- У нас тое самае, - тлумачыла жанчына. - Вось i ўчора ледзь управiлiся да дзесяцi гадзiн вечара. Перад святам шмат клiентаў.
- А як сёння ўвечары, - спытаўся гаспадар, - будзеце вольныя?
- Дзе там! Добра, калi скончым у восем гадзiн.
Кантэн ледзь не папытаўся ў гэтай жанчыны, кiм яна працуе. Вiдаць, у цырульнi. Гаспадар прынёс яму вялiкi тоўсты кубак белага колеру, у якiм дымiлася кава. Кантэн удыхнуў з асалодаю цёплы пах.
Дзверы зноў расчынiлiся. Увайшоў сабака, якi цягнуў за сабою на шлейцы чалавека. Чалавек загаварыў, звяртаючыся да ўсiх:
- Ну i далiкатны! Баiцца холаду, як старая дзеўка. Прабяжыць два кругi па плошчы i цягне да тваiх дзвярэй, Жэром!
Усе засмяялiся. Гаспадар кiнуў сабаку драбок цукру i сказаў:
- Каб у кожнага майго клiента быў такi цюцька, як твой, было б цудоўна. Яны б нiколi не хадзiлi ў iншыя месцы.
Клiент пачаў расказваць пра гэтага сабаку i пра ўсiх тых, якiя былi ў яго раней. У кожнага з прысутных была свая гiсторыя пра сабаку. Кантэн крыху паслухаў iх i падумаў пра сваю Белону, якая здохла год назад, а яе шчанё праз месяц трапiла пад кола. Без сабакi жанчынам, яно i праўда, было адзiнока ў гэтым пакiнутым iм доме. Але якi злачынца пойдзе туды ў гэткае надвор'е? Тым больш нiхто не ведае, што Кантэна няма дома.
Кава была гарачая i вельмi смачная. Кантэн пiў яе невялiкiмi глыткамi. Пасля ён выняў свой гадзiннiк i ключ, каб накруцiць яго. Было шэсць гадзiн з паловай. Iзабэла з малой у гэты час даiлi кароў. Калi яны скончаць даiць, жонка будзе чысцiць канюшню. Адна на кухнi, Дэнiза будзе рыхтаваць сняданак i запалiць на хвiлiнку свае яселькi.
I абедзве будуць думаць, што ён спiць у Марыi-Луiзы на канапе!
Яшчэ не было сем гадзiн, калi Кантэн выйшаў з маленькага кафэ. Ён не мог так рана пайсцi да Марыi-Луiзы, але i не мог больш заставацца на адным месцы. Было ўжо не так холадна. Ён адчуваў сябе бадзёрым. Яму хацелася дыхаць, нешта рабiць. I ён пайшоў па пустых вулiцах, па набярэжных, тым крокам, якiм звычайна хадзiў па дарогах у сваёй мясцовасцi. Ён з асалодай удыхаў свежае паветра, i яму здавалася, што ўсё мяняецца. Ноч выходзiла з яго, а ранiца прагонiць тое, што засталося ад кепскага сну.
Зрэшты, ён страцiў некалькi гадзiн. Ён убачыць Марыю-Луiзу, паглядзiць, якое жыццё яна змагла пабудаваць адна, далёка ад сваiх i без дапамогi. Яны нагаворацца, а вечарам яна паедзе разам з iм. Так трэба. Яна зразумее, што павiнна падарыць iм хоць бы свой калядны вечар.
СУР'ЁЗНАЯ ДЗЯЎЧЫНА
15
Бледнае святло ў канцы вузкай вулiцы абвяшчала надыход ранiцы. Гэтаму не маглi перашкодзiць нi туман, нi бляск лiхтароў, нi асветленыя вокны.
Кантэна прыцягвала гэтае святло. Ён пайшоў яму насустрач. Па меры таго як ён iшоў наперад, пакiдаючы за сабою лiхтары, яму здавалася, што паветра рабiлася лягчэйшым i ўсё быццам ачышчалася пад гэтым ледзь прыкметным святлом.
Кантэн дайшоў да канца вулiцы, перайшоў шырокую аўтастраду, якая праходзiла побач з будоўляй. Яна закрывала выхад на мост цераз Рэйн.
