24
Дзверы расчынiлiся адразу, як толькi Кантэн пачаў абтрасаць ногi ля парога. Вакол яго разлiлося яркае, пасля цемры нязвыклае святло, павеяла цёплым хатнiм паветрам. Аслеплены, аглушаны ўсiм гэтым, Кантэн схiлiў галаву.
- Тата! Тата!
Кантэн доўга не падымаў галавы, быццам глядзеў, цi застаўся яшчэ снег на яго абутку. Дэнiза паўтарыла:
- Тата!
- Мая маленькая, - нарэшце прамармытаў ён.
- А дзе Марыя-Луiза, тата?
Кантэн заўважыў, як па падлозе рухаўся цень Iзабэлы. Потым з'явiлiся яе рудыя тапкi i худыя ногi ў чорных вязаных панчохах. Кантэн увайшоў, узняў на яе вочы i адразу адвёў позiрк. Павольна наблiзiўся да плiты.
Было вельмi цiха. Кантэн адчуваў на сваёй патылiцы позiркi дзвюх жанчын. Ён прыслухоўваўся да iх дыхання, да дыхання агню ў печцы, якое супадала з завываннямi ветру ў начы.
Нарэшце Кантэн дома. Ён столькi марыў аб гэтым. Марыў пра цяпло i спакой свайго дома, а цяпер зноў адчуў трывогу, якая не пакiдала яго ўвесь час, пакуль ён iшоў сюды.
Кантэн быў тут з Iзабэлай i Дэнiзай, аднак адчуваў сябе адзiнокiм. Няўжо ён так i застанецца адзiн? Да апошняй хвiлiны ён адганяў гэту думку, але цяпер адчуў, што яна iшла за iм на працягу ўсёй гэтай снежаньскай ночы i ўвайшла ў яго дом, быццам вялiкi верны сабака.
- Што здарылася?
Голас Iзабэлы прагучаў аднекуль здалёк. З глыбiнi гэтай хатняй цiшынi. Кантэн спакваля павёў плячыма, прыўзняў рукi, якiя адразу ж апусцiлiся. Ён не мог адарваць позiрку ад маленькага кружка агню, якi быццам жывы калацiўся ў сярэдзiне чыгуннай плiты.
Голас Iзабэлы павысiўся на тон:
- Чаму ты вярнуўся без яе? Чаму?
Цяпло, якое падымалася ад плiты, апякло Кантэнаў твар. Ён павольна вымавiў:
- Яна не можа прыехаць.
- Яны не захацелi адпусцiць яе... I ты нiчога не зрабiў!.. Зусiм нiчога!
- Не... Нiчога.
Цяпер Iзабэла стаяла ля плiты. Яна нахiлiлася, каб разгледзець, што напiсана на яго твары. Кантэн крутнуўся ўправа, падышоў да крэсла i грузна апусцiўся ў яго.
- Ну, расказвай, чаго замаўчаў!
Кантэн нахiлiўся, каб расшнураваць чаравiкi. Пальцы не гнулiся, а скураныя вузлы яшчэ не адышлi ад марозу. Тут голас Iзабэлы зноў разануў яму вуха:
- Дык ты будзеш гаварыць цi не? Я, напэўна, маю права, каб нешта ведаць!
- Не злуй. Я прашу цябе, не злуй.
Кантэн гаварыў цiха. Голас яго дрыжаў. Трошкi цiшэй, але на гэткай жа вострай ноце жонка зноў настойлiва запыталася:
- Што здарылася?.. Яна захварэла?
- Не, яна добра сябе адчувае.
- Дык што такое?
Кантэн урэшце разуўся, уссунуў на ногi свае мяккiя туфлi i павольна ўстаў з крэсла. Гатовая вось-вось заплакаць, Дэнiза спыталася:
- Яна не прыедзе?
- Не... Не цяпер.
Iзабэла падышла да яго i зноў угледзелася ў твар. Потым сказала:
- Ты дзiўна выглядаеш. Дык гавары нарэшце! Што ты хаваеш ад нас? Гавары!
Яна ўся напружылася, ахопленая хутчэй болем, чым гневам. У яе вачах застыў моцны жах.
- Ты праўду казала, - прамармытаў ён, - трэба было больш думаць пра яе, чым пра сябе...
