніяк дамовіцца, хто будзе займацца добраўпарадкаваннем.

— З гэтым разбяромся. Усё?

Алег Пятровіч падаў паперку:

— Тут пра хабар.

— Пра які хабар? — нахмурыўся Фядос Рыгоравіч, адчуў, як нешта халоднае пашылася да левага бока — але тут жа ўзяў сябе ў рукі.

— Ананімка. Нехта піша, што генеральны дырэктар дрэваапрацоўчага аб'яднання за хабар дае кватэры. Быццам хапнуў ужо не адну тысячу.

«Во і ёсць зачэпка, — абрадаваўся Фядос, але выгляду не падаў, — цяпер патанцуеш, таварыш генеральны...»

— Абдзяліў, значыць, некага, — уздыхнуў Ганчарэнка, быццам паказваў незадаволенасць да ананімшчыкаў — здзекуюцца з добрых людзей, паглядзеў стомлена на Алега Пятровіча. — Але ж трэба даваць ход. Будзем думаць... Усё на гэтым? Дзякую.

Намеснік прычыніў за сабою дзверы, а гаспадар кабінета перавёў дыханне, пагладзіў далонню левы бок, адчуў, што ўзмакрэў. Ад хвалявання? Адкуль яно магло ўзяцца? Справа мінулая, сведкаў жа няма...

Стаяў на чарзе цырульнік Сямён Леплер. Перад гэтым развёўся з жонкаю. А сам удзельнік баёў за Ленінград. І ваяваў усяго месяцы тры, а вось запіс у кніжцы чырвонаармейца застаўся, і нікуды тут не падзенешся. Развёўся, значыць, развёўся — нічога не паробіш. Хату і ўсю маёмасць пакінуў жонцы і дачцэ, якія засталіся там жыць. А сам стаў на чаргу на атрыманне кватэры — на льготную, на ветэранскую, прадставіўшы паперы аб разводзе, даведкі, што жыў адзін на кватэры...

І прыйшла чарга атрымоўваць тую хату, усё рашала жыллёвая камісія. Не апошняе слова было і за ім, старшынёй выканкома. Ведаў пра тое і Леплер, ён усунуўся невядома як — мо не было ў прыёмнай сакратаркі. Выкарыстаў момант. Неяк бачком, бачком, на твары прабачальная ўсмешка. Росту невысокага, сагнуты — прафесія наклала адбітак, амаль упоравень стала. На галаве рэдзенькія валасы, бялесыя павекі і прыплюснутыя вочы...

— Я — цырульнік, Леплер я... Там, на чарзе, павінен атрымаць хату... Каб не было пытанняў, Фядос Рыгоравіч, дык я падумаў... Ад чыстага сэрца, бо такое наша жыццё. Вой як я намучыўся са сваёю былой жонкай. А цяпер чысты, зажыў спакойна, як чалавек...

Ён выняў хуценька аднекуль з папкі шэры канверт, цішком і хуценька, як быццам рабіў такое штодня, сунуў яго пад настольны каляндар. Борздзенька адскочыў ад стала на некалькі крокаў, каб і не быць побач.

— Што гэта азначае? — кіўнуў на каляндар Ганчарэнка, голас быў металічны, строгі, незадаволены.

— Цырульнік я, Леплер... Там чарга... Ад чыстага, маючы надзею... І ўсё па закону, як ветэрану...

Цырульнік гэтак жа нечакана знік, як і з'явіўся. Фядос нават нічога не зразумеў — мо сон які, але позірк не адрываў ад падстаўкі календара. Не губляючы часу, ён хуценька ўзяў канверт і ўкінуў яго ў ніжнюю шуфлядку.

Але ўзяў канверт не пальцамі, а праз паперку. Потым яе скамячыў і паклаў у кішэню, каб выкінуць на вуліцы, ён быў хлопец не дурны, ведаў, што такое хабар. Колькі ж ён, цікава, паклаў?

Карцела пералічыць, але нешта замінала. Хацелася даведацца, ці каштуе што яго рызыка.

Ён падумаў і схаваў канверт у патаемнае дно.

— Фядос Рыгоравіч, — у кабінет зайшла сакратарка, — праз дзесяць мінут пачынаецца бюро гаркома партыі...

Жыццё прайшло ў Пушкарчука — ворагу не пажадаеш.

Бацька, як казалі суседзі, быў багамазам. Іконы пісаў для людзей. Памёр нечакана, ціха, і пахавалі ціха — жыў чалавек, і не стала яго, як і не было.

Маці... Казалі, прыгожая была, вясёлая. Але ў галодныя гады было не да весялосці. Зачыняла яго аднаго дома і сыходзіла на некалькі дзён. А то і тыдняў. Ці то шукаць правіянт, ці па якой іншай патрэбе, а вярталася дадому праз тыдзень-два і здзіўлена паглядала на сына, што той жывы: столькі ж дзён галодным быць.

Карміліся тым, што прыносіла. Елі месяц, два і тры, а потым запасы канчаліся, і вось аднойчы яна зноў знікла на доўгі час. Прайшоў і трэці, і пяты тыдзень, а пра яе не было ніякага слыху.