Туман яшчэ быў густы. Аднак паступова ён змяняў свой колер, быццам яго разганяў слабы ветрык. За туманам суцэльнай масай праступалi дамы. Iх колер быў невыразны, яны ўяўлялi сабой сумесь дня i ночы. Крыху далей нiзка вiсела малочна-жоўтае сонца, якое толькi пачало праганяць прыцемкi.
За спiной праязджалi машыны. Iх уключаныя фары, быццам нажамi, разразалi хвалепадобны туман. Машыны ехалi хутка, шаша ажно блiшчала, пакрытая слядамi ад iх колаў.
Сёння горад здаваўся яму не такiм агiдным, як учора ўвечары. Кантэн разглядаў яго амаль з асалодаю.
Больш за ўсё яго вабiла рака. Можа, таму, што, як ён казаў сабе, рака не з'яўляецца часткай горада. Яна тут прахожая, як i ён. Яна дзелiць горад Лiён на два падобныя да турэмных сценаў берагi, з якiх iмкнецца вырвацца на прастору. I тут Кантэну прыгадалася фраза з адной кнiгi: "...i рэкi, што цякуць да нябачных гарызонтаў святла".
Гэта быў толькi канец фразы, якi чамусьцi прыгадаўся Кантэну i выклiкаў у яго душы хваляванне.
Некалькi хвiлiн ён не думаў нi аб чым, а толькi паўтараў уголас гэтыя словы, ад якiх яму рабiлася прыемна. Кантэн заўсёды лiчыў гэтыя словы вельмi прыгожымi i таямнiчымi. Яны былi ўзятыя з кнiгi, якая вельмi моцна зблiзiла яго з настаўнiкам, бо, абмяркоўваючы яе, яны ўпершыню гутарылi пра смерць. Выявiлася, што настаўнiк таксама часта пра яе думаў i, як i Кантэн, рабiў гэта без асаблiвага страху i смутку, мабыць, з той простай прычыны, што смерць здавалася яму вельмi далёкай.
Паступова рака вызвалялася ад туману. Вада яшчэ не мела колеру, яна была быццам працягам туману, але дзе-нiдзе на паверхнi ўзнiкалi iскрынкi. I гэтага ўжо было дастаткова, каб адчуць прысутнасць ракi.
Кантэн падаўся ўздоўж берага да зусiм новага металiчнага моста, якi стралой перакiнуўся цераз раку i пранiзаў сабою сырадой туманнай ранiцы. Па мосце праходзiла аўтастрада, якая нырала ў чатырохвугольную арку, падобную на ўваход у склеп. Машыны збiвалiся тут у гуле, ад якога павявала смерцю, той смерцю, якую Кантэн лiчыў сама абсурднай i якая часта здаралася на дарогах у выхадныя днi. У гэтым месцы было вельмi цяжка перайсцi праезную частку, таму Кантэн пачакаў iншых мiнакоў, каб разам з iмi трапiць на другi бок.
Чым далей Кантэн адыходзiў ад ракi, тым больш у яго сэрцы нарастала трывога. Тут, у горадзе, зноў усё рабiлася самотным, цёмным, тут яшчэ гаспадарыла ноч. Кантэн не памятаў, якi быў гэты горад раней. Адно ведаў: рытм гарадскога жыцця - вар'яцкi. А можа, Кантэн ужо застары, каб зразумець сэнс усёй гэтай таўкатнi? Цi зможа чалавечая iстота, захопленая гэтым вiрам, заставацца самой сабою, гаспадаром сваiх рухаў, думак, слоў?
Марыя-Луiза сама выбрала свой шлях, яе нiхто не прымушаў. Iзабэла казала, што яе дачка будзе шчаслiвая ў горадзе. А што Iзабэла ведала пра гэты горад? Яна нiколi яго не бачыла.
Настаўнiк нямала расказваў яму пра "пачвару-горад". Ён добра ведаў яго i ўцёк адтуль. I вось цяпер Кантэн прысутнiчае пры абуджэннi гэтай пачвары, якая, вiдаць, поўнасцю нiколi не засынае. Яна бурчэла, пагражала, яе дыханне было напоўнена пахамi вугалю, бензiну i дрэннай кухнi.
Чым далей ад ракi, тым больш пахла гнiллю, паветра ператваралася ў дым. Але Кантэн iшоў i iшоў. Ён разумеў, што пранiкае ўсё глыбей усярэдзiну велiзарнай машыны, спынiць якую нiчога не зможа.