— Чаго-небудзь гарачага, можа, і зьем.
Матруна наліла пляменьніку міску гарачай капусты, накроіла хлеба і, зірнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпіну, падумала: "Кастрамская парода".
Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькі раз і прыяжджаў на пагасьціны — гадоў дзесяць таму. Хадзіў па двары, зазіраў у кожную шчыліну, штосьці мармытаў сабе пад нос, а калі раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзіўнай мовай: "А яблоки у вас быва-ат? " І за абедзенным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы — калі яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось і Лёшка такі: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.
Пляменьнік між тым агораў адну міску, потым другую, умалоў яечню з патэльні, запіў усё конаўкай сырадою і падаўся на падворак.
— Жыцьцё як у таго Базыля,— аднымі вуснамі прашаптала Матруна, таксама выйшла з хаты і слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукішках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары і кожнай вясны Матруна карміла зь яе маладых гусей.
— І навошта яна табе? Насіць будзеш, ці што? — запыталася Матруна.
— Ну так, насуну і пайду па Лігаўцы, — з усьмешкаю прамовіў пляменьнік, і ўжо сур'ёзна дадаў: — На Ленфільме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.
Матруна таму не дала веры. "Відаць, жартуе, — падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабаціны, — ці ж можа гэта быць, каб за жалезіну давалі два чырвонцы?"
Пляменьнік ізноўку ўзяўся шараваць каску і шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.
— А што, немцы ў вас былі? — выдыхнуў Лёха, падхапіўшы ў далонь жменю вільготнай жарствы.
— Былі, каб на іх немач.
— І што, лютавалі?
— Ды ўсякае было, — Матруна цяжка ўздыхнула, — і немцы лютавалі, і партызаны. Ужо ж нацярпеліся мы з тваёй мамай страху — ня дай Бог... Але і немцы розныя былі, — голас Матрунін міжволі здрыгануўся, — адзін нават лекі прынёс, калі твая мама нагу прабіла.
— Што ж вы, з акупантамі зналіся? — запытаўся пляменьнік, не перапыняючы шараваньня.
— Ды хто зь імі знаўся...— выдыхнула Матруна, — прыйшоў чалавек ды прынёс лекі... Яго потым партызаны застрэлілі. Вунь там, на суседзкім агародзе.
Лёшка пакінуў шараваць і задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынілася сэрца.
— А дзе яго пахавалі?
Напачатку яна прамармытала штосьці няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:
— У калодзеж укінулі.
Словы зьляцелі з вуснаў, і душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзіне. Пляменьнік кінуў шараваць каску, ускочыў на ногі, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньні: дзе месьціўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, ці віселі на мундуры мэдалі? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьці бубніла ў адказ і толькі калі Лёшка пабег са двара і крыкнуў, убіўшыся ў быльнік: — Ці тут? — ачулася і моўчкі махнула рукой.
Увесь дзень Матруна хадзіла прыгаломшаная; у грудзях пасяліўся лёгкі халадок, сэрца парывіста білася, усё валілася з рук і адно пытаньне не давала пакою: ці варта было казаць Лёшку пра магілу? Увечары, падаіўшы Зьвяздоху, яна выправілася да Карпачыхі — хацелася пагаманіць з якой жывой душой, — ды мусіла вярнуцца: сьвятла ў карпачысінай хаце не было і на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкіх лужынах, на кроне старой ліпы, на высокім быльніку, што буяў уздоўж паркану, яна трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабіць і, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхі касу і шпарка, амаль подбегам, рушыла да паркану.
Кусьцісты быльнік лёг пад ногі, паветра напоўнілася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, і барвовая палымніца рухавымі бліскамі адбілася ўваччу. Абапёршыся на касільна, Матруна ўтрапёна зірнула пад ногі і ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьці цяжка і змучана ўздыхнуў. Яна міжволі азірнулася і ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпінаю, з крывой усьмешкай на твары раздзьмухваў прыгаслую цыгарку.
— Што гэта ты проці ночы касіць узялася?
Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьціснулі касільна і Матруне раптам да сьвербу ў пахвіне закарцела махнуць касой ды зьнесьці з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступіла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася і сьціжма халодных іголак кальнула патыліцу.
— Давай пастаім, пагамонім,— гукнуў Канавальчык, але Матруна, перавёўшы дых, ускінула касу на плячук і ціха прамовіла: — Позна ўжо.