- Гэткае становiшча! Гэткая працавiтая дзяўчына! Сур'ёзная, i ўсё тут. Не такая, як iншыя... З характарам, не проста так! Столькi працаваць, каб потым цыраваць настаўнiкавы шкарпэткi! Вярнуцца ў сваю вёску? Ды як вы маглi падумаць такое?!
Што яна працавала добра, з гэтым згаджалiся ўсе. Нават яе суседка па лесвiчнай пляцоўцы, гэта курва, шлюха, сучка!
Божа лiтасцiвы! Што ён, Кантэн, такое зрабiў?!
Навошта яны хвалiлi яе? Для дзяўчыны, якая так нiзка ўпала, гэта ўжо занадта. Было б, здаецца, лягчэй, калi б яна адправiлася на другi канец свету, каб там даглядаць пракажоных!
Бач ты: яна ведала, як сябе паводзiць. Адмовiлася спаць з Раберцi. Падумаць толькi! А гэты Раберцi? Можа, якраз з яго ўсё i пачалося? Гэта подлая душа вiнаватая ва ўсiм! Можа, гэта i быў той малакасос? Не, Кантэн добра ведаў, што гаспадару было не менш за пяцьдзесят. Але ж усё роўна падонак! Цi ж Кантэн не мае права пайсцi i разлiчыцца з iм за ўсё? Набiць яму морду сярод яго смярдзючых флаконаў? I сказаць, што ён крыху спазнiўся, аднак ён бацька i можа заступiцца за сваю дачку.
Кантэн машынальна пакрочыў у бок салона, але раптам у яго галаве загучалi словы Iзабэлы:
- Калi табе давядзецца пайсцi туды, то ты павiнен знайсцi патрэбныя словы.
I ён ужо сабраўся вяртацца, каб растлумачыць Iзабэле, што здарылася з яе дачкой... Што яе дачка...
На гэтым слове ён быццам спатыкнуўся. Кожны раз, калi ён хацеў прамовiць яго, думаючы пры гэтым аб сваёй жонцы, аб сваiм доме, аб Дэнiзе, у яго раптоўна сцiскалася горла. Гэта слова там не падыходзiла, яно падыходзiла толькi тут.
Ён крочыў шпарка. Час ад часу на яго нападала iкаўка: страўнiк не хацеў прымаць халоднае i кiслае вiно, якое Кантэн нядаўна выпiў.
Калi ён выйшаў на вулiцу Сухога Дрэва, то зноў завагаўся. Яго рукi дрыжалi. Кантэн бачыў гэта, але нiяк не мог авалодаць сабою.
Ён борздзенька ўзбег на пяты паверх. У грудзях пякло, у горле сiпела. Цяпер ён усё добра ўсведамляў, i, нягледзячы на тое, што ў яго трэслiся рукi, ён адчуваў у iх нейкую моц.
Кантэн больш не вагаўся. Ён моцна пастукаў у дзверы i крыкнуў:
- Марыя-Луiза! Гэта я... Адчынi!
Цiшыня. Здаецца, прайшла цэлая вечнасць. Кантэн пастукаў мацней i крыкнуў яшчэ раз:
- Марыя-Луiза! Адчынi! Гэта твой...
У той момант, калi ён хацеў сказаць "бацька", яму прыгадалiся словы гаспадара кафэ: "Ну, бацька, з гэтым прыходзiцца мiрыцца".
Кантэн ледзь не закрычаў ад болю, так яму балела. Балела ўсюды, як быццам яго моцна збiлi.
Ён пастукаў яшчэ раз i крыкнуў. З суседнiх дзвярэй пачуўся мужчынскi голас:
- Яе няма дома! Ды i глухой гэта лялька нiколi не была. Што ён сабе думае?
Пачуўся смех жанчыны. Смех чысты i вельмi высокi. Кантэн пачаў спускацца ўнiз. Насустрач яму траплялiся людзi. Ён падыходзiў да пакоя кансьержкi. Шкляныя дзверы адчынiлiся з тонкiм бразгатаннем, якое нагадвала смех той жанчыны.
- Вы ўсё шукаеце мадэмуазель Кантэн? - спыталася кансьержка.
Ён кiўнуў галавою ў адказ.
- Вы крышачку спазнiлiся. Я павiнна сказаць, што яна прыходзiла, але доўга не пабыла. Узяла два чамаданы i пайшла. Сказала, што астатняе забярэ потым цi прышле каго. Кватэра застаецца за ёю да канца студзеня.
