Выбрать главу

— Захварэла, ці што?! — працяў паветра натужны голас і Матруна ачулася.

Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.

— А мы пагналі ўжо, ды бачу — Зьвяздохі няма. Пайшла вось напярэймы.

— Праспала,— з уздыхам прамовіла Матруна і Карпачыха, вомігам зразумеўшы, што да чаго, даверліва-суцішаным голасам засакатала: — Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кіна да Траяна ў сад лазілі, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлі... Глядзі, зьвядзе твайго мальца... Заўчора іду, гляджу, сядзіць тая падчарка на бярвеньні, лыткамі сьвеціць і піпіроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда...— выдала Карпачыха і тут жа кінулася, тупаючы вялізнымі кірзачамі, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.

— Ці з Казікам пасьвіш? — крыкнула Матруна наўздагон і сяброўка, ужо з ладнай адлегласьці, пракрычала:— Анягож... зь ім, западэнцам праклятым... Учора Мар'і ячмень малацілі, дык толькі раніцой і прытоўкся... з мокрымі штанамі. Ці то ў лужыне спаў, ці то абасцаўся... халера яго ведае.

Звон у вушах не даваў пакою і пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалі біць званы — маркотна, глуха, цьмяна — і страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за паркан, Матруна дапяла да весьніц, пастаяла крыху, зьбіраючы сілы, а адчуўшы, што сілаў не прыбывае, бязвольна апусьцілася на мяккую, перакапаную курамі зямлю. "Ад недасыпу",— падумала Матруна, падпаўзла да лаўкі і, паглядзеўшы — ці ня бачыць яе Канавальчык, прытуліла да лаўкі сьсівелую скронь.

Звон паволі аціх, душа і цела зрабіліся лёгкімі, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроіва гадоў і апусьціла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. "Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе,"— прагучаў над вухам таўпілавы голас і штосьці халоднае кранулася вуснаў. "Выпей, адразу палягчэе". Зубы стукнулі аб край конаўкі і разам з халоднай вадой грудзі напоўніліся гнятлівай тугою: ёй да млосьці, да сардэчнага болю закарцела кінуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпіла схапіў за руку, правёў шурпатай далоньню па валасах, здушана прамовіў: "Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у іхных аўчарак ад самасаду нюх зусім губляецца..." Голас таўпілавы гучаў прыдушана, усё адно як з-пад зямлі, потым зусім ачах і Матруна разьмежыла павекі. Малады цыбаты певень паважна хадзіў каля лаўкі, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купаліся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямі, а кот Базыль, які й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кіпцюрамі камель старой ліпы. "Авохці мне... я ж малако не працадзіла!"— падхапілася Матруна і хаця ляжаць давялося кароткую хвілю, званы больш ня білі ўвушшу і гарачыя голкі не калолі грудзіну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою — абліла пры гэтым каціную галаву — і, спыніўшы пагляд на высокім быльніку, які кусьціўся ля паркану, пакутліва ўздыхнула. — Толькі што скасіла — ізноў падняўся,— прашапталі вусны і слых ізноўку напоўніўся ценькім аднастайным звонам.

Была раная раніца, калі знадворку зарыпелі калёсы і пракурана закашляў стары Таўпіла. На ўскрайку вёскі, за могілкамі, немцы зрабілі лесасеку і сусед шторанку вазіў у Азярышча бярозавыя пацурбалкі. Праяжджаючы міма, ён кожнага разу кідаў некалькі цурбакоў у прыдарожную крапіву і ехаў далей. Цяпер жа Таўпіла спыніў каня і цяжка затупаў пад вокнамі.

— Вось, дзеўкі, немцы выдалі за працу,— прамовіў стары, убіўшыся ў хату і паклаўшы на стол акраец бохана. — Калі паварушыцеся, будзеце есьці хлеба ўдосыць.

Сусед сьцярожка ляпнуў па кішэні, пасьля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду і зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такіх расло ў навакольлі процьма і вяскоўцы лічылі іх паганкамі.

— Кухар нямецкі на чыгуначнай станцыі за кош маладых паганак паўбохана дае. Так што хапайце кашы і бяжыце ў поле, зьбіраць гэтыя самыя шампіньзе, ці як іх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!

...Яны ішлі па полі і сястра, якая ішла першай, нечакана войкнула і заскакала, схапіўшыся за пятку: пад яе нагамі, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгінаўся калючы дрот. Соня выціснула з пяткі кроплю чорнай крыві, перакрывілася ад болю і тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкі. Зьбіралі грыбы да самага вечара — Соня скакала па полі, прыпадаючы на правую нагу, — а як прысьпела пара ісьці да дому, села на купіну і са стогнам прамовіла: