Рыгор (не слухае). Выставаў сваіх не было, майстэрні няма і невядома калі будзе, сябры — выпускнікі таго ж тэатральна-мастацкага! — даўно ўжо маюць і майстэрні, і выстаўляюцца, і па замежжах ездзяць… А тут — практычна нуль. П'яніца плюс.
Наташа. Ды перастань ты сам сябе шкадаваць! Ніколі не шкадуй сам сябе пры жанчынах.
Рыгор (не слухае). Як палюбоўнік — не падыходжу, бо табе хочацца хваліцца перад сяброўкамі, табе трэба купляць падарункі, вадзіць у рэстараны, вазіць на іншамарцы; самому трэба адзявацца, каб табе са мною не сорамна было выйсці на людзі… Як жаніх? У прынцыпе можна было б. Магла б ты выйсці за чалавека, старэйшага за сябе, за беднага мастака?.. Магла б. Але ж жанаты! Зачарованае кола…
Невялікая паўза.
А помніш, Наташка (Рыгор ажыўляецца), ты неяк казала: разбагацей, развядзіся, згалі бараду, стань якімсьці лаўрэатам, звазі мяне ў Парыж — тады паглядзім? Помніш? Значыць…
Наташа. Ды нічога гэта не значыць. Не выдумляй. Усё ты цудоўна разумееш, сам толькі што распісаў. Правільна: ты не падыходзіш мне ні па адным пункце. (Глядзіць на гадзіннік.)
Рыгор (сядае побач). Наташа, мілая! Што ты кажаш? Калі я не магу быць жаніхом ці палюбоўнікам, дык я для цябе пустое месца?!
Невялікая паўза.
(Сур'ёзна, умольна.) Наташа, не праганяй мяне… Я працаваць не магу, мальберт закінуў, мне трэба хоць раз на тыдзень бачыцца з табою… Я ж, як і ўсе мы, мастакі, «шызануты» трохі, містык, веру ў Космас, у светлыя і цёмныя сілы… Мне здаецца, я набіраюся ад цябе нечага светлага, флюідаў добрай энергіі… Я не жартую. Я кахаю цябе не неяк там фізіялагічна, не сексуальна, а…
Наташа (ажыўляецца). Ого! Цікава.
Рыгор. Я плёў тут пра жанчын, да жаніцьбы, гэта няпраўда, не было ў мяне нікога… І жонку люблю — не здраджваў ёй, і не здраджу ніколі…
Наташа. Рыгор, Божа мілы! Што мне да тваіх праблем?! Любі каго хочаш і здраджвай з кім хочаш!
Рыгор. Ты не зразумела… Проста… Калі б, скажам, у цябе сапраўды быў палюбоўнік, і я ведаў бы, што ты спіш з ім — нічога не змянілася б!
Наташа. Ясна. Я патрэбная табе як муза, як крыніца «светлай энергіі» для творчасці. (Жартаўліва.) Ну, натхніўся, набраўся флюідаў? Цяпер марш за работу, да мальберта! (Устае.) Напішаш карціну, павязеш у Парыж на выставу, і я буду ганарыцца, што натхніла цябе. Я згодна быць тваёй Джакондаю. Шчасліва!
Рыгор (устае, усё хоча затрымаць яе). Хочаш, пройдземся пехам? Правяду цябе. Да вас магу зайсці, тым больш Васільевіча даўно не бачыў…
Наташа. Я паеду аўтобусам.
Рыгор. Два прыпынкі! А раней хадзіла толькі пехам і дазваляла сябе праводзіць.
Наташа. Тое раней было. Усё надакучвае. І часамі страшэнна хочацца пераменаў.
Рыгор (углядаецца ў яе, нібы пачынаючы штосьці разумець). Што гэта цябе так дамоў цягне?
Наташа. Рыгор, блін, ці ты перапіў учора, ці сёння не пахмяліўся! Чаго чалавеку хочацца дамоў?! Стамілася, вось і хочацца.
Невялікая паўза.
Рыгор. А можа, нешта там, дома, цябе чакае? Ці нехта?
Наташа. Можа, чакае.
Рыгор. Дарэчы, кватарант ваш як, жыве?
Наташа. Жыве.
Рыгор. Дык ты што, да яго ляціш?
Наташа. Можа, і да яго.
Рыгор (ашаломлена). Як жа я адразу… Ну, вядома… Сюрпрыз! Ну, вядома, малады… Багаты. Ён жа багаты?
Наташа. Багаты.
Цяпер Наташа не стрымліваецца, ёй хочацца хваліцца.
А хутка, можа, яшчэ багацейшы стане!
Рыгор. Гэта як? Якім чынам? Ці не збіраешся ты яго ўзбагаціць? Сабою… і кватэраю? У сэнсе, выйсці за яго.
Наташа (з'едліва, злосна). Чакай, ты ж не раўнівы! Ты ж любіш сваю жонку! Табе ж усё адно, з кім я буду спаць! Табе ж толькі «светлай энергіі» ад мяне набрацца!..
Рыгор (прапускаючы міма вушэй). Дык што значыць «хутка стане яшчэ багацейшы»?
Наташа (урачыста). А тое, што ён атрымае спадчыну! Усяго толькі.
Рыгор. Ад каго?! Ён жа вясковы? Ад сваёй бабкі карову?
Наташа. Ад свайго шведскага дзядзькі амерыканскія даляры.
Рыгор (рагоча, потым замаўкае). Ты… сур'ёзна?
Наташа. У Швецыі ў яго дзядзька. Родны. У іх з жонкаю няма дзяцей. І дзядзька падзяліў спадчыну. Алесь… ну, Ган, атрымае трэцюю частку, а дзве другія — пляменніцы дзядзькавай жонкі.
Рыгор ашаломлена глядзіць на яе, тады зноў пачынае рагатаць.
Рыгор (праз смех). Ну, студэнт!.. Серыялаў наглядзеўся… (Робіцца сур'ёзны.) Наташка, ды ты што? Як ты можаш верыць? Ты ж разумная дзяўчына! У цябе ж бацька з маці — разумныя людзі! Апамятайцеся!
Наташа. Чаму такое можа быць толькі ў серыялах? Толькі недзе, а не ў нас, не з намі, не з нашымі знаёмымі?