Можа таму, што была глухаватая, яна ніколі не магла дачуцца суседавых крокаў. І кожны раз, калі сусед нячутна падыходзіў і дыхаў у сьпіну, Матруну апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвінела і, зайшоўшы ў хату, яна вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, і слухала, як гулка тахкала ў грудзіне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калі пад вокнамі заляскатаў матацыкл і Пецька Халімонаў штосьці крыкнуў пляменьніку на адвітаньне.
Ноччу Матруна кепска спала — сон толькі на золку змарыў вочы і быў ён замарачным, мулкім, неадчэпным. Прысьнілася, як яны зь сястрой цягалі мяхі зь пяском, сыпалі той пясок у калодзеж і дзесьці зусім непадалёку — так ёй здалося ў сьне — бязладна брахалі нямецкія аўчаркі. Можа таму, што мяхі ў сьне былі цяжкімі, на раніцу балелі рукі, ныла паясьніца і яна доўга не магла ўсесьціся на ўслончыку, каб падаіць Зьвяздоху.
Як ні дзіўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзіне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровіным вядры і падаўся ў вёску.
— Ты ж хоць малака папі, — гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнік нават не азірнуўся.
...У хаце мерна тахкалі ходзікі, ля ног, скруціўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвяліла павекі і Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзінку, ды тут на вулцы залапатаў трактар і сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрці прыгналі?"— падумала Матруна, зірнуўшы ў вакно. Па вуліцы, уздымаючы пыл і матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".
— Лётае як шалёны, паратунку няма, — выдыхнула Матруна, ізноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цікаваць левым — чуйным вухам — куды паехаў трактар.
"Беларус" між тым лапатнуў наастачу і загуў лагодна і суцішна, спыніўшыся дзесьці ля канавальчыкавай хаты. Пачуліся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе і трактар ізноў завуркатаў — натужна і перарывіста. Матруна скацілася з ложку, абарвала ў сьпешцы фіранку, што вісела на дзьвярах сьвятліцы і так, з фіранкай на плячы, і выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапіў каўшом груд зямлі, падняў угору і з каўша ценькім струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапіла паветра.
— А што ж... а што ж гэта робіцца? — выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, і сусед Канавальчык, які стаяў на дарозе і дыміў цыгаркай, патлумачыў: — А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.
— Яшчэ тры каўшы — і хопіць... Далей рыдлёўкай, — крыкнуў пляменьнік Пецьку Халімонаву і гэта былі апошнія словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвінела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамі і душу Матруніну спавіла зьнямоглая ціша.
Сакратарка Ія — элегантная саракагадовая кабета з выскубенымі брывамі і з моднай "хіміяй" на галаве — набрала нумар дарожнага ўчастку, прыціснула да вуха слухаўку.
Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залівістым дзявочым голасам: — Алё-о...
— Прыміце тэлефанаграму, — прамовіла сакратарка і, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопіць асадку, прадыктавала: — Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявіцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзіне.
— На закрытае? — перапыталіся на ўчастку, і змучаная такімі пытаньнямі сакратарка па складах паўтарыла: — За-кры-та-е.
Ія выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправіла кудзеркі на лбе і ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлізнуў старшыня спорткамітэту Мурленя.
Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабіў, уздоўж сьцяны, спыніўся пад партрэтам правадыра, запытальна кіўнуў у бок абабітых дэрматынавым матрацам дзьвярэй.
— Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасіў нікога не пускаць, — паведаміла Ія, не адрываючы вачэй ад люстэрка.
— А што... закрытае? — стоена запытаўся Мурленя.
У адказ сакратарка змучана ўздыхнула, замутніўшы люстэрка, і старшыня спорткамітэту, гэткім жа чынам — уздоўж сьцяны — падаўся ўпрочкі. Дзьверы прыёмнай ціхенька рыпнулі і абудзілі тэлефон нутраной сувязі. Тэлефанавала Шура Няўмывакіна з прамысловага аддзелу.
— Іечка... Бюро закрытае?
— Закрытае, — прастагнала сакратарка.
— А па якім пытаньні?
— Не дакладваў! — слухаўка высьлізнула з рукі, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.
Ія і сапраўды ня ведала — пра што будуць гаманіць на паседжаньні, таму і нэрвавалася. Інтрыгу надавала і тое, што з вобласьці мусіў прыехаць супрацоўнік абласной управы КГБ. Раніцай, калі шэф узяў яе руку і, па старой звычцы, правёў языком між пальцаў, яна запыталася — на якую халеру едзе чэкіст і шэф, паправіўшы гальштук, паўжартам адказаў: "Ія, сакрэты ёсьць ня толькі ў жанчын, але і ў партыйных работнікаў".