Побач мужчыны вялi размову пра скачкi. Яны казалi, што скачкi адмененыя з-за снегу, i гэта iх прыводзiць у адчай. Яны лiчылi гэту справу такой сур'ёзнай, быццам ад яе залежала iх iснаванне, i Кантэну карцела крыкнуць: мне б вашы турботы!
Выпiтая гарэлка i дурнота гэтых мужчын абудзiлi ў Кантэне злосць. Яна надала яму сiлы, i ён выйшаў на вулiцу.
Цяпер холад здаваўся яму не такiм моцным, як раней, i Кантэн адчуў, што пратрымаецца яшчэ некалькi гадзiн.
Ён павiнен зрабiць усё, каб знайсцi Марыю-Луiзу i забраць яе з сабою. Забраць так, каб яна нават не змагла западозрыць, што ён пра яе даведаўся тут. I ён не будзе дома прыспешваць яе, будзе чакаць, пакуль яна сама не паспрабуе сябе выратаваць.
Кантэн намагаўся ўспомнiць, што адбывалася ў яго на вачах з таго моманту, як ён прыехаў сюды. Намагаўся ўзгадаць, што яму казалi. Ён iмкнуўся зразумець, як гэта ўсё магло здарыцца з яго дачкой, якая ж яна ўсё-такi на самай справе i што змагло яе так хутка адарваць ад сваiх, ад усяго таго, што рабiла iх жыццё простым i прыгожым.
Калi ён збiраў усё гэта ў адно, каб атрымаць поўнае ўяўленне пра Марыю-Луiзу, у яго было такое пачуццё, што гэты вобраз зусiм не падобны на Марыю-Луiзу.
Кожны раз ён прыходзiў да высновы, што яна не магла перамянiцца поўнасцю. Канечне, яна змянiлася пад уплывам дрэннага асяроддзя, у якое трапiла з вёскi, але досыць яму спаткацца з ёю, як яна стане ранейшай.
Кантэн успомнiў, як яны разумелi адно аднаго, як пераглядалiся, калi мацi пачынала сварыцца. Гэта маўклiвая згода надавала iм абаiм сiлы, дазваляла адчуваць сябе шчаслiвымi.
Калi ён убачыць Марыю-Луiзу, яму не трэба крычаць. Трэба знайсцi сiлы ўсмiхнуцца, прыняць змоўнiцкi выгляд. Раней гэта прыносiла iм столькi таямнiчай радасцi! А калi ён закрычыць, яна адразу выпрастаецца, як гэта было ў дзяцiнстве, пачне агрызацца, яе позiрк зробiцца непранiклiвым.
Нiхто i нiколi не мог нiчога дабiцца ад яе крыкам. Ад грубасцi яна рабiлася нерухомай, быццам камянела. Кантэн ведаў, што гэта найгорш.
Тут Кантэн успомнiў раптам жончыны словы:
- Калi яны не захочуць адпусцiць яе, ты скажы iм, што я захварэла i вельмi хачу яе ўбачыць.
Цi ж мог ён прадбачыць, што няпраўду давядзецца казаць не гаспадарам, а дачцэ? Ён ведаў, што Марыя-Луiза будзе падрабязна распытваць яго пра матчыну хваробу. Ён шукаў патрэбных слоў, але нiчога не мог прыдумаць.
А што, калi Марыя-Луiза скажа "не"? Калi яна скажа, што гэта немагчыма, што яна не зможа паехаць з iм, каб нават наведаць сваю хворую мацi?
Такая акалiчнасць палохала яго, але ён адчуваў, што можа быць i такое. Тут ён крыху падумаў i раптам успомнiў пра Дэнiзу. Вось пра каго павiнен ён сказаць!
I Кантэн павольна вымавiў уголас словы, якiя ён скажа ёй:
- Дэнiза моцна захварэла... Трэба, каб ты паехала са мною... Яна вельмi хоча бачыць цябе...
Ён сказаў гэта, i яму адразу ўспомнiлася iх дзяцiнства. Кантэн бачыў вочы дзяўчатак, у якiх ён мог заўсёды прачытаць радасць i нягоды. Ён чуў iх вясёлы бесперапынны смех. Ён памятаў слёзы Марыi-Луiзы, калi Iзабэла павезла Дэнiзу ў бальнiцу. Той ранiцай ён супакойваў яе цэлую гадзiну.
