Выбрать главу

Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.

— Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.

— Ну, — незадаволена выдыхнуў райсабешчык.

— Дык, можа, вы б і маю хату паглядзелі? Жыць нема як... страха цячэ, — заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчыніўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: — Другім разам.

Калі машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца і накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплівую сьліну і са злосьцю прасіпеў:

— Нямецкіх падсьцілак дасьледуюць, а на нас х... паклалі.

І хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелі да вушэй і ачунялае было сэрца ізноў заныла і попельна-шэрая зямля паволі паплыла пад нагамі.

Ранейшым часам паседжаньні Бюро райкама заўсёды пачыналіся са спазьненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масіўны гадзіньнік, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як Эдуард Альфонсавіч — гаспадар кабінэту — падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пінжак і непракерхана прамовіў:

— Таварышы!

У дальнім канцы стала начальнік дарожна-будаўнічага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам і дрыжачымі рукамі разгарнуў блякнот.

— Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабіць ніякіх запісаў, — прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапіўшы са стала блякнот, выпусьціў яго з рук, той упаў на падлогу і няўклюда зашоргаў нагамі, падганяючы блякнот бліжэй да крэсла. – На мінулым тыдні Даўбешка завёз самаскід асфальту на лецішча генэрала Карзо, быў схоплены на гарачым і цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.

— Павінен адразу сказаць, што пытаньне, якое мы сёньня разглядаем, знаходзіцца на кантролі абласнога камітэта партыі, таму і стаўленьне да яго мусіць быць адпаведным.

Даўбешка зноў заварушыўся і Эдуард Альфонсавіч незадаволена зыркнуў у ягоны бок.

— У двух словах яго сутнасьць можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскі журналіст.

Такую вестку прысутныя стрэлі шоргатам ног і дружнай кашлянінай.

Гаспадар кабінэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў і працягваў:

— Што сабой уяўляе шпрынгераўскі друк і ў якім сьвятле падаецца там зьнешняя і нутраная палітыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. І таму наша задача сёньня — выявіць палітычную пільнасьць і паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволі складаная, бо заходні госьць мерыцца наведаць калгас "Шлях камунізму" — ня самы моцны ў раёне.

Прамоўца пашукаў вачыма Бамбізу — старшыню памянёнага калгасу, але ў гэты момант абудзіўся тэлефон спэцсувязі і Эдуард Альфонсавіч падхапіў слухаўку.

— Слухаю, Мірон Пятровіч! — гаспадар кабінэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кіўнуў галавой. — У нас зараз партбюро па гэтым пытаньні. Так, Мірон Пятровіч, я ўсіх папярэдзіў — поўная канфідэнцыйнасьць...

— З абкаму званілі,— патлумачыў гаспадар кабінэту, скончыўшы размову, папярэдне пастукаўшы косткамі пальцаў па стале, каб суняць усхваляваны шэпт і шоргат.

— А хто яго сюды запрашаў? — гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.

Сябры Бюро ізноў загаманілі і гаспадар кабінэта ўдругарадзь, цяпер ужо далоньню, грукнуў па стале, дамагаючыся цішыні.

— Таварышы, вытрымка — перш за ўсё. Пытаньні будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Івану Пятровічу Газіну — супрацоўніку абласнога ўпраўленьня Камітэта дзяржбясьпекі. Ён і распавядзе — што за гусь ляціць на нашы палеткі.

Іван Пятровіч Газін, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, паважна падняўся з-за стала, гэтак жа паважна перагарнуў старонкі таўшчэзнага нататніка.

— Пачну без прэамбул, — прамовіў Іван Пятровіч, мелькам зірнуў на прысутных і ў кабінэце запанавала мёртвая цішыня. — Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнік крайне правай, бульварнай газэткі "Більд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цікавіць пытаньне: навошта ён едзе і чаму менавіта ў вёску Бычкі? Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэты візытэр, нібыта, хоча наведаць мясьціны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялі адпаведныя дакумэнты і высьветлілі, што яфрэйтар Бомбах і сапраўды знаходзіўся ў складзе 286-га ахоўнага палка і ў жніўні 43-га, падчас начнога бою, быў зьнішчаны партызанскай групай атрада імя Панамарэнкі. Па сьведчаньні Зьміцера Нікандравіча Дзенісенкі — былога камандзіра атрада, ён асабіста застрэліў фашыста на ўскрайку вёскі Бычкі. Пра тое ж сьведчаць і паказаньні здрадніка Радзімы Рыгора Таўпілы, які бачыў труп забітага фашыста.