Ён сказаў гэта не падумаўшы i цяпер адчуў, што прыйдзецца расказаць усё, хоць ён не быў падрыхтаваны да гэтага. Iзабэла нахмурыла бровы i закрычала:
- Калi я добра зразумела, нам няма чаго спадзявацца на яе прыезд!
Кантэн баяўся жончынага гневу. Ён не ведаў, як сябе паводзiць, каб не раззлаваць яе яшчэ больш. Ён злаваў на самога сябе, што не мог знайсцi патрэбных слоў, i сказаў неўпапад:
- Мы не маем права быць эгаiстамi.
Iзабэла ажно падскочыла ад гэтых яго слоў.
- Табе лёгка гаварыць! Ты бачыў яе! Бачыў, i цяпер табе напляваць на нас! Ты заўсёды думаў толькi пра сябе. Пра сябе аднаго... А мне давядзецца яшчэ чакаць i чакаць... I ў цябе хапiла сумлення сказаць пра эгаiзм!
Пачала румзаць Дэнiза. Гатовая вось-вось расплакацца, яна прамовiла тоненькiм голасам:
- Табе пашанцавала, татка. Ты ўбачыў яе.
Кантэн глядзеў на iх. А ўжо ж! У параўнаннi з iмi яму вельмi пашанцавала! Вельмi! Яны нават уявiць сабе не маглi, як яму пашанцавала. Чым больш ён глядзеў на iх, тым больш яму здавалася, што ён бачыць iх такiмi ўпершыню. Яны не змянiлiся, кухня не змянiлася, ноч не змянiлася, i нават яго дом уначы не змянiўся. Змянiўся ён, Кантэн, бо пачаў глядзець на ўсё iншымi вачыма.
- Няўжо яна не прыедзе абняць нас перад тым, як выправiцца ў Парыж? спыталася Iзабэла.
Не раздумваючы, Кантэн адказаў:
- Яна паехала сёння вечарам, за некалькi хвiлiн перад маiм ад'ездам.
- Добра, што ты паехаў раней i паспеў развiтацца з ёю.
- Але, праўда.
Жанчыны ўсё падрыхтавалi да сустрэчы Новага года. Стол быў накрыты на чатырох. У вялiкай салатнiцы горкай ляжалi пасечаныя каштаны, на бярэмi дроў стаяла патэльня з дзiркамi.
Кантэн падышоў да малой, якая горка плакала, стоячы ля запаленых ясельцаў. Ён абняў яе за шыю, i калi яна падняла на яго пачырванелыя вочы, Кантэн заўважыў у iх папрок. Ён стаў тлумачыць:
- Яна ж цябе вельмi любiць, твая Марыя-Луiза. Ты сама гэта добра ведаеш. Яна заўсёды думае пра цябе... I я сказаў ёй, што ты змайстравала яселькi... Ты ведаеш, яна вельмi з гэтага ўзрадавалася... Яна так хацела прыехаць... Але нельга было...
Ён вымушаны быў замаўчаць i адвярнуць галаву, бо на вочы нагарнулiся слёзы, а ён не жадаў, каб убачылi, што ён плача.
- Няўжо ж мы не людзi тут! - крыкнула Iзабэла. - Няўжо цяжка было даць ёй хоць адзiн дзень, каб яна магла развiтацца з намi? Што там за гаспадары такiя? Што гэта за прафесiя? А ты, пэўна ж, не знайшоў, што сказаць iм. Ты нават не паспрабаваў сказаць, што я хворая. Няўжо ж табе мову адняло б, каб ты хоць разок зманiў? Ты манiць не ўмееш... Не можаш... У цябе свае прынцыпы... Ты толькi можаш важдацца са сваёй зямлёю, са сваёй жывёлай, са сваiмi кнiжкамi!
Iзабэла гаварыла i гаварыла. Яна ўсё вярнула на Кантэна. Толькi ён адзiн быў ва ўсiм вiнаваты. Яна называла яго эгаiстычнай i ганарыстай пачварай, яна абражала яго, як толькi магла.
Кантэн слухаў моўчкi. Ды яму не было чаго i сказаць. Яму здавалася, што ад гэтага жончынага гневу iм абаiм стане лягчэй. Яна абзывала яго такiмi словамi, якiх ён не асмелiўся б нават прашаптаць. У той жа час ён ведаў наперад, што яна скажа. Бо так i павiнна было быць.
Паклаўшы локцi на каленi, Кантэн глядзеў на чырвоныя вугольчыкi на каласнiку, якiя нагадвалi яму вязняў за кратамi.