Толькi цяпер Кантэн зразумеў, што апошнi раз, мiнулым летам, Марыя-Луiза прыязджала, каб наведаць не столькi бацьку з маткай, як сястрычку, яе Дэнiзу.
Каб жа яму ўдалося пагаварыць з ёю! Ён бы пераканаў яе, што трэба ехаць дамоў, бо Дэнiза захварэла. Ён расказаў бы пра яселькi, якiя яны рабiлi перад Калядамi ў дзяцiнстве... Толькi каб хапiла мужнасцi зманiць...
Зманiць. Адно гэта слова нагадала яго колiшнюю размову з жонкай. Яна казала:
- Ты напiшаш яе гаспадарам... Ты скажаш iм аб сваiх прынцыпах... Скажаш, што ты сумленны чалавек i нiколi нiкому не хлусiў!
Яна мела рацыю: сапраўды, ён мог пахвалiцца, што нiколi нiкому не схлусiў. I цяпер ён адчуваў сябе няёмка ад таго, што яму давядзецца iлгаць дачцэ.
Яны разам паедуць адсюль. Яны будуць iсцi заснежанай дарогай. Потым яны трапяць у дамашняе цяпло. Iх сустрэне шчаслiвая Дэнiза. Ад радасцi яна будзе яшчэ прыгажэйшай.
Кантэн запаволiў крок. Ён лёгка ўяўляў сабе ўсё гэта, вось толькi не мог уявiць рэакцыi Марыi-Луiзы на тое, што бацька ёй схлусiў. Яна ж таксама нiколi не чула, каб ён казаў няпраўду.
Апынуўшыся ля тэатра, Кантэн лёгка знайшоў "Там-Там", але надпiс на дзвярах установы папярэджваў, што яна адчыняецца ажно ў 15 гадзiн.
У 15 гадзiн Марыя-Луiза будзе далёка адсюль. Кантэн быў на вакзале, але нават не пацiкавiўся раскладам цягнiкоў на Парыж. Пэўна, у яго было больш шанцаў убачыць дачку на вакзале, але ж ён там не застаўся. Ён таксама не змог дачакацца яе на кватэры, а цяпер вось трацiў апошнi шанц спаткаць яе. Можа, трэба хутчэй iсцi на вакзал i шукаць яе там? Не стаяць жа тут цэлыя дзве гадзiны, ля гэтых маленькiх вiтрынаў, у глыбiнi якiх на чырвонай тканiне прышпiлены фотакарткi напалову раздзетых жанчын? Ён разглядаў iх нейкую хвiлiну, баючыся сустрэць сярод iх сваю дачку, але хутка зразумеў, што ўсе яны - артысткi кабарэ. Яны спяваюць i адначасова распранаюцца.
- Прафесiя называецца!
Сярод дзяўчат, якiя займалiся гэтай прафесiяй, вiдаць, таксама былi смелыя, працавiтыя i сумленныя. Калi б два днi назад яму сказалi, што ў яго дачкi будзе такая прафесiя, ён засмяяўся б. Цяпер жа яму здавалася, што гэта прафесiя не горшая за iншыя...
Кантэн перайшоў на другi бок вулiцы. Не, ён тут не застанецца. Але i на вакзал не пойдзе. Досыць. Добра набегаўся, прапусцiў гэтулькi шанцаў, бо шукаў без пэўнага плана.
Насупраць дзвярэй "Там-Тама" было кафэ. Кантэн зайшоў. Ён сеў ля акна за невялiкi квадратны столiк, з пластмасы чорнага колеру. У яго гладкай паверхнi адлюстроўваўся кавалачак шэрага неба. Кантэн замовiў кавы. Яму прынеслi невялiчкi кубак i загорнуты ў паперу драбочак цукру. Кантэн агледзеўся. Бармен сварыўся з высокай доўгавалосай бландзiнкай, на якой была зялёная шарсцяная майка, якая шчыльна аблягала яе грудзi i клубы. Яе цёмнаскурая сяброўка, з пляскатым носам, узад-уперад хадзiла ля прылаўка i глядзелася ў люстэрка, якое стаяла ў глыбiнi залы. Кантэн пачуў, як яна сказала бармену:
- А мне ўжо стукнула пятнаццаць...
Кантэн прыгледзеўся да яе. Гэтаму дзяўчацi з жаночым целам было пятнаццаць гадоў. Яна палiла. Яна бавiла свой час у бары.