Выбрать главу

Яны крочылi моўчкi. Вулiцы былi пустыя. З некаторых дамоў праз расчыненыя аканiцы яркае святло падала на гурбы снегу. Дарога блiшчала. На ёй былi бачны сляды ад канькоў i ад жалезных колаў. Гэтыя сляды нагадвалi доўгiх хрумсткiх вужакаў, якiх там-сям прыхапiў моцны мароз.

Вецер прынёс некалькi тонкiх iльдзiнак, якiя заблiшчалi пад лiхтарамi, быццам зорачкi.

З iмi параўняўся чалавек i гукнуў:

- З Новым годам вас абодвух!.. I добрай ночы!

- З Новым годам! - азваўся Кантэн.

Ён пазнаў у сустрэчным Дэнi Малега.

Не спыняючыся, той дадаў:

- Зноў пойдзе снег. А калi вецер са снегам, чакай адлiгi!

Калi яны апынулiся недалёка ад будынка школы, настаўнiк сцiпла заўважыў:

- Месьё Кантэн, вы нешта хаваеце ад мяне... Здаецца, гэта датычыцца мяне... Мадэмуазель Марыя-Луiза... напэўна, казала вам нешта, перадавала нешта мне, але вы не адважваецеся сказаць...

Яго голас дрыжаў. Ён выняў з кiшэнi сваю вялiкую хударлявую руку i збiраўся ўхапiцца ёю за плячо Кантэна, каб зноў спынiць яго.

Яны стаялi твар у твар. Доўгае цела настаўнiка, вакол якога ад моцнага ветру матлялася палiто, сагнулася папалам. Галава нахiлiлася да Кантэна. Яны знаходзiлiся якраз пад лiхтаром, якi вiсеў пасярод вулiцы. Чорныя кучаравыя валасы настаўнiка блiшчалi ад святла. Лiхтар матляўся, i з-за ценяў, якiя хадзiлi туды-сюды, яшчэ больш акрэслiлiся рысы яго твару. Рука, сцятая на Кантэнавым плячы, дрыжала.

- Вы бачылi яе, бачылi? - пытаўся ён.

Кантэн не мог адказаць яму. Ён толькi схiлiў галаву. Юнак прадаўжаў:

- Я так i ведаў! Тады вы павiнны мне ўсё расказаць! Усё!.. Яна гаварыла з вамi пра мяне, праўда?.. Яна... яна не жадае...

Кантэн перажываў яго боль, як свой.

- Ведаеце, - ледзь вымавiў ён, - яна вымушана ехаць... ехаць раней, чым яна думала... Ад гэтага залежыць яе далейшае становiшча...

- Куды яна едзе, у Парыж?

- Але, у Парыж.

Кожнае слова каштавала Кантэну велiзарных намаганняў.

- I яна не прыедзе сюды перад ад'ездам?

Кантэн крутнуў адмоўна галавою.

- Дык усё скончана? Яна больш не вернецца?

Яго голас дрыжаў, збiваўся на высокiя ноты, i старому было цяжка яго слухаць. Ён учапiўся за Кантэна i, здавалася, галасiў, чым вельмi нагадваў п'янага чалавека.

Дзесьцi побач грукнулi веснiчкi, i Кантэн пачуў крокi. Не ведаючы, як супакоiць хлопца, ён хуценька сказаў:

- Правядзiце мяне да пiльнi... Пойдзем, хутчэй!

Яны iшлi даволi шпарка, наколькi дазваляла слiзкая дарога. Чым далей яны адыходзiлiся ад вёскi, тым яна была менш утрамбаванай, таму крочыць лягчэй не стала, але рызыка павалiцца зменшылася. Як толькi за спiною апынуўся апошнi дом, настаўнiк сказаў прыцiшаным голасам:

- Ну дык вось! Раз яна не едзе, я сам адпраўлюся ў Лiён. Заўтра ранiцай. Мне трэба было зрабiць гэта раней. Дарма я вас слухаў.

Кантэн зрабiў некалькi крокаў, глыбока ўздыхнуў i адказаў:

- Яна паехала ўжо.

- Не мае значэння! Я i ў Парыж паеду. Дайце мне яе адрас!

Кантэну зноў зрабiлася кепска. Ён, не думаючы, адказаў:

- У мяне няма яе адраса...

I тут настаўнiк, здаецца, зусiм страцiў кантроль над сабою. Ён ухапiўся аберуч за Кантэна i закрычаў жалобна:

- Няпраўда! Вы манiце!.. Вы нешта хаваеце ад мяне!.. Вы смеяцеся з мяне!.. Вы не маеце права!..

Яны стаялi побач з лесапiльняй. Было вельмi цёмна, i Кантэн не мог разгледзець настаўнiкаў твар. Ён не ведаў, што яму адказаць. Ды настаўнiк, пэўна, i не паслухаў бы яго цяпер. Як не плачучы, той працягваў:

- Вы не жадаеце быць шчырым... Гэта не варта вас, не варта мяне, не варта нашага сяброўства. Вы не маеце права гэтак абыходзiцца са мною. Прашу вас, дайце мне яе адрас! Малю вас на каленях, месьё Кантэн!

Ён збiраўся павалiцца ў снег, але Кантэн знайшоў у сабе сiлы, каб утрымаць яго.

- Сцiхнiце, - сказаў ён. - Клянуся вам, што ў мяне яшчэ няма яе адраса.

Настаўнiк, здаецца, прыцiх. Не, ён плакаў. Пасля пачаў мармытаць, але ўжо без гневу:

- Прапаў я... Прапаў... Як вы не можаце мяне зразумець?.. Вiдаць, вы нiколi не кахалi...

Кантэн прамаўчаў. Гэтыя словы амаль не закранулi яго сэрца. Яму хацелася спытацца ў гэтага юнака, калi ён паспеў закахацца ў дзяўчыну, якую бачыў усяго разоў з дзесяць, як ён змог так прывязацца да яе, калi атрымаў ад яе толькi некалькi лiстоў?.. Але стары разумеў, што гэта не мае сэнсу. Яму цяжка было меркаваць аб гэтым. Яму i самому гэта вар'яцкае каханне не здавалася такiм ужо незвычайным.

Нейкi момант яны маўчалi. I калi настаўнiк зноў пачаў патрабаваць ад Кантэна, каб той паабяцаў даць яму адрас, стары ўзяў яго за плячо, крыху страсянуў i сказаў:

- Не трэба пiсаць ёй... Вам не трэба яе бачыць...

- Як гэта, не трэба?

- Не трэба... Я прашу вас...

- Яна вам казала пра мяне, праўда?

Яго голас зусiм ахрып. Кантэн не адказваў, i настаўнiк раззлаваўся:

- Чаго вы маўчыце? Божа мой, скажыце ж хоць што-небудзь! Яна выходзiць замуж? Так цi не? Я так i думаў! Яна едзе, каб выйсцi замуж. Яна знайшла такога жанiха, якi падабаецца яе мацi... I вы ведалi пра гэта... Але нiчога мне не сказалi... Вы пакiнулi мне надзею... Вам так было лепш!

Кантэн збiраўся адказаць, але настаўнiк раптам засмяяўся вар'яцкiм смехам i з жахам паглядзеў на Кантэна. Потым павольна адступiў ад яго i сказаў:

- Вы чакалi гэтага... Вы хацелi зрабiць мне навагоднi падарунак, так? Дык вялiкi вам дзякуй, месьё Кантэн! I вас таксама з Новым годам! Весялiцеся цяпер! З Новым годам, месьё Кантэн!

Ён не мог саўладаць з сабою. Кантэн хацеў дагнаць яго i супакоiць, але настаўнiк хутка пабег ад яго, размахваючы рукамi i паўтараючы адны i тыя словы, якiя адносiла ветрам:

- З Новым годам!.. З Новым годам, месьё Кантэн!

23

Сагнуўшыся ад ветру, настаўнiк крочыў наперад няўпэўненай хадой. Здалёк здавалася, што сунецца пустое палiто.

Настаўнiк увайшоў у вёску i спынiўся ля першага лiхтара. Можа, ён зараз перадумае? А можа, звалiцца ў снег i будзе ляжаць, як згубленая кiмсьцi лялька? I знiкне, прыбiты ветрам да зямлi? А можа, знiкне ў начной вулцы?

Нейкi час хлопец стаяў у нерашучасцi, хiстаючыся то ўправа, то ўлева, не перастаючы размахваць рукамi. Здавалася, да яго ног нехта прывязаў цяжкiя грузы, i таму кожны крок даваўся яму з найвялiкшым намаганнем. Нечакана ён знiк за паваротам, дзе стаяў дом Малiво. Кантэн моўчкi праводзiў яго позiркам.