Кантэн зразумеў, што ён спазнiўся. Але ў яго хапiла сiлы, каб спытацца:
- Дык што, яна паехала ў Парыж?
- Вядома, у Парыж...
Жанчына вагалася. Яе твар нiчога не выказваў, аднак можна было здагадацца, што яна нешта думае. Нарэшце яна сказала:
- Калi я добра зразумела, яна, як кажуць на тэлебачаннi, выцягнула шчаслiвы бiлет.
- Яна пакiнула вам адрас?
Кантэн гаварыў упэўнена, але аўтаматычна. Кансьержка паглядзела на яго пакунак i адказала:
- Я павiнна забiраць яе пошту.
- Дык ёсць у вас яе адрас цi не?
Жанчына незадаволена выцягнула ўперад вусны. Кантэн глядзеў ёй проста ў вочы i заўважыў, што яна крыху баiцца яго позiрку. Нарэшце яна зрабiла няпэўны жэст i прабурчала:
- Ай, ды што там! Яна ж не забараняла мне даваць камусьцi гэты адрас...
Яна зайшла ў пакой i адразу вярнулася да Кантэна з кавалачкам блакiтнай паперы, якраз на такой Марыя-Луiза пiсала iм лiсты. Яна паглядзела на гэты шматок паперы i, смеючыся, сказала:
- Я яго нават не чытала сама. Калi вы жадаеце паслаць ёй ваш пакунак, гэтага адраса, можа, i дастаткова. Але каб убачыць... Яна напiсала тут: Да запатрабавання. Паштовае аддзяленне, 57, вулiца Дзiжон.
Кантэн машынальна паўтарыў:
- Вулiца Дзiжон...
I змоўк. Жанчына пачакала хвiлiну, пасля сказала:
- Вам няма чаго крыўдзiцца. Ва ўсякiм разе, вы атрымалi ад мяне даведку.
Кантэн расшпiлiў футра, дастаў партаманет, адлiчыў сто франкаў. Жанчына падзякавала яму, збiралася ўжо пайсцi, але павярнулася i паведамiла:
- Я вось што думаю. Раз яна пайшла адсюль нядаўна, вы можаце зазiрнуць у "Там-Там". Гэта начны клуб, якi знаходзiцца на рагу Тэатральнай вулiцы. Яна павiнна зайсцi туды, каб развiтацца з сяброўкамi. Можа, вам пашанцуе. Гэта ж яе ўчастак, квартал "Там-Тама".
Выходзячы з будынка, Кантэн адчуў, што сiлы зусiм пакiнулi яго. Да гэтага часу яго падтрымлiвалi то гнеў, то надзея. Цяпер у яго не было нiчога. Ён адчуваў, што можа вось-вось павалiцца на ходнiкi. Бялiзна яго змакрэла ад поту, i Кантэну зрабiлася вельмi холадна на вулiцы. Ён увесь дрыжаў, яму карцела легчы проста тут, на дол, пад сцяну, як тыя бадзягi, якiх ён бачыў пры ўваходзе на вакзал.
Калi ён ляжа так, яго падбяруць, адвязуць у турму цi ў бальнiцу, дзе ён зможа нарэшце выспацца.
Ад слабасцi задрыжалi ногi, i Кантэн вырашыў зайсцi ў кафэ. Паветра ў памяшканнi было цёплае, густое, пахла смажанай ежай. У глыбiнi залы Кантэн прыкмецiў пустую лаўку. Яна вабiла да сябе, бо стаяла ў ценi i была адгароджаная ад астатняй часткi залы невялiкiм зэдлiкам, на якiм стаяў вазон з шырокiм лiсцем. Там можна было добра прымасцiцца, паклаўшы локцi на мармуровы стол, i нейкi час падрамаць за шклянкай. I нiхто не будзе табе перашкаджаць. Кантэн доўга змагаўся з жаданнем пайсцi i прысесцi там. Стоячы ля прылаўка, ён абапёрся на яго ўсiм целам i залпам выпiў чарку гарэлкi, якая не мела нi смаку, нi паху, бо была зроблена не з чыстага вiнаграду i нiколi не захоўвалася ў бочцы. Але гэта мала яго хвалявала. Чарка была маленькая, i Кантэн папрасiў яшчэ адну.