Па вёсцы не хадзіў, кавалачка хлеба ні ў кога не прасіў. Невядома як і ліпеў. Ад галоднай смерці выратавалі суседзі. Дзядзька Гаўрыла прынёс да сябе ў хату — адкармілі, адагрэлі.
А як адчуў моц у нагах, адправіўся ў белы свет, забыўшыся і на маці, і на вёску...
За спіной у яго — за сем дзесяткаў, а не скажаш, што такія гады ў чалавека. Бегае штораніцы, ды не проста бегае, а па некалькі разоў збягае па металічнай лесвіцы, што пакладзена на гары — спуск да Прыпяці. А ў ёй шэсцьсот пятнаццаць прыступак.
Не даў Бог яму дзяцей. Горка жартаваў Пушкарчук, кажучы, што іх адабраў у яго Гітлер і Сталін. Танкіст Пушкарчук быў падбіты пад Мінскам і, паранены, папаў у палон.
Фашысты кінулі яго ў канцэнтрацыйны лагер Майданак. Елі траву і лісце. Над вязнямі фашысты праводзілі доследы, даючы штодзённыя пякучыя ўколы. Адначасова беручы кроў для вермахта.
Калі ж вярнуўся на радзіму, сталінскія паслугачы адправілі яго ў Сібір...
Падняўся ён рана. Клопатаў набегла шмат. Яны непакоілі яго ўсю ноч, і ён вырашаў іх усю ноч, як каменні варочаў.
Толькі пад раніцу ахапіў яго моцны сон.
Прачнуўся бадзёры і вясёлы.
Збегаў на сваю «лесвіцу здароўя». Вярнуўся праз паўгадзіны, апаласнуўся халоднай вадой. Сеў за стол.
— На цэлы дзень сёння? — папыталася Ганна, яго жонка.
— Да вечара. Клопатаў шмат.
— Тады і еш добра, — параіла яна, — сілы будуць.
Ён жаваў смажанае мяса, запіў гарачай гарбатай. А
клопаты не выходзілі з галавы. Зноў трэба ісці да старшыні гарвыканкома. Надумаліся будаваць новыя дамы на беразе Прыпяць А там старыя хаты стаяць, дарэвалюцыйныя. І адна з іх — купецкая, двухпавярховая, з разнымі аканіцамі і трыма балкончыкамі. То ж музейная хата! Якое дойлідства!
Будаўнічая служба выканкома дала ўказанне знесці ўсе хаты, а рэшту спаліць. Аж сэрца разбалелася, як дачуўся пра тое. Не верыў такой бязглуздасці. Не ўкладвалася ў галаве.
Папярэдне не званіў, не хацелася назаляць. Надзею меў на заканамерную выпадковасць, калі сустрэчу рыхтуе само жыццё. А калі што, дык і напралом можна ісці — не хату ж сабе вымольваць ідзеш, як тое было пятнаццаць гадоў назад.
— Толькі там ужо шашкай сваёй меней махай, — раіць яму жонка, гаворыць без злабы і насміхання, ведае, што ў яго характар прамы і адкрыты — лупануць можа і старшыні, і першаму гаркома партыі. — Спакойнасцю больш чаго даб'ешся.
— Трэба будзе, дык і памахаю, — міргануў Мікалай Мікітавіч, дакранаецца да рукі жонкі, глядзіць у вочы, не за сябе стараюся, не за сябе... Хаця, як ведаць, і за сябе таксама...
— Ну, ідзі ўжо, Аніка-воін, ваюй.
Старшыні Ганчарэнкі на месцы не было. У прыёмнай сказалі, што пайшоў у гарком партыі, што хутка павінен вярнуцца. Таццяна Паўлаўна ведала мастака добра, даўно пераступае парог прыёмнай.
Ён сеў на крэсла ля акна, задумаўся. Сакратарка занялася сваім клопатам — адказвала на тэлефонныя званкі, некага прасіла пазваніць, некаму напамінала пра адказы і пісьмы.
«Таксама работа, — думае пра жанчыну Пушкарчук, — і трэба мець нервы і здароўе кожны раз быць у адным і тым жа настроі, быць вясёлай і дзелавой, спачувальнай і памяркоўнай...»
У прыёмную зайшоў чалавек, накульгваючы на драўляны пратэз. Кавенькай паказаў на дзверы старшыні, спытаў:
— На месцы?
— Фядос Рыгоравіч вось-вось будзе, пачакайце, калі ласка. А вы запісваліся да яго на прыём? — пацікавілася жанчына.
— Я запісаўся да яго яшчэ на рэйхстагу, як з хлопцамі першыя ўварваліся, — чалавек гаварыў без нервовага пафасу, як бы між іншым, уздыхнуў, паразважаў, не ведаў, што рабіць далей.
Ён быў у пацёртым касцюме, паголены — мусіць, толькі што з цырульні. Ад яго патыхала адэкалонам. Інвалід крутануўся на драўлянай назе, задумаўся, пачухаў патыліцу.
— Тэкс, тэ-экс... — зрабіў ён крок да дзвярэй, няўцямна правёў позіркам па людзях, што сядзелі паўз сцяну, заўважыў Пушкарчука. — То і ты тут, Мікітавіч? Да яго? А я і не бачу, сляпы стаў.
Мікола Мікітавіч ветэрана ведаў добра. Не раз гаварылі, успаміналі вайну. Арэшка расказваў пра сябе, пра тое, як нагу страціў у баі... Акурат тады, як і распісваўся на тым рэйхстагу, як штурмам бралі тую вышыню. Нечакана разарваўся непадалёк ад іх нямецкі снарад... Як брытвай зрэзала нагу. А пяцёра хлопцаў, што ішлі ззаду, загінулі пазней, дзевятага мая, не ведаючы, што ў той дзень і была Перамога... За ўсю вайну Андрэя Арэшку не зачапіў ніводны асколачак, ніводная куля, нават і драпінкі не было на целе, а тут такая трагічная нечаканка...
— Жыццё як?
— Ды тэпаю, Андрэй. А ты ўсё з жыллём?
— І не кажы. Абрыдла, браце, усё. Не ўмею я стукацца ў гэтыя паліраваныя дзверы. На цябе паглядаюць, як на ворага народа.