Выбрать главу

— Не магу ступіць... пятка апухла.

Спачатку Соня скакала поруч, абапіраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьціскала рукамі яе шыю, здушана плакала і гарачыя Соньчыны сьлязіны казытліва падалі за каршэнь.

— Зараз, Соня, пацярпі... прыйдзем — напаю цябе чаем зь зёлкамі,— супакойвала яна сястру і вечаровая палымніца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.

Ноччу Соні стала дрэнна. Прабітая пятка пасінела, нага пачала пухнуць і да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такі ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкі лісьцік трыпутніку, потым альяс, напаіла сястру адварам зьверабою, але нічога не дапамагала: сястра марнела на вачах і дзед Таўпіла, якога яна паклікала ранішнім дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:

— Лекі патрэбныя... можа быць заражэньне крыві.

"Якія лекі? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалі партызанам,"— падумала яна ў тую хвіліну, а сусед, падхапіўшы з падлогі кошык з грыбамі, раструшчыў абвялымі пальцамі крохкую паганку і дадаў:

— На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь ім.

Таўпіла падаўся з хаты, яна выйшла сьледам, села, сьцепанаючыся ад ранішняга халадку, на ганак і заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзьнялося над небакраем, доўгі цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невідушча глядзела ў бок Дабранскай гары і страшныя думкі кроілі сьвядомасьць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Міцька Дзенісенка так і не дамогся Соні. А з Дабранскай гары тым часам увішным мурашом спаўзала цёмная фігурка — нехта ехаў на ровары.

Пазбылася одуму толькі тады, як пачула бразгат роварнага званку: ля весьніц стаяў малады немец і махаў рукою.

— Зоніа? — запытаўся нечаканы госьць і яна кіўнула ў адказ.

Немец неяк дзіўна павёў вачыма, перапытаў: — Ты ест Зоніа? — і толькі тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкім голасам паведаміла:

— Соня там... хворая.

Яна даўно ўжо запрыкмеціла гэтага немца — ён часьцяком праяжджаў на ровары міма іхнай хаты, кіруючыся з Азярышча на лесасеку — і заўсёды дзівілася — як гэта фрыц не баіцца ехаць цёмным лесам. Іншы раз яна сустракала немца, стоячы пасярод двара, той вітаў яе бразгатлівым званком, махаў рукою, аднак ніколі не спыняўся. І вось сёньня спыніўся і змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцяміла — адкуль немец ведае Соньчына імя.

Калі яна ўскочыла на ганак і расчыніла дзьверы, немец, які дагэтуль ішоў сьледам, нечакана спыніўся й пагрозьліва запытаў:

— Тыфус?

— Найн, найн... Сястра нагу прабіла, трэція суткі ляжыць,— і, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.

У цёмным прысенку яе апанавала дзіўнае насланьнё — на кароткую хвілю здалося, што немец крануўся яе клубаў і ад таго насланьня зашумела ўвушшу і сьцягнула скуру на цемі.

Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымі вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зірнуў на пасінелую нагу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца і пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. І нават калі за госьцем зачыніліся дзьверы і Соня кволым голасам запытала: "Хто гэта быў?" — не скранулася зь месца і нічога не адказала.

Больш у той дзень сястра не прамовіла ні слова. А калі ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам і малітоўна прашаптала:

— Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь, — сястра расплюшчыла вочы і зварухнула сасьмяглымі вуснамі: — Павукі, два страшных павукі... паўзуць да нашай хаты...

Соня трызьніла і халодны жах зірнуў з усіх цёмных кутоў і яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбілася пад коўдру і абхапіла рукамі гарачае Соньчына цела.

На золку ў шыбу пастукаў Таўпіла.

— Быў? — запытаўся сусед.

— Быў, — гукнула яна пераселым ад плачу голасам.

— Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзіўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якіх лекаў, — Таўпіла закашляўся і неўпрыкмет, нібыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакі сьлязіну.

...Толькі на паўгадзінкі і выбегла яна з хаты — бегала на вёску за жарынкай, каб запаліць у печы, а калі вярнулася, дык убачыла медніцу ля ложку , а на стале бохан хлеба ды купку зялёных таблетак. І міжволі пашкадавала, што немец завітаў у хату ў яе адсутнасьць.